Эўракамісар па пытаньнях пашырэньня і палітыцы суседзтва Ёганэс Ган 16 красавіка падчас свайго першага афіцыйнага візыту ў Беларусь сустрэнецца з прадстаўнікамі дэмакратычнай апазыцыі.
Сярод запрошаных — лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч. У інтэрвію карэспандэнту Свабоды ён апавёў пра свае чаканьні ад сустрэчы з эўракамісарам.
«Я разумею, што гэта чарговы візыт высокага ўзроўню, бо гэта эўракамісар, які адказвае за добрасуседзтва. І гэта працяг той палітыкі, што рэалізуе Эўропа. Нельга сказаць, што гэта ўжо супрацоўніцтва, але гэта дыялёг, які можа падрыхтаваць супрацоўніцтва, эканамічнае перш за ўсё, і палітычнае таксама. Я думаю, ён будзе гаварыць пра такое важнае пытаньне для Беларусі, для дэмакратычнай часткі нашай краіны, як палітвязьні. Гэта непазьбежна. Але сёньня Эўропа ня ставіць такую жорсткую ўмову, што калі ў вас няма дэмакратыі, то няма пра што гаварыць. Не, яны размаўляюць, але нагадваюць пра тое, што важна зьмяніць, каб супрацоўніцтва стала значна шырэйшым. А наагул гэта будзе абмен інфармацыяй».
Карэспандэнт: «А ці не зарана адбываецца гэты дыялёг?»
Мілінкевіч: «Ну, калі б у Беларусі была адна праблема правоў чалавека, то зарана. Але ў нас самая галоўная праблема — гэта пагроза незалежнасьці. А без супрацы з Эўропай незалежнасьць не ўтрымаем. Таму вельмі важна размаўляць. І гэта не аванс уладзе ў Беларусі ці прызнаньне таго, што зьмірыцца-зьлюбіцца. Абсалютна не. Але размаўляць трэба, бо інакш супрацоўніцтва ня так лёгка ўсталёўваецца. Не ўмацуем сваю эканоміку, не наладзім сувязі і пэўны давер з Эўропай, то будзем правінцыяй Расеі. Я так да гэтага падыходжу».
Як паведамляе прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу ў Беларусі, 16–17 красавіка Ёганэс Ган упершыню наведае Беларусь у якасьці камісара па эўрапейскай палітыцы суседзтва і перамовах пра пашырэньне. Візыт адбудзецца ў рамках наведваньня камісарам усіх шасьці краін «Усходняга партнэрства» напярэдадні Рыскага саміту. Галоўная мэта візыту — вывучыць магчымасьці для паляпшэньня адносін паміж ЭЗ і Беларусьсю.
Чакаецца, што ў рамках візыту камісара Гана адбудзецца шэраг афіцыйных сустрэч, а таксама сустрэчы з апазыцыйнымі палітыкамі. Значная частка праграмы прысьвечана сустрэчам з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці, праваабаронцамі і сваякамі палітычных зьняволеных.