Сьвятлана Пратасеня ўбачыла сына, які дзявяты дзень ляжыць у коме ў жодзінскім шпіталі. Гэта было першае спатканьне маці з сынам пасьля ягонай спробы суіцыду ў турме Жодзіна. Сьвятлана Пратасеня распавяла пра стан здароўя яе сына Ягора Пратасені.
«Ён па-ранейшаму ў коме. Як я зьехала ад яго, дык павезьлі на апэрацыю, будуць устаўляць трубку ў трахею, каб мог дыхаць самастойна. Але шанцаў, сказалі, вельмі мала. Выглядае вельмі дрэнна. Проста жах. І яшчэ мяне ўразіла, што ў яго рукі ў драпінах. Спытала ў ягоных ахоўнікаў, чаму рукі такія, дык сказалі, што яго прывязвалі, калі катэтэр устаўлялі. І навошта чалавека ў коме прывязваць, калі ён і без таго не варушыцца? А лекар мне сказаў, што яго прывезьлі ў шпіталь у кайданках. Уяўляеце: чалавек у коме, а яго вязуць у кайданках! Лекар сказаў, што драпіны ад кайданкоў, але ў яго і пальцы ў драпінах. Я ўсё паглядзела. Каля гадзіны там была», — распавяла Сьвятлана Пратасеня.
Паводле Сьвятланы Пратасені, на твары і галаве яе сына падазроных сьлядоў няма. Яшчэ жанчына згадала, што ў сына апухлыя рукі.
Жыхар Салігорску Ягор Пратасеня 4 або 5 студзеня спрабаваў павесіцца ў адзіночнай камэры жодзінскай турмы, куды трапіў пасьля арышту ў красавіку мінулага году. У канцы сьнежня Салігорскі раённы суд прызнаў Ягора вінаватым у распаўсюдзе наркотыкаў і асудзіў на 14 гадоў зьняволеньня. У лістах дамоў і на спатканьні з маці пасьля суду Ягор Пратасеня распавядаў пра зьдзекі і катаваньні з боку супрацоўнікаў управы міліцыі па наркакантролі і папярэджваў, што скончыць жыцьцё самагубствам — на знак пратэсту і каб адпомсьціць міліцыянтам.
5 студзеня Сьвятлана Пратасеня прыехала ў турму на спатканьне з сынам, але ёй сказалі, што сын трапіў у рэанімацыю пасьля спробы самагубства.
Адміністрацыя жодзінскай турмы адмаўляецца камэнтаваць інцыдэнт для журналістаў. У Сьледчым камітэце Беларусі карэспандэнту Свабоды паведамілі, што супрацоўнікі аддзелу Сьледчага камітэту ў Жодзіне пачалі перадсьледчую праверку акалічнасьцяў і прычын спробы Ягора Пратасені скончыць жыцьцё самагубствам.