Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі прэзыдэнтам ЗША стане Трамп, ён пасябруе і з Пуціным, і з Лукашэнкам», — беларуска пра стажыроўку ў Вашынгтоне


Маша Статкевіч падчас наведваньня Пэнтагону
Маша Статкевіч падчас наведваньня Пэнтагону

Пакуль на эўрапейскім кантынэнце аналітыкі «стравуюць» вынікі рэфэрэндуму, на якім брытанцы прагаласавалі за «развод» з Эўразьвязам, за акіянам працягваецца перадвыбарная кампанія: прэзыдэнцкія выбары ў Злучаных Штатах пройдуць сёлета ў лістападзе.

На некалькі месяцаў акунуцца ў эпіцэнтар палітычных жарсьцяў удалося беларускай студэнтцы Машы Статкевіч. Падчас навучаньня ў ЗША яна праходзіла практыку ў буйным аналітычным цэнтры ў Вашынгтоне, пабывала ў штабе кандыдата на прэзыдэнцкую пасаду ад дэмакратаў Бэрні Сандэрса. Днямі сэнатар ад штату Вэрмонт пасьля размоў з прэзыдэнтам Баракам Абамам заявіў пра сыход з дыстанцыі і абʼяднаньне намаганьняў са сваёй аднапартыйкай, экс-дзяржсакратаром ЗША Гілары Клінтан у барацьбе з рэспубліканцам, мільярдэрам Доналдам Трампам.

Беларуская стажорка Маша Статкевіч
Беларуская стажорка Маша Статкевіч

Машы Статкевіч 23 гады, родам з Барысава, выпускніца Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа 2010 году. Наступныя два гады навучалася ў UWC Adriatic у італьянскім Дуіна — гэта перадунівэрсытэцкая ўстанова, якая ўваходзіць у сыстэму Каледжаў абʼяднанага сьвету. У 2012-м была залічаная ў лік студэнтаў амэрыканскага ўнівэрсытэту Luther College ў Дэкоры, штат Аёва. Сёлета атрымала дыплём «двайнога прызначэньня» — «псыхалёгія і бізнэс-мэнэджмэнт».

Трохмесячную «вытворчую практыку» Маша Статкевіч праходзіла ў амэрыканскай сталіцы, дзе яе босам быў Лоўрэнс Корб (Lawrence Korb), былы намесьнік міністра абароны ЗША ў адміністрацыі Роналда Рэйгана. Пры канцы «нулявых» ён адказваў за міжнародную палітыку ў камандзе кандыдата ў прэзыдэнты Барака Абамы. Атрыманы досьвед беларуска апісвае як «неацэнны»:

— Ад верасьня да сьнежня мінулага году я працавала ў аналітычным цэнтры Center for American Progress (Цэнтар амэрыканскага прагрэсу) у Вашынгтоне. Структура знакавая ўжо з-за аднаго свайго экспэрта, гэта старшы навуковы супрацоўнік Лоўрэнс Корб — адзін з кіраўнікоў абароннага ведамства часоў Рэйгана, адвайзэр (дарадца) у Абамы, працаваў у Пэнтагоне. Дый увогуле шмат хто з супрацоўнікаў у літаральным сэнсе вандруюць паміж Белым домам, Пэнтагонам і цэнтрам. Варта адзначыць, што ў ЗША існуюць самыя розныя цэнтры. Прыкладам, са статусам non-partisan: яны «беспартыйныя», працуюць па-за партыямі, з-за чаго іх пазыцыя лічыцца бесстароньняй і больш абʼектыўнай. Таксама шмат цэнтраў, якія прасоўваюць інтарэсы рэспубліканскай партыі, а ёсьць больш лібэральныя. Дык вось Center for American Progress фармальна хоць і лічыцца non-partisan, але мае выразны ўхіл да лібэралаў, да дэмакратаў.

— Наколькі разумею, стажыроўка ў Цэнтры амэрыканскага прагрэсу выразна палітычная...

— Так, можна сказаць, што палітычная, хоць я працавала ў дэпартамэнце, які адказвае за ядзерную палітыку ЗША. Спачатку супрацоўнікі былі больш сфакусаваныя на іранскай ядзернай праграме, потым у прыярытэты выйшла тэма стасункаў з Расей, каб Вашынгтон і Масква разам скарачалі свае ядзерныя арсэналы. У гэтай сувязі сустракаліся з прадстаўнікамі Дзярждэпартамэнту, зь людзьмі, якія працуюць з Расеяй, кантактуюць непасрэдна з Лаўровым (міністар замежных спраў РФ), каб выпрацаваць сынхронныя рашэньні. На самай справе было вельмі цікава, і я столькі даведалася пра ядзерную зброю, што на ўсё жыцьцё. Бо прыйшла фактычна з нулявымі ведамі ў гэтай сфэры.

Маша Статкевіч у Вашынгтоне
Маша Статкевіч у Вашынгтоне

— Якое, дарэчы, стаўленьне ў амэрыканскіх палітыкаў, экспэртаў да Расеі: лічаць ворагам, пэрспэктыўным сябрам...

— Насамрэч яны ў стасунках з Расеяй вельмі асьцярожныя. У ворагі не запісваюць, збольшага гавораць пра неабходнасьць дыпляматыі. Фактычна рэтрансьлююць пазыцыю Барака Абамы — не рабіць радыкальных штуршкоў. Відаць, проста баяцца ўваходзіць у адкрытую канфрантацыю з Масквой, баючыся яе непрадказальнасьці. Мяркуючы па ўсім, спрабуюць абразуміць дыпляматыяй.

— Але ў канфлікце на Данбасе падтрымліваюць Украіну?

— Украіну, безумоўна, падтрымліваюць, бо ёсьць адназначнае разуменьне, што Расея — агрэсар. І пры гэтым — так, не сьпяшаюцца з радыкальнымі высновамі: маўляў, трэба ўвесьці войскі, паставіць цяжкае ўзбраеньне і г.д. Надзвычай асьцярожныя, асабліва гэта было відаць, калі вырашалася пытаньне, ці даваць Украіне зброю. Ад самага пачатку ня вельмі да гэтага схіляліся. Бо, зноў жа, ня хочуць адкрытага канфлікту з Расеяй.

Дыплямаваны спэцыяліст Маша Статкевіч (у цэнтры)
Дыплямаваны спэцыяліст Маша Статкевіч (у цэнтры)

— Меней чым праз паўгода Амэрыка атрымае новага прэзыдэнта. Наколькі перадвыбарная кампанія цікавіць людзей? Зразумела, што за акіянам зусім іншы мэханізм «фільтрацыі» кандыдатаў, але які агульны настрой?

— Увогуле гэта да размовы, чаму так далёка зайшоў Трамп. Вось прыходзіць такі чалавек, гаворыць зь людзьмі нібыта на «зразумелай мове». Але калі ўдумацца ў тое, што ён кажа, то насамрэч гэта жахлівыя рэчы, абсалютна папулісцкія. Па-сутнасьці, адбываецца крызіс самой сыстэмы амэрыканскіх каштоўнасьцяў. Як мне здаецца, у масе сваёй людзі недастаткова абазнаныя і зацікаўленыя ў палітыцы. За яго галасуе менш адукаваная і, адпаведна, радыкальная частка грамадзтва. Асабліва ў сьвятле падзеяў, якія цяпер адбываюцца ў Сырыі і прычыніліся да плыні ўцекачоў. Ідзе прамы адсыл да тэрактаў у Эўропе, сэрыі нападаў у ЗША. Зразумела, што такая рыторыка ўплывае на людзей, яны пачынаюць агулам абвінавачваць мусульманаў. Так, ксэнафобская рыторыка, якой звыкла карыстаецца Трамп, шмат каму падабаецца. Але каб людзі больш чыталі, сачылі за навінамі ў сьвеце, такой непераборлівасьці не было б. Досыць абмежаваны інтарэс, няма жаданьня яго пашырыць і паглыбіць. Прычым гэта тычыцца нават маіх аднагодак, маладых людзей.

У кулюарах унівэрсытэту Luther College
У кулюарах унівэрсытэту Luther College

— Рызыкну ўявіць, што, як і ў выпадку зь Беларусьсю, узровень адукаванасьці і «прасунутасьці» наўпрост залежыць ад месца, дзе жыве і працуе прыхільнік таго ці іншага кандыдата...

— Так, калі я са свайго ўнівэрсытэту ў Аёве, які разьмешчаны ў малым гарадку, езьдзіла ў Вашынгтон, то на ўласным досьведзе пераканалася: там інтарэс да палітыкі проста нерэальны, у тым ліку з боку маіх аднагодкаў. Сапраўды, шмат залежыць ад месца знаходжаньня чалавека. Калі гэта мэгаполіс, то людзі ва ўсіх працэсах зацікаўленыя ў нашмат большай ступені, чым у вёсках ці ў малых паселішчах, там я такой увагі асабліва не заўважала. Чым далей ад цывілізацыі, ад актыўнага жыцьця, тым меней размоваў пра палітыку. Але гэта і зразумела, у Беларусі сытуацыя аналягічная.

— Ці можна параўнаць амэрыканскага выбарца зь беларускім, які збольшага прыстасаваўся і ня верыць, што выбарамі можна нешта зьмяніць? Маё ўражаньне, што жыхары ЗША ўсё ж маюць магчымасьць пераканацца: выбары хутчэй справядлівыя, чым не.

— Шмат хто расчараваны тым, што ў выбарах удзельнічаюць толькі дзьве партыі, астатнія практычна выціснутыя з палітычнага кантэксту. Чаму яны зацікавіліся Бэрні Сандэрсам? Ён хоць і расцэньваўся ад пачатку як аўтсайдэр, але здолеў прасунуць прынцыпова новыя ідэі, якія палягалі па-за рамкамі і дэмакратычнага, і рэспубліканскага лягеру, ідэі збольшага сацыялістычнай скіраванасьці. Як ні дзіўна, многія ягоныя прапановы былі падтрыманыя, бо людзі элемэнтарна стаміліся ад таго, што няма кардынальных зьменаў. Гэтым разам спэктар аказаўся вельмі палярным: Трамп — кардынальная зьмена ў дрэнным сэнсе, Сандэрс — зьмена ў станоўчым пляне. А Гілары Клінтан дзесьці пасярэдзіне. Але выніковы перабор усё ж у бок радыкалізацыі.

Выпуск-2016, з унівэрсытэцкімі аднакурсьніцамі
Выпуск-2016, з унівэрсытэцкімі аднакурсьніцамі

— Амэрыканцы ў масе сваёй да чаго схіляюцца?

— Канечне, хацелася б верыць, што яны ўсё ж схіляюцца да Гілары. Безумоўна, яна таксама не ідэал, у яе ёсьць свае недахопы. Калі я была ў Беларусі, я ідэалізавала Гілары, мне здавалася, што яна абсалютна ідэальны кандыдат зь вялікім досьведам у міжнародных адносінах і г.д. Так, вопыт для прэзыдэнцкай пасады ў яе незаменны, але калі больш удумліва чытаеш аналітыку, усплывае процьма нюансаў. Бачыш: і ў гэтым яна неаднаразова мяняла сваю пазыцыю, і ў тым. Іншымі словамі, штарміла з аднаго боку ў іншы, бачыш нейкае прыстасаванства. У мяне зьявіўся шанец больш уважліва разгледзець усіх кандыдатаў, стала цікава назіраць, каго людзі і за якія якасьці падтрымліваюць, якія ёсьць хібы ў кожнага з кандыдатаў. Мая маці дагэтуль лічыць, што Хілары — самая лепшая і самая годная кандыдатура для ЗША. А я пачынаю ёй гаварыць: яна была і ў адным скандале, і ў другім...

З палітычным кумірам — Гілары Клінтан
З палітычным кумірам — Гілары Клінтан

— І мужа ў свой час недагледзела...

— Так, хоць яна ўсё ж вельмі годна выйшла з таго скандалу... І пры гэтым я ўсё роўна лічу, што яна больш за ўсё падыходзіць амэрыканцам на прэзыдэнцкую пасаду. У Сандэрса файныя ідэі — бясплатная адукацыя, мэдычнае страхаваньне — але гэта рэчы досыць радыкальныя, нават сам ён наўрад ці ўяўляў, хто за ўсё мусіць плаціць. То бок, папуліст, але ў лепшым сэнсе, чым Трамп. І ўсё роўна некаторыя ягоныя ідэі занадта радыкальныя для ЗША. Зьмены трэба рабіць паступова, амэрыканскае грамадзтва не зразумее.

Прамаўляе Барак Абама, Вашынгтон
Прамаўляе Барак Абама, Вашынгтон

— Ці не падаецца ў гэтым сэнсе Барак Абама ідэальным кандыдатам, які цягам сваёй кадэнцыі досыць удала «мікшыруе» усе астатнія сілы?

— Насамрэч гэта так, асабліва, гледзячы на ўсе тыя экстрымы з Трампам. Абама на бэкграўндзе найперш Трампа здаецца проста ідэалам. Цяпер яго гатовыя насіць на руках, забываюцца пра ягоныя хібы, якія былі падчас прэзыдэнцкага тэрміну. А некаторыя так і кажуць: вось бы Абаму яшчэ на чатыры гады! Бо ўсе вельмі баяцца, што прыйдзе Трамп. Дайшло да таго, што група амэрыканцаў нават прасіла Джасьціна Трудо, прэмʼер-міністра Канады: можа вы станеце нашым прэзыдэнтам! То бок, на фоне Трампа Абама здаецца проста зоркай. І цяпер у яго сапраўды зорны час, у яго рэйтынг пайшоў уверх, усе яго любяць. Апошні год ён увогуле расслабіўся. Хоць яшчэ пару гадоў таму здавалася, што сваю карʼеру можа скончыць досыць бясслаўна. Ён шмат вандруе, з апошніх знакавых паездак — візыт у Хірасіму. Зноў жа, гістарычныя пагадненьні з Іранам, гістарычны візыт на Кубу. Відаць, хоча, каб фініш карʼеры быў прадуктыўны і ягонае імя трапіла ў гісторыю.

Вакацыі ў Менску: з сяброўкамі па Коласаўскім ліцэі
Вакацыі ў Менску: з сяброўкамі па Коласаўскім ліцэі

— Беларусы ў ЗША ў пляне свайго выбару радыкальныя ці, наадварот, памяркоўныя?

— Тое, што яны не радыкалізуюцца, гэта адназначна. У Вашынгтоне вельмі файная суполка беларусаў: і журналісты, і супрацоўнікі NGO, і звычайныя працаўнікі. Цікавыя, адукаваныя людзі, якія бяруць актыўны ўдзел у палітыцы, спрыяюць таму, каб у Штатах даведаліся і пра праблемы Беларусі. Дык вось яны пры сваёй актыўнасьці цалкам лібэральныя, ніякага радыкалізму зь іх боку няма. Прынамсі нікога ня бачыла, каб хтосьці хацеў галасаваць за Трампа, хутчэй сымпатыі былі паміж Клінтан і Сандэрсам. Яшчэ раз паўтару: у вялікіх гарадах палітыка — гэта частка жыцьця кожнага, амэрыканскіх беларусаў у тым ліку. Таму абсалютная бальшыня разумее, што Трамп — гэта папуліст, не абцяжараны адукацыяй для прэзыдэнцкай пасады.

Нацыянальны сьцяг на цырымоніі выпуску, штат Аёва
Нацыянальны сьцяг на цырымоніі выпуску, штат Аёва

— Але ж ён мае грошы. Дарэчы, ці можна ў ЗША пры дапамозе фінансаў «зрабіць» сабе вышэйшую пасаду?

— Усё ж абіраюць людзі, таму ў выніку ўсё залежыць ад іх, а не ад грошай. Канечне, падчас прэзыдэнцкай гонкі задзейнічаныя вялізныя рэсурсы, не ў апошнюю чаргу дзякуючы гэтаму Трамп так далёка і прасунуўся. У той жа час, калі паглядзець на Сандэрса, то гэта прыклад зусім іншага парадку. Ягоная кампанія ўразіла найперш тым, што ён не залежыць ад звыклых спонсараў прэзыдэнцкіх кампаній — магутных карпарацый, банкаў, біржаў.

Чаму, скажам, часьцяком крытыкуюць Гілары Клінтан? Таму што яе фундуе Ўол-Стрыт і яна, хоча таго ці не, прадстаўляе яго інтарэсы. А кампанія Сандэрса была заснавана на асабістых, індывідуальных унёсках людзей. Хтосьці даляр даў, хтосьці 10, своеасаблівы народны краўндфаўндынг. Нерэальна для амэрыканскай сыстэмы, але якраз тое, што спадабалася. Таму і пратрымаўся так доўга, бо не залежаў ад настрояў фундатараў. Што, дарэчы, ён увесь час падкрэсьліваў: я не прадстаўляю нічые бізнэс-інтарэсы, я прадстаўляю інтарэсы народа.

З Лоўрэнсам Корбам у офісе Бэрні Сандэрса
З Лоўрэнсам Корбам у офісе Бэрні Сандэрса

— Маша, ці была магчымасьць і, галоўнае, статус, каб паўдзельнічаць у кампаніі кагосьці з кандыдатаў?

— Я ўжо казала, што мой бос па стажыроўцы ў Вашынгтоне Лоўрэнс Корб калісьці быў намесьнікам міністра абароны ў Пэнтагоне пры прэзыдэнце Роналдзе Рэйгане. Гэта была вельмі высокая пасада. А калі Барак Абама балятаваўся ў прэзыдэнты ў 2008 годзе, ён быў ягоным галоўным адвайзэрам па міжнароднай палітыцы. То бок, шмат дапамагаў у ягонай кампаніі. Гэтым разам яго на аналягічную працу запрасіў Бэрні Сандэрс. Кандыдаты фізычна не валодаюць усёй паўнатой карціны, асабліва міжнароднай, таму спадзяюцца на сваіх дасьведчаных адвайзэраў. Аднойчы Корб узяў мяне з сабой і мы пайшлі ў офіс да Сандэрса. Мой шэф распавядаў яму, якія ў ЗША стасункі з Расеяй, пра партнэрства з Эўразьвязам, што сабой уяўляе сёньняшні Іран і г.д. Так што можна сказаць, што ўскосна ў кампаніі аднаго з кандыдатаў у прэзыдэнты ЗША я ўсё ж паўдзельнічала (сьмяецца)...

— Што цяперашнія і былыя кандыдаты думаюць пра Беларусь? Ці ведаюць пра існаваньне яе ўвогуле?

— Пра Беларусь, безумоўна, ведаюць, але той жа Сандэрс у гэтым пытаньні быў зусім не зацікаўлены. Адрозна ад Клінтан, на якую асабіста ў мяне ад пачатку было куды больш спадзяваньняў — яна ў беларускім пытаньні ўсё ж абʼектыўна больш абазнаная і зацікаўленая. Кампанія Бэрні, як мне падаецца, была акцэнтаваная выключна на ўнутраную палітыку, тады як у Гілары яна збалянсаваная, пакідаючы месца і «дамэстык», і міжнародным справам. А зь яе міжнародным вопытам ёсьць шанец, што Беларусь не застанецца па-за ўвагай. Тым больш, што нашу краіну яна ў сваіх сьпічах неаднойчы згадвала ў рангу дзяржаўнага сакратара, таму для беларусаў гэта таксама найлепшы варыянт.

Амэрыканская практыка
Амэрыканская практыка

— А можа якраз Доналд Трамп пры ўсёй рэзкасьці сваіх выказваньняў быў бы якраз лепшым правадніком міжнароднай палітыкі ЗША?

— Ой не, гэта той выпадак, калі яму зь высокай званіцы пляваць на тую ж Беларусь. Апроч таго, з такімі заявамі, думаю, ён хутка стаў бы вялікім сябрам Пуціна, які прыязна выказваўся пра «таленты Трампа». А можа і лепшым сябрам Лукашэнкі, хто ведае. Прынамсі ў душы ён абсалютна блізкі да іх. Чаму шмат каму такі тыпаж падабаецца? Зноў жа, з-за няведаньня. Ягоныя прыхільнікі кажуць: у яго такі магутны бізнэс, ён сам збудаваў сваю бізнэс-імпэрыю, бла-бла-бла. На самай справе нічога ён не збудаваў бы, каб бацька не пакінуў яму вялізныя грошы. І калі прааналізаваць ягоны бізнэс, то ён там столькі «налажаў» і столькі змарнаваў сродкаў, якія пайшлі проста ў пясок, што не да дыфірамбаў. А людзі пра гэта ня ведаюць, не цікавяцца, яны толькі чуюць заявы, што ён зробіць Амэрыку па-сапраўднаму «вялікай». Make America great again — такі слоган ягонай кампаніі. Але разумных і цьвярозых людзей гэтыя пляны толькі палохаюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG