На Гомельшчыне абласная пракуратура выявіла трынаццаць дзяржаўных службоўцаў, якія парушалі антыкарупцыйнае заканадаўства. Чацьвёра зь іх звольнены, іншыя трапілі пад адміністрацыйны перасьлед.
Парушальнікі антыкарупцыйнага заканадаўства, як падае пракуратура, мелі пэўныя пасады на дзяржаўных прадпрыемствах Сьветлагорскага, Жлобінскага, Брагінскага, Акцябрскага раёнаў і адначасна працавалі ў інтарэсах недзяржаўных камэрцыйных структураў, займаліся прадпрымальніцкай дзейнасьцю.
Прыкладам, начальнік зьмены акцыянэрнага таварыства «Сьветлагорск-Хімвалакно» быў заняты яшчэ і ў жыльлёва-будаўнічым каапэратыве, дзе за мінулы год атрымаў 181 мільён рублёў даходу. Прынамсі, такая сума пазначаная ў ягонай падатковай дэклярацыі.
Розьнічным гандлем як індывідуальны прадпрымальнік займаўся інжынэр унітарнага прадпрыемства «Акцябраграхімія».
Паводле той жа пракуратуры, у Жлобіне начальнік аднаго з тэхнічных бюро Беларускага мэталюргічнага заводу зарабляў яшчэ й тым, што здаваў у наём уласную нерухомасьць. Гэткім чынам за два апошнія гады ён, апроч заробку на БМЗ, дадаткова атрымаў амаль 70 мільёнаў даходу.
Былы дэпутат Вярхоўнага Савету і колішні працаўнік БМЗ Марат Афанасьеў са Жлобіна апавёў: у свой час на заводзе выдалі загад, паводле якога ўсе кіраўнікі — якога ўзроўню менавіта, дакладна не называлася — павінны спыніць усякую прадпрымальніцкую дзейнасьць. Аднак некаторыя зь іх, відаць, палічылі, што іхнія пасады не падпадаюць пад забарону — і апынуліся ў парушальніках антыкарупцыйнага закону:
«Кіраўнік таго ж тэхнічнага бюро два-тры гады таму мог атрымліваць 7–8 мільёнаў рублёў. Сёньня гэты заробак стаў меншы практычна ў два разы. Раней сёй-той зь іх мог купіць кватэру, укласьці свой заробак у нерухомасьць і працягваць працаваць на заводзе. А кватэру здаваў у наём. Цяпер гэтая кватэра лічыцца ўжо як нейкая крыніца „непрацоўных даходаў“. Ну, і такім чынам ён і трапіў „на кручок“. Але ж гэта не чыноўніцкая дзяржслужба, а дзяржслужба на прадпрыемстве. Аднак цяпер гэтая служба ператвараецца як бы ў пакараньне».
Пракуратура ўстанавіла таксама, што прадпрымальніцкай дзейнасьцю насуперак пісьмовым абавязаньням займаліся асобы пры пасадах на Жлобінскім мэханічным заводзе «Дняпро», у будаўніча-мантажным трэсьце № 40, Акцябрскім лясгасе, Сьветлагорскім цэлюлёзна-кардонным камбінаце.
Адзін зь юрыстаў, які раней працаваў на дзяржаўным прадпрыемстве, ня схільны лічыць, што гандаль нейкага там інжынэра ў вольны час — гэта і ёсьць карупцыя.
Ідзе заігрываньне з электаратам: вось бачыце, улада змагаецца з карупцыяй
«Ідзе заігрываньне з электаратам: вось бачыце, улада змагаецца з карупцыяй. Гэта ўсё адбываецца на фоне ўкраінскіх падзеяў. Гэта, хутчэй за ўсё, такі тэставы ход. Бо мы маем тут найперш незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць. Пад карупцыяй я разумею такую зьяву, калі чалавек, пастаўлены на дзяржаўную пасаду, выкарыстоўвае службовае становішча ў карысьлівых мэтах, супраць інтарэсаў дзяржаўнай службы. Што да інжынэра, які гандляваў, то гэта можа быць хіба толькі правапарушэньнем. Клясыфікаваць яго як карупцыю не выпадае ні зь юрыдычнага, ні з палітычнага пункту гледжаньня», — лічыць юрыст.
Паводле суразмоўцы, гучныя карупцыйныя справы сапраўды былі выяўленыя на Гомельшчыне. Гаворка ідзе найперш пра арышт у мінулым годзе двух намесьнікаў старшыні аблвыканкаму Віктара Банчука і Віктара Трызны, якія, выкарыстоўваючы службовае становішча, дзейнічалі ў асабістых карысьлівых мэтах.
У Менску вядзецца слуханьне крымінальнай справы ў дачыненьні да былога намесьніка начальніка УУС Гомельскага аблвыканкаму, палкоўніка Сяргея Зайцава, арыштаванага летась супрацоўнікамі КДБ за злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі. Калі рамантавалі Гомельскі райаддзел міліцыі, Зайцаў, які займаў пасаду намесьніка начальніка па тыле, нанёс, згодна з абвінавачаньнем, шкоды на суму звыш 68 мільёнаў рублёў. Апрача таго, палкоўнік Зайцаў даваў афіцэрам указаньні рамантаваць свой уласны аўтамабіль у аўтагаспадарцы ўпраўленьня ўнутраных спраў.
Раней па абвінавачаньні ў хабарніцтве трапіў за краты і намесьнік начальніка крымінальнай міліцыі УУС Гомельскага аблвыканкаму палкоўнік Вячаслаў Іваненка.