Ярданскі кароль Абдала ІІ вывучыў родную мову, каб ня ганьбіцца ў вачах суайчыньнікаў. А яшчэ манарх у захапленьні ад «стралялкі» World of Tanks беларускай студыі Wargaming.
Рэжым улады, выбудаваны за чвэрць стагодзьдзя Аляксандрам Лукашэнкам, шмат у чым нагадвае манархію: вышэйшая пасада дзесяцігодзьдзямі застаецца ў адных руках, малодшы сын усё бліжэй да статусу кронпрынца, а шматлікія рэзыдэнцыі не саступаюць каралеўскім. Нават дзейныя дынастычныя манархіі сёньня паводзяць сябе сьціплей.
Карэспандэнт Свабоды прыгледзеўся, як уладкаваныя ўзаемадачыненьні паміж манархам і падданымі ў краіне, якая лічыцца адной з клясычных сучасных манархій — у Хашыміцкім каралеўстве Ярданія.
- Чаму асобныя прэзыдэнты зайздросьцяць манархам
- Як перадаць уладу нетытулаванаму спадкаемцу
- Месца жанчыны ў сучасным каралеўскім двары
Каралеўская тройца: ад дзеда-рэкардсмэна да ўнука-кронпрынца
Гэтую неразлучную тройцу ў розных варыянтах можна пабачыць усюды: вакзалы, банкі, гатэлі, кавярні, нават гандлёвыя намёты бэдуінаў. Зацёртыя і ўзятыя пад шкло выявы нябожчыка караля-бацькі, дзейнага сына-манарха і кронпрынца ўпрыгожваюць камэрцыйныя офісы і дзяржаўныя ўстановы. Муса, сталага веку мэнэджэр у бюджэтным гатэлі Аману, кажа, што пад такім «іканастасам» — як пад трайной абаронай.
Пра сваіх лідэраў і Муса, і іншыя ярданцы гавораць з павагай, падкрэсьліваюць іх блізкасьць да народу. Балянс паміж сьвецкасьцю і рэлігійнай цярпімасьцю, аўтарытэт на рэгіянальным і міжнародным узроўні, бясьпеку і адсутнасьць крыміналу зьвязваюць найперш з высілкамі каралеўскай сям’і.
Адзін з трох мінакоў у сталіцы раскажа «праўдзівую гісторыю», як, злавіўшы таксі, ён убачыў за рулём... самога караля! Старыя будуць называць Хусэйна, маладзейшыя — Абдалу, але сутнасьць адна: падвёз дадому, запытаў пра здароўе сямейнікаў і адмовіўся ад грошай. Такія аповеды выклікаюць усьмешку, але не раздражняюць — наадварот, прынты з выявамі сымпатычных мужчын набываюць абрысы чалавечнасьці.
Ярданія паводле дзяржаўнага ладу — канстытуцыйная манархія. Аднак кароль не валодае абсалютнай уладай: абедзьве палаты Нацыянальнай асамблеі маюць права прымаць заканадаўчыя акты. Урад на чале з прэм’ер-міністрам хоць і можа быць адпраўлены ў любую хвіліну ў адстаўку, але вольны ў эканамічных, культурных, адукацыйных манэўрах.
Ярданію наўрад ці можна назваць багатай: здымаць вяршкі з нафтагазавых радовішчаў не пашчасьціла, у пастаўках энэрганосьбітаў краіна залежыць ад суседзяў. Аднак узровень жыцьця тут прыстойны, а цьвёрдасьці дынара пазайздросьцяць многія валюты сьвету (1 дынар = 1,5 даляра). Эканоміка грунтуецца на экспарце фасфатаў, алівак, збожжа. Ну і, само сабой, турызм: высечаная ў скалах Петра, старажытнарымскі Джэраш, «марсіянская» пустэльня Вадзі Рам, курорты Мёртвага і Чырвонага мораў даюць адчувальны прыбытак.
Гэта пры тым, што істотную нагрузку на ўсе сфэры дадаюць уцекачы з Сырыі. На 6-мільённую Ярданію іх 1,5 мільёна, 25% усяго насельніцтва. Мясцовасьць Заатары на поўначы — самае вялікае намётавае паселішча ў рэгіёне, на пачатку канфлікту тут атабарыліся блізу 200 тысяч чалавек. Каб пазьбегнуць гуманітарнай катастрофы, былі арганізаваныя яшчэ два лягеры, куды пераразьмяркоўваюць старых і новых бежанцаў. Летась упершыню ад пачатку баявых дзеяньняў некаторыя сырыйцы пачалі вяртацца на радзіму.
Манаршы квартэт: аўтакрат, шызафрэнік, мнагажэнец і «эўрапеец»
Махадзі, папулярны ў Амане мастак і бацька пяцёх дзяцей, робіць гістарычны экскурс. За апошняе стагодзьдзе дзяржавай кіравалі ўсяго чатыры манархі. На пачатку 1920-х з дапамогай Вялікай Брытаніі Абдала ібн Хусэйн з дынастыі Хашымітаў (нашчадкі Хашыма ібн Абд Манафа, прадзеда прарока Мухамада) стаў эмірам Транс’ярданіі, а ў 1947-м, неўзабаве пасьля атрыманьня незалежнасьці і прыняцьця Канстытуцыі, ён быў абвешчаны каралём Ярданскага Хашыміцкага каралеўства.
Самадзяржаўе Абдалы І было абсалютнае: ён прымаў законы, накладаў вэта, быў вярхоўным галоўнакамандуючым, меў права распускаць парлямэнт, абвяшчаць вайну. Аўтарытарныя апэтыты разрасьліся да ідэі «Вялікай Сырыі», першым пунктам якой было далучэньне Палестыны. Рэалізаваць пляны не ўдалося: праз 5 гадоў праўленьня абураныя палестынцы яго забілі. Вакантнае месца заняў сын Талал. Таксама ненадоўга: ужо праз год мусіў адмовіцца ад трону, бо хварэў на шызафрэнію.
А вось ягоны сын Хусэйн, які стаў каралём у 1952-м, панаваў амаль 50 гадоў. Маючы добрую адукацыю, манарх узяўся за нацыянальную эканоміку, пачаў выбудоўваць адносіны з суседзямі, у тым ліку з Ізраілем — хоць спачатку і давялося паваяваць. Пасьлядоўна адстойваў мір на Блізкім Усходзе. Правёўшы краіну праз канфлікты і войны, здабыў аўтарытэт.
Народу імпанавала яго сучаснасьць: ён сядаў за штурвал самалёта, быў аўтагоншчыкам і матацыклістам, любіў водныя віды спорту. Спрыяў інтэрнэту: яшчэ ў 1990-х да сеціва была далучаная кожная сярэдняя школа. Адрозна ад Ірану, глябальныя сацсеткі і пошукавікі тут у вольным доступе. Разьняволіў сыстэму вышэйшай адукацыі: акрамя нацыянальных, дзейнічаюць філіі амэрыканскіх і эўрапейскіх унівэрсытэтаў.
Узровень злачыннасьці зьведзены да мінімуму, праваахоўнікі і самі жыхары не даюць расквітнець крыміналу. Пры тым, што паліцыі і вайскоўцаў, калі параўноўваць зь Лібанам, на вуліцах мала. Рэлігійнай варожасьці няма. Хоць больш за 90% насельніцтва вызнае іслам суніцкага толку, іншыя канфэсіі, перадусім хрысьціяне, шырока прадстаўленыя ў парлямэнце.
Адпачатку ў якасьці свайго наступніка Хусэйн разглядаў сына Хамзу ад апошняй жонкі, амэрыканкі Лізы Халабі (у шлюбе Нур аль-Хусэйн). Аднак незадоўга да сьмерці ўсе паўнамоцтвы нечакана перадаў сыну ад сужонкі № 2, брытанкі Антуанэт Гардынэр (Муна аль-Хусэйн). Сёлета ў лютым будзе 20 гадоў, як Абдала ІІ, які ў народзе атрымаў мянушку «эўрапеец», кіруе Ярданскім каралеўствам.
Каранаваны спэцназавец: аматар экстрыму і беларускіх танкаў
За плячыма ў 56-гадовага караля — прэстыжныя прыватныя школы і навучальныя ўстановы Вялікай Брытаніі і ЗША: Каралеўская вайсковая акадэмія ў Сэндхёрсьце, унівэрсытэты ў Оксфардзе, Джорджтаўне ды іншыя. Ён прысьвяціў сябе армейскай справе, прайшоў паўнавартасны курс войскаў спэцыяльнага прызначэньня — адзіны сярод сучасных манархаў з такім узроўнем спэцназаўскай падрыхтоўкі.
Небеспадстаўна яго называюць ці ня самым прасунутым блізкаўсходнім правіцелем. Сюзі, журналістка і аналітык, ведаючы, адкуль яе суразмоўца, раптам згадвае, што кароль — вялікі аматар папулярнай ва ўсім сьвеце кампутарнай онлайн-гульні World of Tanks, створанай беларускімі праграмістамі. А яшчэ — прыхільнік прыгодніцкага кіно, нават зьняўся ў эпізадычнай ролі ў сэрыяле «Зорны шлях» (Star Trek). Ён кваліфікаваны вадалаз, парашутыст, пілёт, аўтагоншчык.
Ад пачатку панаваньня Абдула ІІ заявіў, што працягне традыцыі бацькі. Ён выступае за мір у краіне і рэгіёне, за празрыстыя палітычныя і эканамічныя стасункі з суседзямі. Дзякуючы намаганьням ураду Ярданія ўступіла ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, падпісала стратэгічнае пагадненьне з ЗША, эканамічныя саюзы з Паўднёвай Амэрыкай і Азіяй.
Выпрабаваньнем для манархіі стала хіба «арабская вясна», якая ахапіла рэгіён у 2011 годзе. Апазыцыйны «Ісламскі фронт дзеяньня» патрабаваў палітычных і эканамічных пераўтварэньняў, аднак падзеі ў суседняй Сырыі, якія прывялі да паўнавартаснай вайны і прытоку ўцекачоў, зьнізілі пратэставую актыўнасьць. Тым часам Абдала ІІ першым з арабскіх лідэраў заявіў, што сырыйскі прэзыдэнт Башар Асад павінен пакінуць пасаду.
Тацяна родам з Санкт-Пецярбургу, занятая ў турыстычнай галіне. Прыехала ў Ірбід амаль 20 гадоў таму, калі Абдала ІІ толькі заступіў на трон. Кажа, што першая рэакцыя на манарха ў грамадзтве была досыць супярэчлівая.
«Абдала — араб па бацьку і англічанін па маці. Уласна кажучы, ён вырас у Брытаніі і амаль не гаварыў па-арабску. Дый каралём не зьбіраўся быць, бо насьледным прынцам быў ягоны зводны брат ад каралевы Нур, апошняй жонкі Хусэйна. Але зь нейкіх прычынаў кароль перад сьмерцю перапісаў тэстамэнт на карысьць Абдулы. Народу спачатку не падабалася: кароль арабскай дзяржавы, а не гаворыць па-арабску. Так што давялося працаваць над сабой з усіх бакоў... Сёньня яго паважаюць. У першую чаргу за спакой у краіне, нягледзячы на небясьпечнае суседзтва. Зрэшты, ёсьць і тыя, каму ня вельмі падабаецца і яго палітыка, і сьвецкі лад жыцьця...»
Як кажа Тацяна, усе разумеюць пэўную закальцаванасьць праблемаў. Калі людзі выходзяць на вуліцу, патрабуючы вырашэньня надзённых пытаньняў, кароль рэагуе і здымае ўрад. Канфлікт нібыта вырашаны, спрэчны закон адмяняюць — не надоўга, бо ў тым ці іншым выглядзе яго ўсё роўна прыменяць. Народ зноў усё звальвае на ўрад, але не на караля. Патэрналізм — што на ўзроўні дзяржавы, што ў сям’і — на Ўсходзе пад сумнеў ня ставіцца.
Дзеля справядлівасьці, цывільная ўлада ў Ярданіі ня меней прасунутая. Прэм’ер-міністар Амар Разас мае ступені доктара філязофіі Гарвардзкага ўнівэрсытэту і магістра Масачусэцкага тэхналягічнага інстытуту. Да прызначэньня кіраўніком ураду быў міністрам адукацыі, кіраваў Карпарацыяй сацыяльнага забесьпячэньня і Ярданскім стратэгічным форумам. Пяць гадоў быў дырэктарам Усясьветнага банку ў Лібане. Міністраў з дыплёмамі самых прэстыжных замежных унівэрсытэтаў ва ўрадзе бальшыня.
Жанчыны манархаў: замежніцы, змагаркі за гендэрную роўнасьць
Рэзыдэнцыя каралеўскай сям’і месьціцца на тэрыторыі комплексу Аль-Макар. Тут 100 гадоў таму быў галоўны штаб войска, якое вызваляла Аман ад туркаў. Галоўным лічыцца каменны палац Рагадан (з арабскага — жыцьцё ў камфорце), спраектаваны лібанскімі архітэктарамі яшчэ ў 1926 годзе. У ім і сёньня адбываюцца важныя дзяржаўныя імпрэзы, прыёмы замежных амбасадараў і дэлегацый.
Побач у розныя гады ўзьведзеныя іншыя будынкі, дзе знаходзяцца штаб-кватэра Хашыміцкага двара, офісы караля і каралевы, прынцаў і прынцэс, а таксама службовых асобаў. Гэта палацы Сагір, Басман, Мава, Надва. Ёсьць шэраг палацаў за межамі Аль-Макару. Дар аль-Біра да канца 1990-х выкарыстоўваўся ў якасьці гасьцявой рэзыдэнцыі для замежных дэлегацый, але Абдула ІІ перадаў яго дзіцячаму прытулку. Сёньня тут жывуць дзьве сотні малых зь бедных кварталаў Аману.
Каралеўская сям’я стараецца не даваць падставаў да кпінаў. Ніхто з чатырох дзяцей, як захоплена піша ярданская прэса, не атрымае новы гаджэт, калі ня будзе старанна вучыцца і ўзорна сябе паводзіць. Першынец Хусэйн, названы ў гонар дзеда, афіцыйна абвешчаны насьледнікам толькі ў 15 гадоў, а да таго абыходзіўся бязь лішняй публічнай увагі, калі не лічыць пратакольных здымкаў. Ніякіх афіцыйных паездак з бацькам, перамоваў з кіраўнікамі іншых краінаў ці сядзеньняў у VIP-лёжах з прыгажунямі.
Асаблівае месца ў каралеўскіх сем’ях Ярданіі займаюць жанчыны — пры тым, што да шлюбаў тут ставяцца па-філязофску. Кароль Хусэйн меў чатырох жонак — арабскую арыстакратку, дачку брытанскага афіцэра (маці Абдалы), чаркеску са знатнага роду і амэрыканку. Падданых пра разводы і новыя сувязі інфармавалі апэратыўна.
У 1978 годзе Хусэйн ажаніўся з амэрыканскай архітэктаркай Лізай Халабі, якая займалася праектам перабудовы аэрапорту ў Амане. Пасьля шлюбу яна адмовілася ад амэрыканскага грамадзянства, прыняла іслам, атрымала новае імя Нур (па-арабску «Сьвятло») і тытул каралевы. Ад першых трох шлюбаў у Хусэйна было сем дзяцей, з Нур яны нарадзілі яшчэ чатырох.
Цягам 20 гадоў, да сьмерці мужа ў 1999-м, каралева была мастком паміж ярданскай манархіяй і краінамі Захаду, займалася культурніцкімі і адукацыйнымі праектамі. Апекавалася міжнароднай сеткай United World Colleges («Каледжы аб’яднанага сьвету»), зь ёй у гэтай якасьці кантактаваў дырэктар Беларускага гуманітарнага ліцэю Ўладзімер Колас, адзін з заснавальнікаў і кіраўнік беларускага Нацыянальнага камітэту UWC.
Ейную мадэль паводзінаў шмат у чым пераняла цяперашняя каралева Ранія — жонка Абдалы ІІ. Яна нарадзілася ў Палестыне і можа лічыцца ўзорам сучаснай арабскай жанчыны: выступае за правы жанчын і гендэрную роўнасьць, займаецца дабрачыннасьцю, вывучае эканоміку і палітыку, наведвае сьвецкія імпрэзы, адгукаецца на запрашэньні паўдзельнічаць у эўрапейскіх і заакіянскіх форумах. Адрозна ад бальшыні «палавінак» сваіх мужоў-манархаў, выказваецца на палітычныя і сацыяльныя тэмы, вядзе сацыяльныя сеткі.
Яе вялікасьць прапагандуе эўрапейскую і амэрыканскую моду, выбірае сабе строі ў брэндавых дамах па ўсім сьвеце. Як вынік, стала першай у намінацыі «Міс элегантнасьць» паводле апытаньня брытанскага часопіса Hello! Пры такой жонцы не адстае і муж, на якім цывільныя гарнітуры сядзяць ня горш за больш звыклыя ваенныя мундзіры.
Але цяпер трэба рыхтаваць да вялікіх зьдзяйсьненьняў кронпрынца Хусэйна. Як казала ў адным інтэрвію Ранія, яны з мужам да апошняга адкладалі сямейную раду: ашаламіць хлопчыка ў 10 гадоў, што ён стане каралём, — своеасаблівая форма гвалту над дзіцем, вялізны ціск на яго. Бо дзіця павінна выбудоўваць натуральныя адносіны з аднагодкамі — без аглядкі на тое, кім стане праз 10 ці 20 гадоў.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.