Калі гульня будзе карыстацца папулярнасьцю, распрацоўшчыкі абяцаюць перанесьці яе на іншыя плятформы і падумаць пра новыя, больш складаныя беларускамоўныя гульні.
Для смартфонаў і пляншэтаў на Android выйшла беларускамоўная мабільная гульня «Яшчарка» — лічбавы дапаможнік для аднайменнай гульні ў рэальным сьвеце, накшталт «Кракадзіла». Яе можна бясплатна спампаваць з PlayStore.
Гуляць у «Яшчарку», на першы погляд, проста. Вядоўца загадвае словазлучэньне (іх генэруе праграма) аднаму з гульцоў, а той мусіць паказаць яго іншым гульцам бяз словаў, адно рухамі і мімікай. Напрыклад, загадалі цукар — паказвайце, што гэта нешта салодкае, сыпучае ці ў кубіках, з чым п’юць каву і гарбату, але не паказвайце пальцам на цукар на кухні і не пішыце пальцам слова ў паветры. Гулец, які адгадае словазлучэньне, становіцца наступным вядоўцам.
Што праўда, гульня становіцца складанай, калі выпадаюць пэўныя камбінацыі словаў. Магчыма, гульцам давядзецца паказаць бяз словаў «замшэлы ёгурт», «салодкі аўтобус» і «лірычны дэпазыт».
«Яшчарка» ўжо выходзіла ў настольнай вэрсіі па-беларуску ў 2014 годзе, набор картак дагэтуль у продажы, яе выдалі тыя ж людзі, што распрацавалі беларускамоўную настольную гульню «Разам».
Як распавёў Свабодзе адзін з аўтараў згаданых гульняў Павал Берасьнеў, лічбавая вэрсія мае не замяніць, а падтрымаць папяровую гульню:
«Гульня прадаецца, але ня так актыўна, як нам хацелася. Настольная гульня простая, яна складаецца са 100 прыметнікаў і 100 назоўнікаў, гэта проста карткі са словамі. Мы вырашылі, што няма асаблівай каштоўнасьці ў гэтым, што калі выдадзім мабільную праграму, гэта ніяк не пашкодзіць настольнай гульні. Проста не шкада было зрабіць».
Калі гульня набудзе папулярнасьць і будзе запатрабаванай, распрацоўшчыкі абяцаюць падумаць пра тое каб выдаць яе на iOS і іншых мабільных плятформах, дадаць зьмену прыметнікаў па родах (пакуль прыметнік толькі ў мужчынскім родзе, нават калі назоўнік у жаночым), а то і выдаць больш маштабныя настольныя гульні для смартфонаў, у якіх варта будзе ўжо думаць пра манэтызацыю.