100 гадоў таму, 18 сьнежня 1917 году (па новым стылі), у Менску адкрыўся Першы Ўсебеларускі кангрэс, які празь некалькі дзён быў жорстка разагнаны бальшавікамі. Свабода сабрала 10 вядомых і малавядомых фактаў пра зьезд, які стаў падмуркам абвяшчэньня 25 сакавіка 1918 году Беларускай Народнай Рэспублікі як вольнай і незалежнай дзяржавы.
Першая ўсясьветная вайна, Лютаўская рэвалюцыя прывялі да развалу Расейскай імпэрыі, што паспрыяла нацыянальнаму самавызначэньню народаў, у тым ліку і беларускага. У кастрычніку 1917 году ў Менску была створана Вялікая беларуская рада, якая разам з Цэнтральнай беларускай вайсковай радай і Беларускім выканаўчым камітэтам Заходняга фронту зьвярнулася да беларускага народа — накіраваць дэлегатаў у Менск на Першы Ўсебеларускі зьезд.
У той жа час Беларускі абласны камітэт пры Ўсерасейскім савеце сялянскіх дэпутатаў у Петраградзе таксама прапанаваў правесьці «надзвычайны беларускі зьезд». Беларуская народная грамада ў Маскве, распрацаваўшы сваю схему арганізацыі ўлады ў Беларусі, зьбіралася правесьці выбары ў Беларускую краёвую думу, але пазьней далучылася да працы менскага і петраградзкага цэнтраў.
Паміж арганізатарамі разгарнуліся гарачыя спрэчкі, у Менску і Петраградзе ў атмасфэры ўзаемнай падазронасьці і недаверу сустракаліся прадстаўнікі зацікаўленых бакоў, каб выпрацаваць плян падрыхтоўкі зьезду. Урэшце дамовіліся правесьці зьезд у Менску.
1. Фінансавую падтрымку на правядзеньне зьезду выдаткаваў Народны камісарыят РСФСР
2 сьнежня 1917 году Савет народных камісараў пад старшынствам Уладзімера Леніна пастанавіў выдзеліць Беларускаму абласному камітэту 50 тысяч рублёў для арганізацыі зьезду. Такі крок бальшавікоў тлумачыўся складанымі палітычнымі абставінамі. У Берасьці пачыналіся мірныя перамовы па выхаду Расеі з вайны, якую бальшавікі вялі зь немцамі без уліку інтарэсаў Беларусі.
Але большая частка грошай, выдаткаваных на правядзеньне Ўсебеларускага зьезду Саўнаркамам Расеі, зьнікла.
Як расказаў Свабодзе вядучы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі НАН Валянцін Мазец (таксама гэты факт ёсьць ва ўспамінах гісторыка Віталя Скалабана), грошы трымаў агент «Аблкамзаху» (Абласнога выканаўчага камітэта Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласьці і фронту) Караткевіч. Хутчэй за ўсё, Караткевіч «пад шумок», падчас гвалтоўнага разгону зьезду, гэтыя грошы прысабечыў, мяркуюць дасьледчыкі.
2. Першы Ўсебеларускі зьезд праходзіў пад нацыянальным сьцягам і гербам «Пагоня»
Першае ўрачыстае паседжаньне адкрыў Сымон Рак-Міхайлоўскі, завяршыў свой выступ ён воклічам: «Няхай жыве вольная Беларусь!»
Паводле ўспамінаў Канстанціна Езавітава, «адкрыцьцё Першага Ўсебеларускага кангрэсу было дужа ўрачыстае. Пры дзьвярах будынка стаяла варта Першага Менскага беларускага палку, сцэна была ўпрыгожана нацыянальнымі сьцягамі і гербам Пагоня».
Дэлегатаў зьезду вельмі ўразілі і беларускія гімны ў выкананьні хору ў нацыянальных строях.
Магчыма, галасавалі дэлегаты мандатамі з выявай «Пагоні». Падчас рэканструкцыі Купалаўскага тэатру ў 2013 годзе знойдзены цэлы пакет старых папераў, датаваных пачаткам ХХ стагодзьдзя. Сярод унікальных знаходак — выява бел-чырвона-белага сьцяга на шэрым кардоне. Гісторыкі не выключаюць, што такія карткі выкарыстоўвалі ў часе галасаваньня дэлегаты Першага Ўсебеларускага кангрэсу ў сьнежні 1917-га.
3. Знакамітыя дэлегаты Першага Ўсебеларускага зьезду
• Айцец Вінцэнт Гадлеўскі, адзін зь лідэраў беларускага хрысьціянска-дэмакратычнага руху;
• Людвіка Сівіцкая (Зоська Верас), паэтка і грамадзкая дзяячка;
• Аляксандар Уласаў, адзін з заснавальнікаў газэты «Наша Ніва», у будучыні радны БНР і сэнатар Польскай Рэспублікі;
• Фабіян Ярэміч, у будучыні радны БНР і дэпутат Польскага сойму;
• Будучыя старшыні Рады БНР: Ян Серада, Пётра Крачэўскі, Язэп Лёсік, Васіль Захарка;
• Аркадзь Смоліч, будучы міністар БНР, потым адзін з стваральнікаў Акадэміі навук Беларусі;
• Павал Жаўрыд, у будучыні адзін з кіраўнікоў Слуцкага збройнага чыну;
• Алесь Гарун (віцэ-старшыня зьезду), паэт, пісьменьнік, публіцыст, у будучыні радны БНР;
• Кастусь Езавітаў, палітык, будучы радны БНР, міністар вайсковых справаў БНР;
• Міхась Міцкевіч, настаўнік, малодшы брат паэта Якуба Коласа, у будучыні дзяяч беларускай дыяспары ў ЗША;
• Васіль Русак, у будучыні ўдзельнік Слуцкага збройнага чыну, выдавец, прадпрымальнік, дзяяч беларускай дыяспары ў Чэхаславаччыне;
• Язэп Мамонька, палітычны дзяяч, публіцыст, у будучыні сябра прэзыдыюму Рады БНР і палітычны вязень;
• Радаслаў Астроўскі, у будучыні ўдзельнік Слуцкага збройнага чыну, прэзыдэнт БЦР.
4. На зьезд сабраліся 1872 дэлегаты з усіх беларускіх губэрняў, а таксама са Смаленску, Вільні, Коўна
18 сьнежня 1917 году ў зале Гарадзкога тэатру (цяперашняга Беларускага нацыянальнага тэатру імя Янкі Купалы) сабраліся 1872 дэлегаты: 1167 з правам голасу, 705 з дарадчым голасам. Дэлегаты прадстаўлялі Менскую, Магілёўскую, Віцебскую, Смаленскую, Горадзенскую губэрні. Таксама на зьезд прыбылі прадстаўнікі беларускамоўных паветаў Ковенскай і Віленскай губэрняў.
Дэлегаты выбралі новы прэзыдыюм на чале зь Янам Серадой. Для апэратыўнага разгляду палітычных пытаньняў была сфармаваная Рада зьезду ў складзе 60 чалавек.
5. «На гэтым зьезьдзе адбылася інстытуалізацыя беларускай дзяржаўнасьці»
Аблвыкамзах на чале з бальшавіком Рагазінскім і Саўнаркам, які ачольваў бальшавік Ландар, мелі даволі цьмянае ўяўленьне аб формах будучай нацыянальнай дзяржаўнасьці беларускага народу.
28-29 сьнежня на зьезьдзе разгарнуліся вострыя спрэчкі: прадстаўнікі Вялікай беларускай рады — «радаўцы» — выступалі за абвяшчэньне Беларусі незалежнай рэспублікай, «абласьнікі» — толькі ў складзе фэдэратыўнай Расеі. Аднак сярод дэлегатаў усё большую вагу набіралі незалежніцкія настроі.
Запрошаныя на зьезд камуністы ад удзелу ў паседжаньнях ухіліліся, але пільна сачылі за падзеямі. Паўночна-Заходні абкам РСДРП(б) на чале зь Мясьніковым (Мясьнікянам) не прызнаваў ні права беларусаў на самавызначэньне, ні нават самога існаваньня беларускай нацыі. Нарэшце выпрацавалі кампрамісную формулу.
У ноч зь 17 на 18 сьнежня зьезд пасьпеў прыняць першы пункт сваёй выніковай рэзалюцыі:
«Першы Ўсебеларускі Зьезд пастанаўляе: неадкладна ўтварыць з свайго складу орган краёвай улады ў асобе Усебеларускага Савету сялянскіх, салдацкіх, рабочых дэпутатаў, які часова становіцца на чале кіраваньня краем».
«Менавіта на гэтым зьезьдзе адбылася інстытуалізацыя беларускай дзяржаўнасьці. Многія з дэлегатаў зьезду потым стаялі ля вытокаў і Беларускай Народнай Рэспублікі, і Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (якая першапачаткова называлася „Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь“). Гэта і Тамаш Грыб, і Язэп Варонка, і Аркадзь Смоліч, і шэраг іншых. А сярод тых, хто стаяў у вытокаў БССР, трэба згадаць найперш Зьмітра Жылуновіча», — кажа вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Валянцін Мазец.
6. Ордэр на брутальны разгон зьезду падпісаў Ландэр
У ноч з 30 на 31 сьнежня 1917 году будынак, у якім праходзіў кангрэс, атачылі бальшавіцкія атрады. У залю паседжаньня ўвайшлі народны камісар ўнутраных справаў Рэзанскі разам з кіраўніком гораду Міхаілам Крывашэіным і паведамілі пра роспуск зьезду і арышт прэзыдыюму. У будынак урываліся ўзброеныя салдаты Першага менскага пяхотнага палка на чале з прапаршчыкам Рамнёвым.
У залі будавалі барыкады, адбываліся кулачныя баі. Аднак, нягледзячы на супраціў, прэзыдыюм быў арыштаваны, частка дэлегатаў зьезду разагнаныя. Ордэр на разгон зьезду падпісаў старшыня Саўнаркаму Карл Ландэр, які адмоўна ставіўся да ідэі беларускай дзяржаўнасьці.
Аднак Рада, якой Першы Усебеларускі кангрэс перадаў краёвую ўладу, нелегальна сабралася на наступны дзень. Рада здолела выбраць Выканаўчы камітэт, які ўзначаліў адзін з кіраўнікоў Беларускай Сацыялістычнай Грамады Язэп Варонка. Выканаўчы камітэт з гэтага часу кіраваў нацыянальна-вызвольным рухам беларускага народу і падрыхтаваў абвяшчэньне ў сакавіку 1918 году Беларускай Народнай Рэспублікі і яе незалежнасьці.
Падрабязна ўсе гэтыя падзеі дасьледаваў гісторык Станіслаў Рудовіч у кнізе «Час выбару: Праблема самавызначэньня Беларусі ў 1917 годзе» (Менск, «Тэхналёгія», 2001).
7. Загад з Масквы: усю інфармацыю засакрэціць
У ноч з 30 на 31 сьнежня, яшчэ да таго, як арыштаванае кіраўніцтва зьезду было вызваленае (пасьля таго, як Яўсей Канчар патэлефанаваў у Маскву), ад імя кіраўніцтва Аблкамзаху была разасланая тэлефанаграма, што забараняецца перадача любой інфармацыі палітычнага зьместу, і ў першую чаргу — пра Першы Ўсебеларускі зьезд. Каб не было рэзанансу пра гвалтоўныя дзеяньні бальшавікоў.
Жылуновіч вельмі яскрава выказаўся ў сваіх успамінах пра тое, як бальшавікі ў студзені 1918 году на ІІІ Усерасейскім зьезьдзе Саветаў у Петраградзе фактычна ўхвалілі разгон Усебеларускага зьезду:
«Яны (расейскія бальшавікі) стаяць на грунце расейскай інтэрнацыянальнасьці, і баста! І, стоячы на гэтым грунце, лічаць любы нацыянальны рух і буржуазным, і контрарэвалюцыйным. І нам трэба яшчэ добра навучыцца правільна выказаць сваю пазыцыю ў адносінах з расейскімі бальшавікамі», — працытаваў гісторык Валянцін Мазец.
8. «Новы год у пекле» з Глаўкаверхам і Глаўкапеклам
Але ўжо на наступны дзень пасьля разгону ў пэрыядычным друку зьявіўся цэлы шэраг матэрыялаў. У газэце «Вольная Беларусь» — артыкул «Сьвята на Беларусі».
Зьмітрок Бядуля апісаў падзеі, зьвязаныя з разгонам зьезду, у фэльетоне «Новы год у пекле». Галоўныя героі Глаўкапекл (правобразам якога стаў Мясьнікоў) і Глаўкаверх зьбіраюць у пекле чарцей. «Ваша ўлада, якую вы ўчынілі на Беларусі, горшая за любое пекла», — скрушна заўважае адзін з герояў.
Канцоўку фэльетону Зьмітрок Бядуля кампазіцыйна аформіў як абмен радыёграмамі паміж Глаўкаверхам і Глаўкапеклам:
Ад Глаўкаверха да Глаўкапекла:
«На Ўкраіне льецца кроў. Разганяюць прыкладамі і штыхамі беларускія сялянскія зьезды. Мае п’яныя Крывашэіны паказваюць добрым людзям Волю ў вастрогах. Троцкі мае выдаць дэкрэт аб новых гільятынах для людскіх галоў.
Люцыпар дыктуе свайму сакратару радыёграму:
Ад Глаўкапекла — Глаўкаверху:
«Дзякую за шчырую службу. Вы, Бэкі — мае найлепшыя таварышы. Абманываеце народ ня горш за быўшага самадзержца Мікалая ІІ».
Фэльетон Зьмітрака Бядулі быў надрукаваны ў «Вольнай Беларусі» 31 сьнежня 1917 году.
9. Ці быў на зьезьдзе Максім Гарэцкі, дагэтуль застаецца загадкай
1 верасьня 1922 годзе ў віленскім тыднёвым часопісе «Беларускі звон» зьявілася апавяданьне «Усебеларускі зьезд 1917 году», падпісанае псэўданімам «Я.С.». Толькі пасьля вяртаньня імя і твораў рэпрэсаванага пісьменьніка стала вядома, што аўтар гэтага апавяданьня — Максім Гарэцкі, а яно было зноў апублікавана ў кнізе «Творы» (Менск, «Мастацкая літаратура», 1990).
«У „Сьпісе маіх твораў“, зробленым у ліпені 1928 году, Максім Гарэцкі пазначыў „Усебеларускі зьезд 1917 году“ як адзін з пунктаў пляну да аповесьці „Дзьве душы“. Аўтар тады меў намер перапрацаваць гэты твор», — распавядае пляменьнік пісьменьніка, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі.
«Максім Гарэцкі вельмі праўдзіва і дасканала асьвяціў шэраг яркіх падзей і агульны настрой зьезду. Пісьменьнік у той час жыў у Смаленску, і лічылася, што ён на зьезьдзе не прысутнічаў. Але адкуль Максім Гарэцкі так падрабязна мог ведаць пра тыя падзеі, як быццам сам іх бачыў? Магчыма, мае рацыю Зоська Верас, якая сьцьвярджала, што на зьезьдзе бачыла сярод прысутных Максіма Гарэцкага, аб чым у 2010 годзе паведаміў Уладзімір Содаль, які спаслаўся на адзін зь лістоў Зоські Верас да яго, дзе паэтка ўзгадвала пра Усебеларускі зьезд 1917 году».
10. Важнасьць зьезду, які прывёў да абвяшчэньня БНР, прызнаў Лукашэнка
Доўгія гады беларускія ўлады ігнаравалі гістарычную значнасьць Першага Ўсебеларускага зьезду і Беларускай Народнай Рэспублікі, што паўстала ў выніку яго правядзеньня.
1 сьнежня 2017 году першы намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Максім Рыжанкоў зачытаў удзельнікам канфэрэнцыі «Падзеі 1917 году ў гістарычным лёсе Беларусі» прывітаньне ад Аляксандра Лукашэнкі.
«Першы Ўсебеларускі зьезд 1917 году прадэманстраваў каштоўнасьці, значныя для цяперашняга дня. Падзеі 1917 году спрыялі імкненьню беларусаў жыць у сваім доме. Ідэя самавызначэньня Беларусі, якая ішла зьнізу, ад ініцыятывы народных масаў, праявілася ў скліканьні Першага Ўсебеларускага зьезду. Гэты народны сход прадэманстраваў найважнейшыя каштоўнасьці, значныя для нас да цяперашняга дня: свая дзяржава, яе сацыяльны характар і той факт, што толькі народ, яго воля, калектыўны розум і лідэры могуць стаць сапраўднай крыніцай незалежнасьці», — гаварылася ў звароце Лукашэнкі.