Як лельчыцкія гастарбайтэры разьвіталіся з расейскім заробкам

Гастарбайтары зь Лельчыцаў Руслан Грэська і Аляксандар Буцько

15 жніўня суд Калінкавіцкага раёну аштрафаваў двух маладых жыхароў Лельчыцаў на 60 базавых велічыняў (кожнага на 1380 рублёў) на падставе ўказу № 49 «Аб забесьпячэньні парадку пры ажыцьцяўленьні валютных апэрацый» і пастанавіў канфіскаваць у іх па 100 тысяч расейскіх рублёў у даход дзяржавы — за тое, што атрымалі заробак расейскімі банкнотамі.

Гэтая гісторыя больш нагадвае дэтэктыў — з сумным фіналам для гастарбайтэраў зь беларускага райцэнтру Лельчыцы. Аляксандар Буцько і Руслан Грэська будавалі ў Маскве розныя офісы ды іншыя мураванкі.

У Аляксандра там нават свая фірмачка зарэгістраваная — ТАА «Сыстэмнае капітальнае будаўніцтва». Гэта каб «расейскія браты» ня тыкалі кожны раз з нагоды і безь яе: «Ты тут ніхто і зваць цябе ніяк». Фірма зарэгістраваная ў Адзіным дзяржаўным рэестры юрыдычных асобаў Расеі, у Фэдэральнай падатковай службе.

Толькі вось незадача — не кантралююць ні гэтыя, ні іншыя структуры разьлікі паміж расейскімі заказчыкамі й беларускімі выканаўцамі. Бывае, гнуць беларусы сьпіны на будоўлі, а як даходзіць да разьліку — устань і пасунься.

«Сустрэнемся ў АБЭП»

«Мы працавалі на замову Анатоля Сныцарава. Сам ён родам з Мазыра, але ўжо мае расейскае грамадзянства, — кажа Аляксандар Буцько. — Разьлічваўся ён нерэгулярна, і мы вырашылі спыніць зь ім працоўныя стасункі. Відаць, не спадабалася. Прыслаў электроннае паведамленьне: «Вы ад працы адмовіліся, таму не звані і не турбуйся. Я ад словаў не адмаўляюся. Сустрэнемся ў АБЭП Гомельскай вобласьці».

Пакуль Буцько й Грэська былі ў Маскве, Сныцараў зь імі так і не разьлічыўся. Казаў, ня мае магчымасьці. На пагрозу лельчукі наагул махнулі рукой — з гарачкі чалавек выпаліў, прыстрашыў, каб не дакучалі.

«13 ліпеня Сныцараў патэлефанаваў мне і сказаў, што 17 ліпеня прыедзе ў Мазыр да свайго сваяка й намесьніка Дзьмітра Нікіценкі і прывязе нам заробленыя грошы», — тлумачыў у судзе Аляксандар Буцько.

У названы дзень Сныцараў сапраўды быў у Мазыры, прасіў лельчукоў прыехаць да яго ў горад. Але за пятнаццаць хвілін да прызначанага часу ператэлефанаваў на мабільнік Аляксандра і прапанаваў кіравацца ў прыдарожную кавярню «У лукоморья», што паблізу вёскі Сітня Калінкавіцкага раёну, пры выезьдзе з мазырскай шашы на трасу Кобрынь — Гомель — Бранск.

Кавярня

«Мы рванулі ў тое „Лукамор’е“ ў надзеі атрымаць заробак, — кажа Руслан Грэська. — Разумееце, у мяне двое дзяцей, жонка ў дэкрэце, ды яшчэ дом будую — капейку з капейкай ледзь сточваю. У Аляксандра — трое дзетак. Жонка яго акурат з двума меншымі была з намі ў машыне».

«Схавайце грошы — ветрам зьнясе»

Прыехалі лельчукі, селі за столік. Сныцараў зь імі. Абрадаваў — сапраўды прывёз грошы, па сто тысяч расейскіх.

«Пішыце расьпіскі», — закамандаваў госьць. І прадыктаваў, што менавіта трэба пісаць. Руслану — што гэта заробак яго й Таболіча. Буцько нібыта меўся дзяліцца зь Юдзенкам.

Калі хлопцы пералічылі грошы, параіў: «Ды схавайце вы, каб ветрам са стала ня зьдзьмула».

І як толькі лельчукі паклалі грошы ў кішэні, з альтанкі, што мэтраў за дваццаць, падняліся трое і мігам да століка: «Мы зь міліцыі».

«Валянцін Хомчыц прадставіўся супрацоўнікам АБЭП Лельчыцкага РАУС — я яго ведаў. Віктар Навіцкі — опэрупаўнаважаным, хоць ён начальнік ізалятара ў Лельчыцах. Трэці назваўся Мікалаем, супрацоўнікам аддзелу па барацьбе з наркотыкамі Мазырскага РАУС. Гэты апошні й стаў з ходу вінаваціць нас, што нібыта бачыў, як мы перадалі Сныцараву скрутак зь белым парашком, а Сныцараў нам — грошы. Запрасілі нейкіх дзьвюх дзяўчат панятымі, хацелі нават рабіць ператрус у маёй машыне, але ўбачылі там жонку і дзяцей і пераключыліся на расейскія грошы. У пратаколах гэты трэці нідзе ня значыцца. І новых панятых прывялі — мужчын», — працягвае Буцько.

«Хто гэты трэці? І чаму яго няма ў пратаколах?» — запыталася судзьдзя Сьвятлана Кугейка ў старшага опэрупаўнаважанага АБЭП Хомчыца, які выступаў сьведкам у судзе. Гэта цікавіла й адваката лельчыцкіх жыхароў Валянціна Нісьцюка.

«Ён не праводзіў ніякіх апэратыўных дзеяньняў, — казаў Хомчыц. — Гэта быў супрацоўнік Мазырскага міжраённага аддзелу Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў КДК Сулім. Я яго паінфармаваў, што будзе перадача расейскіх грошай, ён выявіў інтарэс і прысутнічаў».

Суд Калінкавіцкага раёну

Суд высьвятляў у Валянціна Хомчыца: ці тлумачылі Аляксандар Буцько й Руслан Грэська пры затрыманьні, за што атрымалі расейскія грошы?

«Казалі, што зарабілі ў Расеі. Але дзе, што й як — фірма там у іх ці што іншае — я не высьвятляў. Буцько патлумачыў, што на той момант ён не працаваў — я так і запісаў у пратаколе затрыманьня. Адміністрацыйны пратакол на парушэньне ўказу аб валютных апэрацыях складала падатковая інспэкцыя Калінкавіцкага раёну. Мы перадалі ім грошы й расьпіскі».

У лельчыцкіх гастарбайтараў паўстала пытаньне і наконт таго, чаму не складалі пратакол у дачыненьні да Анатоля Сныцарава, які перадаваў ім расейскія грошы?

«Дык за перадачу грошай адказнасьці няма», — адказаў Хомчыц.

«Аднаклясьнікі» й дама ў бікіні

Пікантная сытуацыя выявілася падчас высьвятленьня асабістых стасункаў Валянціна Хомчыца і расейскага грамадзяніна беларускага паходжаньня, які перадаваў грошы.

Менскі адвакат Валянцін Нісьцюк, які прадстаўляў інтарэсы Буцька й Грэські, паінфармаваў суд, што ягоныя давернікі знайшлі ў сацыяльнай сетцы «Аднаклясьнікі» фатаздымак жонкі Хомчыца ў купальніку — на лецішчы Сныцарава на Чорным моры. На заднім пляне й сам Хомчыц. Здымак жыхары Лельчыц раздрукавалі: адразу пазналі тое «прычарнаморскае лукамор’е» Анатоля Сныцарава, бо раней будавалі яго.

«Я быў у адпачынку, заяжджаў да Сныцарава, але гэта было ўжо пасьля адміністрацыйнай справы. Я і ў Маскве быў. Мы праводзім праверку наконт вярбоўкі беларускіх грамадзянаў на працу ў Расею. Вы мяне абражаеце! Вам жонка згоды не давала на выкарыстаньне гэтых здымкаў! Перадайце, перадайце іх суду».

Валянцін Хомчыц расхваляваўся. Стаў дапытвацца ў адваката, не зважаючы на судовае паседжаньне: «Як ваша прозьвішча, мужчына ў белых шкарпэтках? Далучыце, далучыце здымкі да справы!»

На просьбу самога Хомчыца адвакат і прасіў суд далучыць іх да адміністрацыйных матэрыялаў. Але судзьдзя Кугейка адхіліла прапанову як не датычную да справы.

Валянцін Хомчыц не дае выехаць «Мэрсэдэсу» адваката

Зрэшты, оперупаўнаважаны Хомчыц і пасьля суду настойваў, каб адвакат Нісьцюк аддаў жончыны здымкі зь лецішча Сныцарава. Нават стаў ззаду аўтамабіля адваката, каб ня даць яму выехаць са стаянкі. І казаў: «Во, аўтамабіль харошы! Вы на маёй жонцы грошы зарабляеце!»

Давялося выклікаць дзяжурную брыгаду калінкавіцкіх міліцыянтаў.

Пра змову й штраф

Самі фігуранты адміністрацыйнай справы — Аляксандар Буцько і Руслан Грэська — ня лічаць сябе вінаватымі ў парушэньні ўказу.

«Мы працуем у Расеі на законных падставах, атрымліваем грошы ў расейскіх рублях, плацім „расеяй“ падаткі. Мы не рабавалі, не забівалі, не разьлічваліся за нейкі тавар ці паслугу расейскімі грашыма. Нам перадалі наш заробак — і цяпер за яго й караюць. Лічу, што была змова Сныцарава зь міліцыянтамі», — кажа Аляксандар.

Руслан дадае, што сам ён раней працаваў электрыкам у Лельчыцкай ПМК:

«Пакінуў працу з прычыны мізэрных заробкаў. У мяне сям’я, другое дзіцятка нарадзілася. У Расею ежджу на заробкі, бо дома нявыкрутка. Будзем абскарджваць штраф. Такіх, як я, у Лельчыцах дзясяткі, у Беларусі — тысячы».