Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЗ крытыкуе Беларусь за чарговы сьмяротны прысуд


Краіны, дзе караюць сьмерцю.
Краіны, дзе караюць сьмерцю.

Эўразьвяз выступіў з рэзкай крытыкай Беларусі, адзінай эўрапейскай краіны, якая ўжывае сьмяротнае пакараньне, за вынясеньне сьмяротнага прысуду асуджанаму.

ЭЗ зноў заклікаў Беларусь далучыцца да глябальнага мараторыю на сьмяротнае пакараньне як першага кроку да яго поўнай адмены. Пра гэта гаворыцца ў заяве, разьмешчанай на афіцыйным сайце кіраўніка эўрапейскай дыпляматыі Фэдэрыкі Магерыні.

У заяве адзначаецца, што напярэдадні суд у Гомелі прыгаварыў да сьмяротнай кары Сяргея Іванова па абвінавачваньні ў забойстве і згвалтаваньні.

ЭЗ выказаў «глыбокія спачуваньні ахвяры гэтых злачынстваў». «Нягледзячы на гэта, ЭЗ выступае супраць сьмяротнага пакараньня ва ўсіх выпадках, паколькі яно ня можа быць апраўданым ні пры якіх абставінах. Сьмяротнае пакараньне зьяўляецца жорсткім і бесчалавечным пакараньнем, якое ня дзейнічае як стрымальны фактар і ёсьць непрымальным адмаўленьнем чалавечай годнасьці і недатыкальнасьці», — гаворыцца ў заяве.

Эўразьвяз адзначае, што права асуджанага падаць апэляцыю павінна быць гарантаванае.

Апошняе сьмяротнае пакараньне ў Беларусі зафіксавана ў красавіку 2014 году.

Праваабаронцы заявілі, што чалавека, якога асудзілі за забойства яго жонкі і яе палюбоўніка, пакаралі сьмерцю перад тым, як яго скаргу разгледзеў камітэт ААН па правах чалавека.

Гомельскі абласны суд 18 сакавіка да выключнай меры пакараньня за забойства, учыненае з асаблівай жорсткасьцю, прыгаварыў раней судзімага жыхара Рэчыцы Сяргея Іванова. «Па сукупнасьці злачынстваў, пастаноўлена канчаткова прызначыць абвінавачанаму выключную меру пакараньня — сьмяротную кару — расстрэл», — гаворыцца ў паведамленьні Гомельскага абласнога суду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG