Беларуская некамэрцыйная арганізацыя «МоцАрт» (арганізацыяй кіруе заснавальнік Prastora. by Алесь Калоша) і брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў пры менскім Сьвята-Петрапаўлаўскім саборы рыхтуюць да выданьня беларускамоўнае Эвангельле ў выглядзе аўдыёкнігі. Голасам кнігі стаў вядомы тэлевядоўца Юры Жыгамонт.
Як кажа Свабодзе адказны за праект, супрацоўнік выдавецкага аддзелу Брацтва Кастусь Антановіч, праект гатовы да выданьня на 99% — 10 гадзінаў тэксту паўторна праслухоўваюцца ў пошуку хібаў.
«Цяпер шукаем фундатараў, якія маглі б ахвяраваць сродкі на тое, каб дыск распаўсюджваць бясплатна ў сацыяльных мэтах — сярод людзей са слабым зрокам ці тых, хто ня мае зроку, і іншых такіх катэгорыяў, — кажа Антановіч. — І гэта ня толькі царкоўная аўдыторыя, гэта самыя шырокія колы слухачоў.
Ідэя такая, каб спачатку зрабіць сэрыю прэзэнтацыяў. Плянуем у Горадні 3 верасьня прэзэнтаваць аўдыёкнігу ў межах Дзён беларускага пісьменства, потым будзе ў Менску, магчыма, у адной зь бібліятэк. Пасьля сэрыі прэзэнтацыяў і бясплатнага распаўсюду мяркуецца зрабіць на сайце „МоцАрту“ магчымасьць спампаваць гэты дыск. Але гэта сацыяльны праект — магчыма, будзе прапанова ахвяраваньня, пераводу нейкай сумы, каб ажыцьцяўляліся іншыя праекты».
За аснову для аўдыёкнігі ўзяты апошні пераклад Эвангельля Беларускай праваслаўнай царквы. Але Антановіч падкрэсьлівае: аўдыёкніга начытаная прафэсійным акторам, мае міжканфэсійны, «пазацаркоўны» характар, а манера выкананьня такая, што аўдыёкнігу можна будзе слухаць і, напрыклад, за рулём.
Хоць кнігу чытае Жыгамонт, які трывала асацыюецца зь перадачай «Падарожжы дылетанта» (цяпер выходзіць на партале Tut.by), гэта ня будзе аповед ад галоўнага пэрсанажа ягонай перадачы:
«Безумоўна, ён выкарыстоўваў свой голас, але ён стараўся не адлюстроўваць голасам свае думкі, сваё разуменьне эвангельскіх сюжэтаў, — кажа Антановіч. — Але ён усё ж такі актор, таму ён дэклямаваў вельмі цікава, арыгінальна, і гэта непараўнальна з манатоннай манерай сьвятароў».