Грамадзянка Беларусі Ніка Кошар расказала на Facebook пра інцыдэнт 15 сакавіка ў аэрапорце Вільні: яе западозрылі ў перавозцы наркотыкаў, даглядзелі з надзвычайнай пільнасьцю і ня раз нагрубілі.
Ніка Кошар расказвае, што ляцела да Вільні з Пэру зь перасадкай у Амстэрдаме, ад Вільні зьбіралася дабрацца да Менска на цягніку. Адразу ля трапа самалёта ў віленскім аэрапорце яе сустрэлі мытнікі і людзі ў цывільным, пыталі, ці ведае яна «нейкага Рауля ці Паўля», пра якога яна ня ведала.
У яе забралі рэчы, шукалі ў іх наркотыкі. На даглядзе яе прымусілі цалкам распрануцца, «абмацалі», піша яна, але наркотыкаў не знайшлі. Тады яе павезьлі ў клініку, каб праверыць, ці не правозіць наркотыкі ў сабе. Там у яе праверылі ціск, ён быў надта высокі (145 на 90 супраць нармальных 90 на 60), але на гэта ёй сказалі: «Жыць будзеш». Правялі рэнтген, забралі пашпарт, трымалі яшчэ дзьве гадзіны, не выпускаўшы нават у прыбіральню.
Пасьля, сьцьвярджае жанчына, ёй правялі эндаскапію (прагляд унутраных органаў праз трубку, што ўводзіцца ў рот), яе званітавала, але працэдуру не спынілі, трымалі яе і матам патрабавалі «не выпендрывацца», прыгразілі «па поўнай» правесьці дагляд похвы і прамой кішкі. Пасьля адвялі таксама на МРТ, яшчэ раз прасканавалі.
Наркотыкаў так і не знайшлі, паліцыянты каротка выбачаліся за нязручнасьці і адпусьцілі яе, піша Ніка Кошнар. Жанчына падала заяву ў міліцыю ў Беларусі.
Афіцыйных камэнтароў з боку аэрапорту і амбасады не паступала. Амбасада Беларусі ў Літве зьвязалася з жанчынай наконт расказанага пра здарэньне. Расейская радыё «Эхо Москвы», якое расказала пра здарэньне, накіравала запыт у Міністэрства ўнутраных справаў Літвы, але пра адказ не паведамлялася.
Абноўлена. Прадстаўнік літоўскай мытні Гедымінас Кулікаўскас пацьвердзіў Delfi здарэньне:
«Рэагуючы на інфармацыю ў сацыяльных сетках пра нібыта неправамерныя паводзіны супрацоўнікаў мытні падчас агляду грамадзянкі Беларусі, мы інфармуем, што 15 сакавіка пазначаная асоба сапраўды была правераная ў аэрапорце Вільні паводле падазронаў у кантрабандзе наркотыкаў. У цяперашні час праводзіцца расьсьледаваньне абставінаў і ходу агляду, а таксама — ці не было падчас праверкі асобы парушэньня працэдуры, вызначанай у такіх выпадках. Па завяршэньні расьсьледаваньня мы неадкладна паведамім вам пра вынікі».