У чарговай перадачы сэрыі «Інтэрвію тыдня» палітык Павал Севярынец адказвае на пытаньне, чаму ўлады баяцца рэгістраваць БХД, ці дазволіць Масква візыт у Беларусь папы Рымскага і чаму ў змаганьні з расейскай пагрозай варта спадзявацца не на дзяржаву, а на незалежнае грамадзтва. Зь ім гутарыў Віталь Цыганкоў.
— У СМІ час ад часу зьяўляюцца паведамленьні пра чарговую нерэгістрацыю БХД — Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Чаму нават цяпер, на фоне пэўнай лібэралізацыі адносінаў з Захадам, улады вас усё роўна не рэгіструюць?
— Рэжым баіцца масавай хрысьціянскай дэмакратыі, баіцца палітычнай партыі, да якой могуць далучыцца многія і многія вернікі. Бо статус нерэгістрацыі адпуджвае значную частку і сьвятароў, і вернікаў, — а калі гэтая партыя будзе дазволеная і легалізаваная, то яна хутка можа стаць масавай сілай. Абсалютная большасьць царкоўных супольнасьцяў непадкантрольныя цяперашняму рэжыму.
— Партыяў на сёньня хапае, і нешта не відаць, каб яны павялічвалі сваю колькасьць апошнія гады. Чаму вы думаеце, што БХД можа стаць масавай?
— БХД — гэта адзіная масавая партыя, якая ўзьнікла ўжо падчас росквіту дыктатуры. Усе астатнія партыі ўзьніклі раней, і цяпер яны альбо зьмяншаюць, альбо захоўваюць сваю колькасьць. А БХД прагрэсуе, і ў гэтым небясьпека для ўлады. Калі гэтая форма можа расьці — дай ёй спрыяльныя ўмовы, і яна будзе пашырацца. Я магу прывесьці гістарычны прыклад БХД, якая дзейнічала ў 20–30-я гады ў Заходняй Беларусі, ва ўмовах нацыянальнага і дзяржаўнага ціску. І, паводле гісторыкаў, гэта была адзіная беларуская партыя, якая ў 1930-я гады пашырыла свае шэрагі.
— Пасьля візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Італію зноў сталі абмяркоўваць магчымасьць візыту ў Беларусь папы Рымскага і магчымасьць ягонай сустрэчы тут з патрыярхам Рускай праваслаўнай царквы. Па-вашаму, наколькі рэалістычны гэты візыт?
— Калі казаць пра імавернасьць — думаю, цяпер гэта 50 на 50. Гаворка ідзе пра найбліжэйшы год, потым сытуацыя можа мяняцца ў адзін ці другі бок. Бо пасьля Кубы відавочна, што патрэбны працяг працэсу дыялёгу паміж каталіцкай і праваслаўнай царквой.
Касьцёл разумее, што для яго прыезд у Беларусь папы — гэта іміджавыя страты ў пэўным сэнсе.
Беларусь — някепская пляцоўка, гістарычна гэта месца сустрэчы праваслаўя і каталіцтва. Праблема ў рэжыме, які пануе ў Беларусі. Касьцёл разумее, што для яго прыезд у Беларусь папы — гэта іміджавыя страты ў пэўным сэнсе. Таму трэба, каб беларускія ўлады пайшлі насустрач Касьцёлу. Я думаю, што цяпер ідзе абгаворваньне такіх крокаў. Іншымі словамі, Ватыкан проста так ня будзе кідаць выратавальны круг Лукашэнку.
— Адны кажуць, што Лукашэнка ня мог запрашаць у Беларусь папу, не спытаўшыся ў праваслаўнага патрыярха. Іншыя кажуць, што тут Лукашэнка, наадварот, мае магчымасьць паказаць сваю самастойнасьць, а заадно паказаць РПЦ яе месца...
— Думаю, калі Пуціну спатрэбіцца чарговы масток для наладжваньня стасункаў з Захадам і Крэмль запатрабуе ад праваслаўнай царквы сустрэчы на тэрыторыі Беларусі — то Масква можа апынуцца «ў гульні», і такая сустрэча можа адбыцца.
— Раней пра імпэрскую пагрозу Расеі казалі толькі апазыцыйныя палітыкі і незалежныя публіцысты і аналітыкі. Але вось днямі з такімі ж матывамі зьявіўся артыкул праўладнага палітоляга Царыка ў «Советской Белоруссии». Ці азначае гэта, што і з боку ўладаў ёсьць разуменьне такой пагрозы?
— Мяркую, сёньняшнія ўлады даўно зразумелі небясьпеку Расеі, нават для выжываньня цяперашняга рэжыму. Але яны ня маюць палітычнай волі (ці нават магчымасьці) дзейнічаць супраць. Таму мы назіраем такую карціну — на ўзроўні рыторыкі дзяржава асьцярожна дае зразумець, што не хацела б бачыць тут усіх гэтых ДНРаў, але, зь іншага боку, баіцца Пуціна, бо ён мае рычагі, каб гэты рэжым хутка «прыхлопнуць».
Таму мы назіраем толькі словы, спраў пакуль няма. Той жа Мільчакоў — цалкам адыёзная асоба. І калі ён гуляе па Беларусі і робіць тут сэлфі — то альбо беларускія спэцслужбы дарма ядуць свой хлеб, альбо тут негалосная дамова з ФСБ.
Таму тут асноўная ініцыятыва павінна ісьці ад грамадзтва. Блогеры робяцца баявымі адзінкамі, каб супрацьстаяць гэтай агрэсіі. Кожнаму з нас трэба браць на сябе гэтую ролю. Беларускія хрысьціянскія дэмакраты падалі некалькі заяваў у пракуратуру ў сувязі зь дзейнасьцю такіх фармаваньняў. Тут пытаньне выжываньня беларусаў як нацыі, гэтая зараза можа глыбока пранікнуць у Беларусь.
— Атрымліваецца, што ў такой сфэры, як незалежнасьць і дзяржаўная бясьпека, асноўны цяжар на сябе павінны браць блогеры. А на дзяржаўныя органы вы ўжо не спадзеяцеся?
— І ў сёньняшняй дзяржаўнай сыстэме ёсьць людзі, якія разумеюць гэтую небясьпеку і нават гатовыя нешта рабіць. Варта ацаніць, што такая публікацыя зьявілася — гэта сыгнал, што ёсьць такія сілы. Але за 22 гады рэжым настолькі адбіў ініцыятыўнасьць ва ўсіх чыноўнікаў, настолькі прывучыў іх мысьліць катэгорыямі «1984», што з гэтага будзе мала толку. Вось якраз актыўнасьць грамадзтва, з падтрымкай міжнароднай супольнасьці, асобных людзей ва ўладзе — можа паставіць перашкоду расейскай агрэсіі.
— Ці прапусьціць улада апазыцыю ў парлямэнт на гэтых выбарах? Надта шмат абставінаў прымушае яе гэта зрабіць.
Пры сёньняшнім рэжыме рашэньне пра страту незалежнасьці можа быць аформленае літаральна за гадзіну
— Маё меркаваньне пра гэтыя выбары вельмі скептычнае. Нават калі рэжым не прапусьціць «апазыцыянэраў» у Палату — справа можа скончыцца міжнародным прызнаньнем гэтай структуры. А гэта можа пацягнуць за сабой прызнаньне незаконных, антыканстытуцыйных законаў, якія гэтая палата штампуе альбо праштампуе. Ажно да рашэньня пра страту незалежнасьці. Пры сёньняшнім рэжыме яно можа быць аформленае літаральна за гадзіну.
Акрамя таго — лета, людзі ў сувязі з крызісам настроеныя вельмі кепска, натуральным чынам байкатуюць усе кампаніі, зьвязаныя з выбарамі. Таму мне проста па-чалавечы шкада тых людзей, якія ідуць на выбары.
У нас у партыі ёсьць два погляды — тыя, хто прынцыпова за байкот, і тыя, хто за ўдзел. Прынята рашэньне, што БХД як палітычная сіла ня ўдзельнічае. Але асобныя сябры партыі могуць выкарыстаць гэтыя выбары для сваіх асабістых кампаніяў.