Усясьветная арганізацыя аховы здароўя рапартуе пра посьпехі ў змаганьні з ліхаманкай Эбола ў Афрыцы. За апошнія тыдні ў Лібэрыі вірусам заразілася рэкордна мала людзей, калі лічыць ад леташняга чэрвеня, а ў Сьера-Леонэ і Гвінэі — ад жніўня. Такім чынам, прагрэс назіраецца ва ўсіх трох заходнеафрыканскіх краінах, дзе ўспышка хваробы аказалася найвастрэйшаю. Найбольшая колькасьць заражэньняў — звыш 10 тысяч з агульнага ліку больш як 21 тысяча — зафіксаваная ў Сьера-Леонэ. У самым эпіцэнтры знаходзіцца і, бадай, адзіны беларус, які дапамагае афрыканцам супрацьстаяць навале духоўна і матэрыяльна — каталіцкі місіянэр, ксёндз Сяргей Гоман.
Мэдычная дапамога на нулявым узроўні, небясьпека тоіцца ўсюды
Айцец Гоман місіянэрам у Афрыцы амаль паўтара дзясятка гадоў, апошнія сем гадоў — у Сьера-Леонэ. Дагэтуль быў у Гане, Угандзе, Нігерыі, Кеніі. Толькі раз на 2–3 гады ўдаецца выехаць з Афрыкі на вакацыі дадому. З тэхнічных прычынаў аказалася ня так проста паразмаўляць зь ім праз тэлефон ці скайп, давялося задаволіцца электронным ліставаньнем. Пры гэтым суразмоўца папярэдзіў, што будзе пісаць па-ангельску, бо ня мае клявіятуры з кірылічнымі літарамі.
Неўзабаве ад Сяргея Гомана прыйшлі першыя здымкі. На іх — глухая, цяжкадаступная вёска, дзе больш за 20 чалавек ужо памерлі ад ліхаманкі Эбола. Як удакладняе сьвятар, гэта аддаленае месца, фактычна адарванае ад «вялікай зямлі», з дрэннай дарогай і нулявой інфраструктурай. Дапамог верны сябра — матацыкл. Дабраўся не без прыгодаў, але галоўнае, што здолеў перадаць дарослым і дзецям калядныя падарункі. Адметна, што ўсе жыхары ў той вёсцы мусульмане, але, як кажа Сяргей Гоман, «яны пачулі мой мэсэдж, што Бог любіць іх і клапоціцца пра іх».
Наколькі мясцовыя напалоханыя ліхаманкай Эбола? Вось якое ўражаньне склалася ў беларускага місіянэра: «Мясцовыя людзі не баяцца ўвогуле нічога. Я не перабольшваю. Баяліся хіба напачатку: некаторыя перасталі паціскаць адзін аднаму руку ды ў сям’і асьцерагаліся есьці з адной талеркі. Але цяпер і гэтыя страхі адыходзяць».
На афрыканскім кантынэнце дзясяткі хваробаў, якія пагражаюць жыцьцю. Паколькі мэдычная дапамога на нулявым узроўні, небясьпека тоіцца практычна ўсюды:
«Увогуле тут вельмі шмат хваробаў, ад якіх можна памерці. Некаторыя небясьпечныя перадусім таму, што няма своечасовай мэдычнай дапамогі. Прыкладам, у вёсках няма практычна ніякага доступу да лекаў і мэдычнага абслугоўваньня, таму бедныя людзі зьвяртаюцца да так званых „witch doctors“ — то бок ідуць да знахараў ці ведзьмакоў, якія лечаць заклінаньнямі. Часам гэта бывае карысна, але ў большасьці выпадкаў толькі шкодзіць».
Традыцыйнай бядой для Афрыкі застаецца высокая дзіцячая сьмяротнасьць. Насуперак пашыранай думцы, што слабыя арганізмы малых не вытрымліваюць выпрабаваньня хранічным голадам, спадар Гоман не такі катэгарычны:
«На жаль, у Сьера-Леонэ кожнае сёмае дзіця памірае, не дасягнуўшы пяці гадоў. Што тычыцца наступстваў хранічнага недаяданьня, то, відаць, у большай ступені ўсё ж паміраюць ад харчовага атручэньня, але я ніколі ня чуў, каб хтосьці паміраў ад голаду».
Карупцыя сярод палітыкаў у Сьера-Леонэ такая ж, як і ўсюды
Ці здольныя ўлады афрыканскіх дзяржаваў самастойна змагацца з праблемамі, якія прыносіць кожная новая навала — як ліхаманка Эбола ці любая іншая эпідэмія? Сяргей Гоман перакананы, што такая задача — з шэрагу невырашальных:
«Сьера-Леонэ — адна з найбяднейшых краінаў у сьвеце. І дзеля таго, каб супрацьстаяць Эболе, у іх няма ні ўласных сродкаў, ні тэхнічных магчымасьцяў. То бок, самастойна, без дапамогі іншых дзяржаваў, справіцца з навалай немагчыма. Дзеля справядлівасьці, немалая дапамога, у тым ліку фінансавая, зь іншых краінаў паступае, але як урэшце расходуюцца гэтыя сродкі — нікому невядома. На жаль, тут карупцыя таксама мае вялікія памеры сярод палітыкаў».
Як удакладняе суразмоўца, практычна ўсе краіны Афрыкі сутыкаюцца з адной і той жа праблемай — закрытасьцю і недаступнасьцю інфармацыі. З аднаго боку, афіцыйныя крыніцы прызнаюць, што атрымліваюць адчувальную дапамогу ад зьнешніх донараў, а зь іншага боку — надзвычай складана прасачыць шлях гэтых сродкаў да атрымальніка. На яго думку, у дадзеным выпадку нашмат больш эфэктыўнымі былі б адрасныя пералічэньні на стварэньне шпіталяў ды месцаў занятасьці насельніцтва:
«Тры краіны, якія найбольш ахопленыя ліхаманкай Эбола, — гэта Гвінэя, Лібэрыя і Сьера-Леонэ. Больш ці менш аднолькава яны выглядаюць і ў эканамічным пляне. Мне даводзілася чуць меркаваньні, што багатыя краіны першага сьвету ня хочуць, каб краіны трэцяга сьвету разьвіваліся. Вось чаму заможныя дзяржавы адпраўляюць дапамогу толькі на пэўных умовах — накшталт прызнаньня гей-шлюбаў.
Але час ад часу я чытаю ў газэтах, што ў тую ж Сьера-Леонэ паступаюць вялікія, нават гіганцкія ахвяраваньні. Іншая справа, дзе яны асядаюць. Вось гэта сапраўды незразумела. Часам я бачу, што нейкая тэрыторыя занятая нейкай краінай, Кітаем ці іншымі, якіх я не хачу называць, або нават кампаніямі, напрыклад, Africa Minerals. Асабіста мне хацелася б, каб дапамога была рэальная, каб на гэтыя грошы будаваліся шпіталі, прадпрыемствы, каб людзі маглі працаваць, забясьпечваць сябе і свае сем’і».
Больш бясьпечна ў Афрыцы, бо тут меней спакусы забыцца на Бога
Сьера-леонцы, не далучаныя да выгодаў цывілізацыі, стаічна пераносяць надзённыя праблемы. Таму, як кажа Сяргей Гоман, у гэтым выпадку для іх ня менш важная духоўная падтрымка: «Як правіла, у людзей з багатых, разьвітых краінаў матэрыяльныя рэчы прэвалююць над духоўнымі. А вось у жыхароў Сьера-Леонэ такіх моцных сацыяльных разыходжаньняў няма, тут збольшага ўсе аднолькавыя ў сваёй нястачы. Часам у мяне пытаюцца: дзе больш небясьпечна жыць — у Афрыцы ці ў Эўропе? Я адказваю, што больш бясьпечна ў Афрыцы, бо тут меней спакусы забыцца на Бога. У Эўропе ўсё так прыстасавана, што боскія знакі губляюцца ў штодзённым існаваньні людзей, іх складана разгледзець. Дзякуй Богу, беларусы не прымаюць такіх дурных рашэньняў, як эўрапейцы, беларускі закон не прызнае абортаў, заахвочвае нараджэньне дзяцей і сямейны дух і тое, чаго Бог хоча...
Каталіцкая місія робіць вельмі вялікі ўнёсак, палова школаў у Сьера-Леонэ належаць менавіта каталіцкай царкве, хоць каталікоў тут усяго каля 10%. Каталіцкі сьвяты Дон Боска некалі трапна зазначыў: «Мы ў першую чаргу робім зь людзей добрапрыстойных грамадзян, а ўжо затым — добрых хрысьціян».
Тым ня меней, бальшыня канфліктаў у Афрыцы ўзьнікаюць якраз на рэлігійнай глебе — дае знаць нецярпімасьць да іншай веры і яе прыхільнікаў. Часьцяком супрацьстаяньне заканчваецца крывавымі чысткамі. Таму адно са сваіх заданьняў Сяргей Гоман акрэсьлівае так: паспрабаваць пасяліць мір у душах людзей — розных вонкава, але аб’яднаных адзінымі памкненьнямі:
«У Сьера-Леонэ, дзякуй Богу, мы жывём у міры зь іншымі рэлігіямі. Пры гэтым я перакананы, што ў любой рэлігіі фанатызм уносіць толькі блытаніну і войны. Я ўжо амаль 14 гадоў у Афрыцы і вельмі рады, што магу дапамагчы духоўна, а часам і матэрыяльна людзям, жыцьцё якіх тут вельмі няпростае. Таму людзі так шчыра цэняць, калі ім хтосьці дапамагае. Што і намагаецца рабіць каталіцкая царква і я ў яе асобе».
Калі адказы на журналісцкія пытаньні былі падрыхтаваныя і адасланыя, спадар Гоман прыслаў наўздагон яшчэ адну «рэфлексію для разважаньняў». Простымі словамі ён паказаў розьніцу паміж эўрапейцамі і жыхарамі Чорнага кантынэнту:
«Тут, у Сьера-Леонэ, калі я пытаюся ў кагосьці — „Як ты, як справы?“ — амаль заўсёды адказ будзе гучаць аднолькава: „Дзякуй Богу, што яшчэ жывы“. Прычым тыя людзі, якія адказваюць падобным чынам, могуць ня мець ні працы, ні дома, вельмі мала ежы, і іх будучыня зусім не акрэсьленая, але ўсё ж яны не стамляюцца дзякаваць Богу, што працягваюць жыць. Калі я еду на радзіму ў Беларусь на вакацыі або наведваю сяброў у іншых краінах і задаю тое ж самае пытаньне — „Як ты?“ — значная частка адказаў будзе такая: грошай не хапае, праца ня вельмі добрая, здароўе дрэннае і гэтак далей. Хоць, калі я гляджу на іх, на самой справе яны разоў у 50 жывуць лепш, чым насельнікі Сьера-Леонэ. Людзі павінны больш любіць і менш скардзіцца, тады сьвет стане спакайнейшым месцам, каб у ім жыць у міры і згодзе...»
У сьвятары — з дыплёмам кіроўцы і электрагазазваршчыка
Сяргей Гоман нарадзіўся ў 1978 годзе ў Дзятлаве Гарадзенскай вобласьці. Пасьля базавай школы вучыўся ў Казлоўшчынскай ПТВ, дзе атрымаў спэцыяльнасьці электрагазазваршчыка і кіроўцы-прафэсіянала на аўтамабілі КамАЗ. Але пасьля завяршэньня вучобы адчуў іншае памкненьне — стаць сьвятаром кангрэгацыі салезіянцаў дона Боска. Быў накіраваны ў Маскоўскую вобласьць, дзе цягам году знаёміўся з побытам салезіянцаў. Адтуль быў пераведзены ў Санкт-Пецярбург, стаў паслушнікам у сэмінарыі, два гады вывучаў філязофію. Пасьля гэтага зноў вярнуўся ў Маскву, служыў у Катэдральным саборы Беззаганнага зачацьця Найсьвяцейшай Дзевы Марыі, працаваў з моладзьдзю, займаўся іншымі пастырскімі справамі.
На пытаньне, якім чынам апынуўся ў Афрыцы, спадар Сяргей адказвае, што ніколі не выношваў плянаў паехаць на Чорны кантынэнт. Хоць, удакладняе, і адчуваў, што ягонае прызваньне — быць місіянэрам. Таму напісаў адмысловае прашэньне вышэйшаму кіраўніцтву кангрэгацыі салезіянцаў дона Боска ў Італіі з просьбай выправіць у місію. Пры гэтым апошні сказ гучаў так: «Толькі, калі ласка, не адпраўляйце мяне ў гарачую краіну. Але калі ў гэтым будзе неабходнасьць, я гатовы выправіцца куды заўгодна». І досыць хутка атрымаў адказ, што будзе накіраваны для служэньня ў Заходнюю Афрыку.
Калі сьвятар урэшце пагадзіўся з такім выбарам, спачатку адкамандзіравалі ў Ірляндыю вывучаць ангельскую мову, пасьля чаго ён ад’ехаў у Італію, каб атрымаць місіянэрскі крыж. 11 верасьня 2001 году, якраз калі тэрарысты атакавалі хмарачосы ў Нью-Ёрку, спадар Сяргей вылецеў у Гану. Навучаўся тэалёгіі ў Кеніі ды іншых краінах, а пазьней перабраўся ў Сьера-Леонэ.
Чаму так надоўга зацягнулася афрыканская місія? Як кажа сам суразмоўца, тут яму добра, у Афрыцы ён насамрэч адчувае сябе на сваім месцы. Хоць, што тычыцца фізычнага стану, то экстрэмальныя ўмовы не паляпшаюць здароўе. І прыводзіць прыклад: калі раней хварэў на малярыю раз на год, то цяпер — амаль што кожныя 2-3 месяцы. Аднак у гэтым сэнсе Сяргей Гоман прытрымліваецца вядомага выслоўя: справа ня ў тым, як доўга ты можаш пражыць, а ў тым, як ты жывеш.