Апостальскі візытатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек асьвяціў новы фасад царквы і душпастырскага цэнтру парафіі братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў Берасьці.
Павіншаваць грэка-каталікоў прыйшлі рыма-каталікі, пратэстанты, а таксама прадстаўнікі габрэйскай і нават мусульманскай супольнасьцяў Берасьця. Зь віншаваньнямі выступіў прадстаўнік аддзелу па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцей аблвыканкаму. На сьвяце прысутнічалі каля 100 чалавек.
У сьвяточнай літургіі, якую ўзначаліў архімандрыт Сяргей Гаек, удзельнічалі некалькі грэка-каталіцкіх сьвятароў з розных гарадоў Беларусі, а таксама сьвятар лацінскага абраду зь Берасьця. З парафіяльным сьвятам супала і асьвячэньне новага фасаду берасьцейскай грэка-каталіцкай царквы. Пасьля малітвы ў царкве адбыўся канцэрт фолькавага гурту «Балцкі Субстрат».
«У 1997 годзе мы набылі звычайны дом у Берасьці, які быў разбудаваны і атрымаўся такі прамежкавы выгляд храму і душпастырскага цэнтру, — згадвае рэдактар грэка-каталіцкай газэты «Царква» Ігар Бараноўскі зь Берасьця. — А цяпер, дзякуючы апостальскаму візытатару для грэка-каталікоў Сяргею Гаеку, падтрымцы Каталіцкай царквы, зьявіўся новы выгляд храму.
Стылістыка новага фасаду досыць сьпецыфічная, нельга акрэсьліць адным тэрмінам, ёсьць элемэнты нэарэнэсансу, нэамадэрну, традыцыйнай беларускай готыкі. Адметнасьцю грэка-каталіцкай царквы для Берасьця, а можа нават і для ўсёй Беларусі, стане багатае выкарыстаньне мастацкай кавальскай працы (каванага крыжа і элемэнтаў на фасадзе царквы ў выглядзе сьвечак), якія зьяўляюццца працай вядомага майстра-каваля Аляксандра Чумакова з Берасьця».
Берасьцейскія грэка-каталікі штогод у апошнюю суботу чэрвеня сьвяткуюць парафіяльнае сьвята ў гонар братоў-апосталаў Пятра і Андрэя – апекуноў хрысьціянскага Захаду і Ўсходу.