Праваабарончая арганізацыя Amnesty International абнародавала штогадовы даклад аб ужываньні ў сьвеце сьмяротнага пакараньня. Адзначаецца, што Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе сьмяротнае пакараньне ўжываюць рэгулярна.
У канцы 2010-х гадоў у Беларусі назіралася тэндэнцыя паступовага зьніжэньня колькасьці вынесеных сьмяротных прысудаў. Калі ў канцы стагодзьдзя за год расстрэльвалі дзясяткі злачынцаў, то ў 2009 годзе колькасьць вынесеных сьмяротных прысудаў зьнізілася да двух, а ў 2012-м, паводле праваабаронцаў, сьмяротных прысудаў вынесена не было. Аднак да поўнага мараторыю на сьмяротныя пакараньні справа не дайшла, тым больш што ў тым жа годзе былі выкананыя два расстрэлы паводле ранейшых прысудаў. За два наступныя гады вынесьлі яшчэ тры сьмяротныя прысуды, і неўзабаве два зь іх былі выкананыя. Трэці «сьмяротнік», Эдуард Лыкаў, магчыма, дагэтуль чакае сваёй «чаргі» на сьмяротным канвэеры ў менскім ізалятары на Валадарскага, хоць праваабаронцы не выключаюць, што яго ўжо расстралялі.
Сёлета ў сакавіку ў Беларусі быў вынесены чарговы сьмяротны прысуд — Сяргею Іванову з Рэчыцы, якога выязная калегія Гомельскага абласнога суду па крымінальных справах прызнала вінаватым у забойстве. Паводле праваабаронцы зь «Вясны» Андрэя Палуды, Сяргей Іваноў падаў скаргу на прысуд у Вярхоўны суд і будзе змагацца за яго адмену.
Андрэй Палуда паведаміў карэспандэнту Свабоды, што ў дадзены момант на кантролі ў праваабаронцаў яшчэ тры судовыя справы, якія могуць скончыцца вынясеньнем сьмяротных прысудаў.
«Гэтак званая „лідзкая“ справа. У ёй фігуруе малады чалавек, які, паводле сьледзтва, учыеяў забойствы гандлярак.
Яшчэ ёсьць „сьветлагорская“ справа аб забойстве, у якой фігуруюць жанчына і мужчына, але праваабаронцам невядома, каму зь іх канчаткова інкрымінавана забойства. Калі жанчыне, дык сьмяротныя выракі адносна жанчын і дзяцей у Беларусі не выносяцца.
І трэцяя справа — „жлобінская“. У ёй фігуруе абвінавачаны пэўнай нацыянальнасьці, на якую чамусьці заўсёды зьвяртаюць увагу дзяржаўныя мэдыі — гэтая справа таксама можа скончыцца сьмяротным прысудам».
У Беларусі сваякам асуджаных на сьмерць не паведамляюць час і месца выкананьня прысуду, а пасьля расстрэлу трымаюць у сакрэце месца пахаваньня асуджанага. Андрэй Палуда заўважае, што заслона сакрэтнасьці вакол «сьмяротных» спраў пачынаецца значна раней, яшчэ ў судах.
Вельмі рэдка можна даведацца ад супрацоўнікаў прэсавых службаў судоў пра тое, што разглядаецца справа, па якой можа быць вынесены сьмяротны прысуд
«Гэтак працуе судовая сыстэма, што вельмі рэдка можна даведацца ад супрацоўнікаў прэсавых службаў судоў пра тое, што разглядаецца пэўная справа, па якой можа быць вынесены сьмяротны прысуд. Удаецца дзе-нідзе вылавіць такую інфармацыю, але каб гэта стала працавала, каб была сыстэма, — такога няма. Хаця летась у Вярхоўным судзе журналістам абяцалі, што па такіх рэзанансных справах інфармацыя будзе ісьці папярэдне, але гэта не спрацоўвае. Тут можна згадаць сытуацыю з Эдуардам Лыкавым, адносна якога ў лістападзе 2013 году быў вынесены сьмяротны прысуд. Мы даведаліся, што ён знаходзіцца ў ізалятары на Валадарскага, і пра гэта паведамілі. Прычым спачатку былі зьвесткі, што ён нібыта грамадзянін Расеі, што расейская амбасада абвергла. І толькі тады, фактычна пад публічным ціскам, Вярхоўны суд мусіў даць пра Эдуарда Лыкава падрабязную інфармацыю і прызнаць, што такі чалавек асуджаны на сьмерць. Дарэчы, з той жа прычыны сакрэтнасьці нам дагэтуль невядома, ці выкананы адносна яго прысуд. На сьнежань 2014 году было вядома, што Эдуард Лыкаў быў на „Валадарцы“, а далей зьвестак ня маем: афіцыйна нічога не паведамляюць, а сваякоў, якія б сказалі пра ягоны лёс, у яго няма».
Тамара Сялюн, маці асуджанага да сьмерці і расстралянага ў 2014 годзе Паўла Сялюна з Гародні, праз суд дамагаецца адмены палажэньня Крымінальнага кодэксу, паводле якога забаронена паведамляць сваякам пакараных сьмерцю пра месца пахаваньня. Канстытуцыйны суд на зварот Тамары Сялюн паведаміў, што яна ня мае права на такую ініцыятыву, і пералічыў 5 суб’ектаў, якія паводле заканадаўства маюць права ініцыяваць зьмены ў законах. Сярод іх прэзыдэнт, парлямэнт, Вярхоўны суд. У межах грамадзкай кампаніі «Праваабаронцы за адмену сьмяротнага пакараньня» праваабаронцы «Вясны» разам з Тамарай Сялюн падрыхтавалі звароты, якія днямі будуць накіраваныя па ўсіх пяці адрасах.