Не „грамадзянская вайна“, а вайна супраць грамадзянаў

Узброеныя. Марш памяці. Менск, 1 лістапада 2020 г.

Грамадзянскія войны выбухаюць тады, калі само грамадзтва падзелена на дзьве непрымірэнныя часткі, сувымерныя і колькасьцю, і актыўнасьцю, і сілавым патэнцыялам. Ці так у Беларусі?

Натальля Качанава пужае чыноўнікаў „грамадзянскай вайной“.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Грамадзянская вайна можа быць непазьбежнай». Качанава сустрэлася з чыноўнікамі Полаччыны

Што гэта такое?

Тэрмін „грамадзянская вайна“ мае некалькі азначэньняў. У шырокім разуменьні — канфлікт паміж арганізаванымі ўзброенымі групамі ўнутры дзяржавы.

Брытанская энцыкляпэдыя вызначае civil war вузей — як сілавы канфлікт паміж самою дзяржаваю і арганізаванымі недзяржаўнымі дзейнікамі; прычым Britannica разьмяжоўвае такую вайну і рэпрэсіі дзяржавы супраць людзей, якія не складаюць арганізаванай ці аб’яднанай групы (апошнія нярэдка завуцца генацыдам).

Зрэшты, само слова „грамадзянская“ падказвае, што ў такую вайну ўцягваюцца грамадзяне, цывільнае насельніцтва. Найноўшая гісторыя Эўропы сьведчыць, што грамадзянскія войны выбухаюць тады, калі само грамадзтва падзелена на дзьве непрымірэнныя часткі, сувымерныя і колькасьцю, і актыўнасьцю, і сілавым патэнцыялам. (Прыклад — гішпанская Guerra Civil.)

Аднак у Беларусі нічога падобнага няма. Ад самага пачатку Лукашэнкавай улады было відавочна: ляяльныя гэтай уладзе абываталі ня будуць з уласнай ахвоты нечым ахвяраваць, а пагатоў рызыкаваць дзеля яе абароны. Сэрвільныя спажыўцы сьціплых выгодаў патэрналісцкага рэжыму маюць пашпарт і грамадзянства, але яны не грамадзяне ў першасным сэнсе слова — сьвядомыя і адказныя за сваю дзяржаву людзі.

Калі ў жніўні стала відавочна, што Беларусь зрабілася краінай грамадзян і іх бальшыня, палітычныя тэхнолягі ўлады (заежджыя, расейскія, пра што сьведчылі праколы ў моўных дэталях і няведаньне рэаліяў) схапіліся за галаву: чаму ж тут ня ладзяць сваіх „пуцінгаў“ — візуалізацыі масавасьці прыхільнікаў рэжыму? І ўзяліся за справу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Можам адказваць „Жыве белы гусь!“»: Інструктаж перад мітынгам за Лукашэнку. ВІДЭА

Але ўсе іхныя спробы імітаваць шматлікасьць і чыннасьць прыхільнікаў улады закончыліся крахам. Урэшце ўсё дэградавала да паходаў менскімі праспэктамі паўсотні сумных людзей з крыжамі і адпаведнай мімікай — як у А. Міронава ў фільме „Брыльлянтавая рука“.

А чырвона-зялёныя сьцягі на аўтазаках, насуперак задуме аўтараў гэтай піяраўскай ідэі прадэманстраваць магутнасьць улады, у выніку выклікаюць гнеў, бо атаясаміліся з гвалтам, зьдзекамі, сьмерцю.

Менск, Жаночы марш. 12 верасьня 2020 г.

Вось жа супраць грамадзкай бальшыні ваююць выключна нешматлікія „сілавікі“ ды яшчэ ўдзельнікі начнога хакейнага брацтва з гопніцкімі манерамі. Грамадзянскай супольнасьці па той бок няма. А ў мірных пратэстоўцаў ёсьць толькі адказнасьць за сваю краіну, але няма нічога падобнага на збройныя фармаваньні.

Таму калі шукаць азначэньня таму, што адбываецца, — то гэта ніякая не грамадзянская вайна, а вайна палітычнага рэжыму супраць народу (з маўклівай падтрымкай „вялікага брата“). Ужо даўно сапраўдная вайна, з ахвярамі — прычым з аднаго боку. Пачалася яна ня сёлета, але большасьць сёлета гэта нарэшце ўбачыла і жахнулася. І спосаб спыніць вайну, які відавочна выбірае грамадзтва, — мірная рэвалюцыя.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.