У Сьветлагорску мясцовыя ўлады імкнуцца прыкрыць аўтабізнэс інваліда Юрыя Ляшэнкі. Непрыемнасьці ў прадпрымальніка пачаліся пасьля таго, як ён паўдзельнічаў у грамадзкай акцыі ў Курапатах.
Сьветлагорац Юры Ляшэнка хоць і інвалід 1 групы, але мае права вадзіць аўтамашыну. Больш за тое, машына для яго, па сутнасьці, адзіны сродак, каб ня траціць кантакту са зьнешнім сьветам. На аўтамашыне з жонкай Аленай Юры аб’ехаў ня толькі Беларусь, але й добрую палову Эўропы. І невялікі сямейны бізнэс у Ляшэнкі зьвязаны менавіта з аўтамашынамі — ягоная фірма займаецца пасажырскімі перавозкамі.
29 кастрычніка, у дзень памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, Юры наведаў Курапаты. Адтуль меўся заехаць на ланцуг памяці, які ладзіўся ў Менску каля будынку КДБ. На выезьдзе з Курапатаў Ляшэнку і яшчэ некалькіх аўтамабілістаў запынілі экіпажы ДАІ.
Ляшэнка: «Мяне з машынай трымалі даўжэй, чым іншых. Не маглі ні да чога прычапіцца, бо машына адпаведна абсталяваная. Але машына зарэгістраваная на юрыдычную асобу, гэта значыць, на фірму. Даішнікі ўзялі пуцявы ліст і доўга яго круцілі. Я некалькі разоў пад’яжджаў да іх запытацца: у чым праблема, бо трэба ехаць. Адказвалі: „Чакайце, правяраем па базе зьвестак“. Праз гадзіну 38 хвілінаў прыехала яшчэ адна машына ДАІ, якая займаецца транспартам арганізацыяў».
Супрацоўнік ДАІ ўрэшце заявіў, што ў пуцявым лісьце няма адзнакі 29 наконт мэдагляду. Ляшэнка, канечне, запярэчыў правяральшчыку:
«Пуцявы ліст распрацаваны Мінфінам і надрукаваны прадпрыемствам Дзяржзнаку. Пытаюся: пакажыце, дзе ставіць адзнаку? Графы такой няма. Інспэктар мне заяўляе: «Калі так, чакайце дома. Я ўсе дакумэнты сфатаграфаваў і накіроўваю ў Сьветлагорск — там з вамі і разьбяруцца». Кінуў мне іх і сказаў: «Усё, да пабачэньня».
На гэтым тыдні Юрыю Ляшэнку патэлефанавала прадстаўнік апэратара — «Гомельпасажыраўтатрансу», які кантралюе працу перавозчыкаў, і папярэдзіла, што яго выклікаюць у Сьветлагорскі райвыканкам да намесьніка старшыні Дзьмітрыя Шабетніка. Той ачольвае камісіі па пытаньнях камунальнай гаспадаркі, аховы працы, стану аўтадарог.
Апэратар папярэдзіла інваліда-прадпрымальніка, чаму менавіта трэба быць абавязкова:
Яны са мною змагаліся, ня ведаючы, якім чынам падступіцца. Цяпер вырашылі празь бізнэс, каб застаўся недзеяздольны, без рубля, без капейкі
«Будзем вырашаць, ці мае права ваш транспарт працаваць». Паведаміла яшчэ, што паступіла скарга ад пасажыра, што ў мяне ў маршрутцы падраны чахол. Адказваю, што такога ня можа быць. Бо на днях, кажу, ваш прадстаўнік правяраў мой транспарт і ня меў прэтэнзіяў. Пацікавіўся, канечне: а хто скардзіўся? Адказвае: «Ня можам сказаць, паколькі скарга ананімная. Але рэагаваць на яе павінны». Прашу прыслаць мне гэтую скаргу, каб разабрацца. І куды адказ даваць — у неба крычаць? І чую: «Усё адно, скарга паступіла, і мы павінны разьбірацца».
4 лістапада Юры Ляшэнка прыехаў да райвыканкаму сам і прыгнаў наяўны транспарт, які ня быў у рэйсах:
«Была камісія з ДАІ, Шабетнік з Трунінай і трое з „Гомельпасажыраўтатрансу“ — чалавек сем. Усё рабілася моўчкі, моўчкі агледзелі. Ніякіх камэнтароў не было. Сказалі чакаць. Гэта можа абярнуцца скасаваньнем дамоваў. Людзі застануцца бяз працы, я бяз працы — усё. Гэта такі ціск. Яны са мною змагаліся, ня ведаючы, якім чынам падступіцца. Цяпер вырашылі празь бізнэс, каб застаўся недзеяздольны, без рубля, без капейкі. Куды ў такім разе ўжо я паеду, куды пайду і наагул каму я патрэбны? Калі ўжо такі разумны, то сядзі дома і не жужукай».
Юры Ляшэнка хоць і мае фізычныя абмежаваньні, але ніколі не замыкаўся ў чатырох сьценах — заступаўся за інвалідаў-вазочнікаў, дапамагаў дзецям- сіротам, бацькам Героя Нябеснай Сотні Міхаіла Жызьнеўскага. Не цураўся і грамадзка-палітычных падзеяў. І гораду дапамагаў — вэтэранаў падвезьці сваім транспартам, дэлегацыю сустрэць. Мае столькі падзякаў ад таго ж Сьветлагорскага райвыканкаму і ад пасажыраў, што ў любой маршрутцы любыя чахлы можа імі закрыць.