На афіцыйным сайце амбасады Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Рэспубліцы Беларусь зьявілася заява Дзяржсакратара ЗША Джона Керы з нагоды Дня Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь.
У ёй гаворыцца:
«Ад імя прэзыдэнта Абамы і амэрыканскага народа я віншую народ Беларусі з гадавінай падпісаньня Дэклярацыі незалежнасьці ад Савецкага Саюзу 27 ліпеня 1990 году, а таксама з афіцыйным Днём незалежнасьці 3 ліпеня. Я таксама віншую жыхароў Менску з гадавінай вызваленьня гораду ў 1944 годзе».
Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства ЗША падкрэсьлівае:
«У гэты цяжкі для ўсёй Эўропы час Злучаныя Штаты высока цэняць вядучую ролю Беларусі ў мірным вырашэньні канфлікту ва Ўкраіне, а таксама яе прыхільнасьць да добрых узаемаадносін з усімі краінамі. Мой урад поўнасьцю падтрымлівае сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Беларусі, і мы разьлічваем на далейшы прагрэс у галіне правоў чалавека, дэмакратычнага разьвіцьця і эканамічных рэформаў у вашай краіне — усё гэта ўмацуе наша ўзаемнае імкненьне да нармалізацыі адносін паміж нашымі краінамі».