Міністэрства інфармацыйнай палітыкі Ўкраіны канстатуе бясплённасьць перамоваў зь беларускім бокам пра запуск у кабэльныя сеткі Беларусі ўкраінскага тэлеканалу.
Падчас сустрэчы ў Кіеве пры канцы 2014 году прэзыдэнты Беларусі і Ўкраіны дамовіліся наконт супрацоўніцтва ў тэлевізійнай галіне. Тады ўкраінскі лідэр Пётар Парашэнка заявіў, што беларусы маюць права ведаць розныя пункты гледжаньня, а не спажываць выключна расейскую прапаганду. «Было б нядрэнна, каб адзін з інфармацыйных каналаў Украіны меў магчымасьць трансьлявацца на тэрыторыі Беларусі», — сказаў ён.
Аляксандар Лукашэнка пагадзіўся: паколькі Беларусь ужо мае багаты досьвед супрацы з расейскімі тэлекампаніямі, чаму не арганізаваць нешта падобнае з украінцамі?
З той пары мінулі два гады, а беларусы па-ранейшаму маюць толькі адну сталую крыніцу інтэрпрэтацыі таго, што адбываецца ў Крыме, на Данбасе дый у самім Кіеве — з боку Масквы. І хоць у сеціве нескладана адшукаць альтэрнатыўную інфармацыю, аўтарытэт прапагандысцкага тандэму «тэлекілераў» Салаўёва і Кісялёва для значнай часткі беларускіх спажыўцоў застаецца неаспрэчным.
Складанасьці перакладу: беларускія чыноўнікі не зразумелі ўкраінскіх
Намесьнік міністра інфармацыйнай палітыкі Ўкраіны Арцём Бідэнка расказаў беларускім журналістам, што ўкраінскі бок з усёй сурʼёзнасьцю паставіўся да магчымасьці разбавіць прарасейскую мэдыйную прастору Беларусі. Было некалькі сустрэч з кіраўніцай беларускага інфармацыйнага ведамства Ліліяй Ананіч, абмяркоўваліся варыянты абмену тэлеканаламі:
«Сытуацыя досыць простая і зразумелая, прынамсі для нас. Мы запусьцілі канал замежнага вяшчаньня UA|TV, ён прысутнічае ў рэгіёне, са спадарожніка яго можна бачыць у тым ліку ў Беларусі. Дык вось пасьля таго, як сустрэліся прэзыдэнты і была дасягнутая дамоўленасьць наконт абмену інфармацыйным прадуктам, мы некалькі разоў кантактавалі са спадарыняй Ананіч, каб уключыць у кабэльныя сеткі Беларусі ўкраінскі канал, а ўзамен узяць беларускі. Як бы ўзаемны абмен. Вядома, мы ня можам увесьці цэнзуру на UA|TV, але гарантуем, што ня будзе ніякіх рэчаў, якія б замахваліся на дзяржаўнасьць Беларусі, ня будзе нічога, што не спадабаецца беларусам. Але, натуральна, там можа быць нешта, што не спадабаецца Расеі. І гэта зразумела, усё ж нашы краіны ў стане вайны».
Невядома, у якой ступені Расея магла прычыніцца да блякаваньня тэлевізійных перамоваў Беларусі і Ўкраіны, але, як удакладняе Арцём Бідэнка, калегі зь беларускага Міністэрства інфармацыі нечакана пачалі гаварыць, што «ня так зразумелі сутнасьць папярэдніх дамоўленасьцяў». Маўляў, фармат, прапанаваны Ўкраінай, не зусім такі, на які быў разьлік:
«У адказ мы пачулі, што беларускі бок зразумеў дамоўленасьць прэзыдэнтаў інакш. Маўляў, ішла гаворка пра стварэньне сумеснага беларуска-ўкраінскага тэлеканалу, які пры гэтым часткова павінен быць камэрцыйным, то бок зарабляць грошы. Своеасаблівы канглямэрат нейкага рэйтынгавага каналу ва Ўкраіне (напрыклад, „1+1“) і, адпаведна, беларускага. Толькі так гэта і бачыцца — каб былі забаўляльныя праграмы, шоў. Паколькі ў нас няма ні такіх паўнамоцтваў, ні магчымасьцяў, а адзіны канал „інавяшчаньня“ — паводле азначэньня дзяржаўны, то далей мы рухацца ня можам. Іншымі словамі, варыянтаў няшмат: альбо абмяняцца тэлеканаламі, альбо чакаць нейкага іншага рашэньня беларускага боку».
Адзін з кіраўнікоў Міністэрства інфармацыйнай палітыкі Ўкраіны Арцём Бідэнка кажа, што турботы беларускага боку, а разам зь ім і расейскіх ідэалягічных куратараў, беспадстаўныя: у дзяржавы занадта шмат клопатаў іншага парадку, каб ставіць за мэту шырокамаштабную інфармацыйную экспансію на іншыя тэрыторыі:
«Наша ключавая задача — абарона ўкраінскага інфармацыйнага сувэрэнітэту. Для пачатку трэба адбудаваць тое, што гадамі разбуралася ва Ўкраіне, але па факце належыць нам. Ні ў якім разе мы не павінны зазіраць за межы, глядзець, што там у суседзяў, спрабаваць умяшацца. З аднаго боку, ёсьць Беларусь, ёсьць вашы адносіны з Расеяй, мы цудоўна ўсё разумеем. Зь іншага боку, ёсьць нашы адносіны з Расеяй — спадзяюся, вы нас таксама разумееце. Мы ня хочам уплываць на сяброўскія стасункі Беларусі і Расеі, ёсьць мяжа — у літаральным і фігуральным сэнсе. Ключавая для нас праблема на дадзены момант — адключэньне ў 2017 годзе аналягавых вышак на мяжы ў адпаведнасьці з дамоўленасьцю па лічбавым вяшчаньні. Вось тое, што трэба вырашаць найхутчэй».
Мэдыйны кантэнт: Пуціну не дазволена быць «малайцом», Лукашэнку — можна
Ці азначае стан цяперашняй «замарожанасьці», што пытаньне абмену тэлеканаламі паміж Беларусьсю і Ўкраінай канчаткова закрытае і перагляду не падлягае? Арцём Бідэнка кажа, што ўкраінскі бок хоць зараз гатовы вярнуцца да яго абмеркаваньня, але імпэту з боку беларускіх калегаў не назіраецца:
«У нас асаблівых прэтэнзіяў і пытаньняў да Беларусі няма. Мы выразна сказалі: у нас ёсьць тэлеканал, мы да супрацы гатовыя, можна запускацца хоць заўтра. Да прыкладу, у Польшчы мы прысутнічаем усюды, ва ўсіх кабэльных сетках. У Малдове мы таксама ёсьць, у Румыніі, у Грузіі, у Славеніі, у Даніі, у шэрагу іншых краін. А ў Беларусі нас няма. Ну што мы можам зрабіць, калі ў Менску гэтага ня хочуць? Мы гатовыя хоць сёньня ўключыць у нашу сетку, калі не памыляюся з назвай, спадарожнікавы канал „Беларусь 24“, тут увогуле без пытаньняў. З нашага боку ніякіх папярэдніх патрабаваньняў не было і быць ня можа».
Калі тэлевізійная прысутнасьць украінскіх тэлеканалаў у беларускім эфіры разглядаецца як досыць рызыкоўная, ці ўздымалася калі-небудзь пытаньне абмену друкаванымі выданьнямі? Сёньня набыць у вольным доступе беларускія газэты ці часопісы ва Ўкраіне — і наадварот, украінскія ў Беларусі — практычна нерэальна. Арцём Бідэнка тлумачыць:
«З нашага боку забаронаў няма. Дакладней, ёсьць пэўныя абмежаваньні ў дачыненьні да Расеі, і то не агулам. А што тычыцца канкрэтных назваў, кампаніяў, людзей, — гэта абумоўлена санкцыямі. У адносінах да Беларусі нічога падобнага не існуе. Ёсьць Дзяржаўны камітэт тэлебачаньня і радыёвяшчаньня, ён у тым ліку адказвае за друкаваную прадукцыю. Любая замежная кампанія, якая займаецца вытворчасьцю, рэалізацыяй газэт і хоча ўвайсьці ва Ўкраіну, можа падаць заяўку, атрымаць дазвол і прадавацца ў шапіках. Ня бачу ніякіх складанасьцяў. Натуральна, ёсьць патрабаваньні да кантэнту: умоўна кажучы, нельга пісаць, што Пуцін малайчына, а ўкраінцы дрэнныя. Але калі напісана, што малайчына — Лукашэнка, праблем ня будзе. Наконт прысутнасьці ўкраінскіх выданьняў у Беларусі — гэта ўжо пытаньне да рэдакцыяў».
Украіна са свайго боку, як кажа суразмоўца, паступова здымае бюракратычныя барʼеры, нагрувашчаныя папярэднікамі. Хоць рэаліі вайны такія, што адчыняць дзьверы ўсім і кожнаму, можа, і заўчасна:
«Украіна мяняецца, хоць і досыць павольна. Застаюцца праблемы на мытні, праблемы з рэгістрацыямі. Але днямі Кабмін адмяніў 327 рэгуляторных актаў, якія стваралі абмежаваньні шмат якім бізнэсам. Паступова сытуацыя паляпшаецца, у тым ліку адчыняюцца межы для СМІ. І калі ў нейкай газэты, якая хоча зайсьці ва Ўкраіну, узьнікнуць праблемы, мы заўсёды адкрытыя на ўзроўні ведамства, дапаможам разабрацца. Альбо, калі на тое важкая прычына, папулярна патлумачыць. Прыклад нядаўняга часу. Кампанія Deutsche Welle зьбірае ў Кіеве сваіх журналістаў. Пайшлі чуткі, што аднаго зь іх, які працуе ў Расеі, можа не пусьціць ва Ўкраіну СБУ, бо ён пісаў артыкулы, у якіх ухваляў, што Крым забралі і г.д. Наш міністар будзе гаварыць з кіраўніцтвам СБУ, якія могуць быць варыянты. Мы гатовыя да дыялёгу, але калі факты ёсьць, ігнараваць іх не выпадае».
Інфармацыйная вайна да канчатковага зьнясіленьня
Стварыць Міністэрства інфармацыйнай палітыкі пастанавілі летам 2014 году, неўзабаве пасьля перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах Пятра Парашэнкі. Галоўная функцыя ведамства, як тлумачыць намесьнік яго кіраўніка Арцём Бідэнка, — стрымліваньне інфармацыйных атак супраць Украіны. Але задачы пераходу ў масіраваны наступ ня ставіцца. Чаму? «Найлепшая контрапрапаганда — гэта праўда», — цытуе ён адзін зь лёзунгаў свайго міністэрства:
«Ёсьць вайна паміж Расеяй і Ўкраінай — як у звыклым разуменьні, так і інфармацыйная. Ніхто ў ёй асабліва не выйграе, розныя канчатковыя мэты, але цягнуцца яна будзе яшчэ доўга. У маім разуменьні — ня столькі дзяржаўнага службоўца, колькі палітоляга — тое, што цяпер адбываецца, падобна да сярэднявечных войнаў у Эўропе, тых жа Пунсовай і Белай ружаў. Яны цягнуліся дзесяцігодзьдзямі, па 30–40 гадоў. І гэта было супрацьстаяньне не да пераможнага канца, а хутчэй на зьнясіленьне. То бок фармат не напалеонаўскіх паходаў, а менавіта сярэднявечча — доўгія, вымотваючыя, падчас якіх саюзьнікаў перацягвалі з аднаго боку на другі. Мне падаецца, што мы ўступілі якраз у этап нейкага новага сярэднявечча, асабліва Расея, Украіна, скажам так, Эўразія. Ня так мае значэньне, хто захапіў, умоўна кажучы, Маскву ці Кіеў, хто перамог, колькі магчымасьць часова карыстацца рэсурсамі праціўніка, забіраць іх, ствараць нейкія альянсы».
Тым ня меней, на перакананьне маладога чыноўніка, у інфармацыйным супрацьстаяньні з Расеяй, дзе на дзяржаўную прапаганду трацяцца неймаверныя сумы, Украіна зрабіла значны скачок. Перадусім гэта тычыцца змаганьня з прыцягнутымі за вушы фэйкамі, якія на першым часе ставілі ў тупік увесь сьвет:
«Украіна зрабіла вялізны крок наперад у інфармацыйнай вайне. Калі ў сьнежні-студзені 2014–15 гадоў жудасны фэйк расейскай прапаганды — гісторыя пра „расьпятага хлопчыка“ — тыдзень хадзіў па ўсім сьвеце, то сёньня мы адсочваем нараджэньне інфармацыйнага ўкіду дзесьці ў Санк-Пецярбургу і за гадзіну-дзьве блякуем яго тыражаваньне ва ўкраінскіх пабліках — зразумела, у Расеі зрабіць ня можам. Мы яго проста абвяргаем, даём спраўджаную інфармацыю адносна таго, што было насамрэч. І я не магу ўзгадаць за апошні час нічога непраўдзівага, што б распаўсюджвалася ва Ўкраіне ці за яе межамі больш за гадзіну. Пачалася атака — забілі, згвалцілі — праходзіць гадзіна, і мы на фактах даказваем, што ўсе жывыя-здаровыя, абсалютны фэйк. Для нас гэта сьведчаньне таго, што ёсьць пэўны вынік: мы навучыліся абараняцца, навучыліся хутка рэагаваць. Хоць было б няправільна лічыць гэта перамогай у інфармацыйнай вайне».
У лютым 2015 году ў структуры ведамства стартаваў інтэрнэт-праект пад назвай «Інфармацыйныя войскі Ўкраіны». Плятформа, на якой працуюць добраахвотнікі-блогеры, дазваляе апэратыўна прадстаўляць падпісчыкам навіны і абвяржэньні фэйкавых гісторыяў. Кожны падпісчык, у сваю чаргу, мае права распаўсюджваць спраўджаныя зьвесткі ў сацыяльных сетках праз інфармацыйныя рэсурсы. Паводле Міністэрства інфармацыйнай палітыкі, у 2016-м праект мае 10 тысяч падпісчыкаў у розных краінах, а месячны ахоп аўдыторыі набліжаецца да 10 мільёнаў карыстальнікаў інтэрнэту.