Карэспандэнт Радыё Свабода Кіян Шарыфі піша пра асобу лідэра сырыйскіх паўстанцаў Абу Мухамада аль-Джуляні.
На працягу многіх гадоў Абу Мухамад аль-Джуляні быў малавядомым. Гаварыць пра 42-гадовага камандзіра сталі пасьля таго, як ён ачоліў ашаламляльны ваенны наступ, у выніку якога быў зрынуты шматгадовы прэзыдэнт Башар Асад.
У знак свайго хуткага ўздыму Джуляні выкарыстаў сваё сапраўднае імя — Ахмэд аль-Шараа, калі трыюмфальна абвяшчаў аб «захопе Дамаску» ў тэлезвароце 8 сьнежня, а не сваю вайсковую мянушку.
Джуляні — кіраўнік прызнанай у ЗША тэрарыстычнай групоўкі «Хаят Тахрыр аш-Шам» (HTS). Доўгі час ён спрабаваў зьмяніць свой публічны імідж: адмовіўся ад сувязяў з «Аль-Каідай» і паспрабаваў выставіць сябе прагматыкам і талерантным лідэрам. Ступень гэтай трансфармацыі будзе яшчэ правераная.
Пакуль жа Джуляні, за галаву якога прапаноўвалі ўзнагароду ў 10 мільёнаў даляраў, і HTS рыхтуюцца адыграць важную ролю ў Сырыі пасьля Асада.
Што такое «Хаят Тахрыр аш-Шам»
«Хаят Тахрыр аш-Шам» (HTS) — гэта ваяўнічая ісламісцкая групоўка, якая імкнецца стварыць у Сырыі дзяржаву, якая будзе кіравацца ісламскім правам. HTS знаходзіцца ў хаўрусе зь некалькімі меншымі ваяўнічымі ісламісцкімі групоўкамі, некаторыя зь якіх складаюцца з замежных баевікоў з Эўропы і Цэнтральнай Азіі.
Арон Зэлін, старшы навуковы супрацоўнік Вашынгтонскага інстытуту, назваў удзельнікаў HTS «палітычнымі джыхадыстамі».
«Джуляні і HTS больш прагматычныя ў палітыцы — яны знаходзяцца пасярэдзіне паміж традыцыйнымі палітычнымі ісламістамі і тымі, каго мы называем „глябальнымі джыхадыстамі“, такімі як сябры „Аль-Каіды“ і экстрэмісцкай групоўкі „Ісламская дзяржава“ (ІД)», — дадаў ён.
«Хітры» Джуляні
Джуляні нарадзіўся ў 1982 годзе ў Саудаўскай Арабіі ў сырыйскіх бацькоў, якія прыехалі з акупаваных Ізраілем Галянскіх вышыняў. Першыя гады яго баявой дзейнасьці цьмяныя. Лічыцца, што ён далучыўся да «Аль-Каіды» ў Іраку (AQI) пасля ўварваньня ЗША ў 2003 годзе. У 2012 годзе Джуляні заснаваў «Джабхат ан-Нусра», або «Фронт Нусра», сырыйскае аддзяленьне «Аль-Каіды».
Яно дзейнічала ў паўночна-заходняй сырыйскай правінцыі Ідліб, пазьней некалькі разоў зьмяняла назву і дыстанцыявалася ад «Аль-Каіды». У 2017 годзе аб’ядналася зь іншымі апазыцыйнымі групоўкамі, каб сфармаваць HTS.
Джуляні калісьці насіў цюрбан, доўгую бараду і вайсковую форму. Але ён адмовіўся ад прыкметаў лідэра баевікоў, вырашыў насіць пінжакі, падстрыгаць валасы на твары і даваць інтэрвію заходнім СМІ.
Лідэр HTS «хітры і імкнецца дасягнуць і ўмацаваць уладу для сябе і сваёй арганізацыі», — сказаў Філіп Сьміт, экспэрт у іранскіх агентах і шыіцкім рушаньні. Нягледзячы на зьмену выгляду і спробы перарабіць сябе ў прагматыка і памяркоўнага чалавека, Джуляні і ягоныя баевікі застаюцца пад падазрэньнем з нагоды іх меркаваных парушэньняў правоў і сувязяў з тэрарыстычнымі групамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страта Сырыі — «магутная поўха» для РасеіУ заяве 2013 году, у якой Джуляні быў прызнаны тэрарыстам, Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША спаслаўся на выбухі сьмяротнікаў, учыненыя «Фронтам ан-Нусра» Джуляні, і сказаў, што «гвалтоўнае, сэктанцкае бачаньне» групоўкі супярэчыць памкненьням сырыйскай грамадзкасьці.
«Экстрэмізму і тэрарыстычнай ідэалёгіі няма месца ў пасьляасадаўскай Сырыі», — гаворыцца ў той заяве.
У 2017 годзе амбасада ЗША ў Сырыі напісала ў сацыяльных сетках, што Вашынгтон па-ранейшаму «схільны прыцягнуць» высокапастаўленых фігур сырыйскай сеткі «Аль-Каіды» «да адказнасьці», у тым ліку Джуляні. Асноўнай мэтай HTS было зрынаньне ўраду Асада, але другаснай мэтай было «пабудаваць інстытуты, якія былі б карыснымі сырыйцам», — сказаў Зэлін.
«Відавочна, яны спрабавалі зрабіць гэта ў Ідлібе», — дадаў ён.
Але нават калі Джуляні і HTS выканаюць свае абяцаньні талерантнасьці і інклюзіўнасьці, адмова ад прызнаньня іх тэрарыстамі можа заняць гады, заявіў Зэлін.
Як выглядалі зоны кантролю ў Сырыі на 7 сьнежня: