21 кастрычніка падчас мітынгу на Кастрычніцкай плошчы Менску Сяргей Фалейчык даў інтэрвію тэлеканалу «Белсат», што міліцыя палічыла парушэньнем артыкулу 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных парушэньнях і завяла на актывіста справу.
Як адзначаюць у праваабарончым цэнтры «Вясна», гэта ўжо трэці выпадак, калі ў Беларусі прыцягваюць да адказнасьці за інтэрвію, якое нібыта зьмяшчае заклікі да несанкцыянаванай акцыі, між тым як Кодэкс аб адміністрацыйных парушэньнях яшчэ не прадугледжвае за гэта пэўнага пакараньня.
Праваабаронцы нагадваюць пра справу Ўладзімера Някляева, які адбывае 10 сутак арышту за інтэрвію наконт акцыі пратэсту, а таксама справу актывіста зь Ліды Валера Мінца, якога паспрабавалі судзіць за інтэрвію наконт акцыі, але справу адправілі на дапрацоўку.
«Гэта незаконна і беспадстаўна – судзіць чалавека за тое, што ён выказаў сваю асабістую думку пра пэўную акцыю для СМІ, — пракамэнтаваў Свабодзе сытуацыю былы судзьдзя Канстытуцыйнага Суду Беларусі Міхаіл Пастухоў.
Паводле Пастухова, беларускія ўлады такім чынам самі парушаюць закон, прычым двойчы:
«Па-першае, артыкул 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных парушэньнях яшчэ не прадугледжвае пэўнага пакараньня за заклікі да несанкцыянаванай акцыі. Такія зьмены рыхтуюцца, але яны яшчэ не ўведзеныя. Адказнасьць прадугледжана паводле Закону „Аб масавых мерапрыемствах“, але суд ня можа яго ўжываць у гэтай сытуацыі, бо кодэкс вышэйшы за закон і трэба арыентавацца на КаАП. Значыць, трэба дачакацца ўнясеньня паправак, але ўладам карціць пакараць людзей ужо цяпер. Гэта незаконна.
Другое пытаньне — а ці быў склад адміністрацыйнага парушэньня? Калі няма закліку, няма словаў пра тое, што ня толькі чалавек сам прыйдзе на акцыю, але ён заклікае прыйсьці туды іншых людзей, калі не паведамляецца пэўны час і месца, дык адназначна гэта не заклік. Так шырока тлумачыць выказваньне чалавека беспадстаўна. А прыцягваць за гэта да адказнасьці, як спадара Ўладзімера Някляева, — значыць груба парушаць канстытуцыйнае права грамадзяніна на выказваньне сваіх думак».