Найбуйнейшае ў краіне дрэваапрацоўчае прадпрыемства «Гомельдрэў» на гэтым тыдні працавала ў абмежаваным рэжыме. Задзейнічаныя былі толькі паасобныя вытворчыя ўчасткі ды службы забесьпячэньня. Усіх астатніх рабочых яшчэ 2 сакавіка выправілі ў прымусовы адпачынак.
На «Гомельдрэве» ў гэтыя сакавіцкія дні занятыя пераважна працаўнікі двух асноўных цэхаў — нумар 1 і 2. Астатнія вымушана адпачываюць. Гаворыць рабочы прадпрыемства, які назваўся Яўгенам:
«Працуем, як можам. Вымушаны прастой атрымліваецца. Сёньня я ў адпачынку з аплатай дзьве траціны ад стаўкі. Лічыце, што толькі „Гомельдрэў“ у такім становішчы? На мой розум, калі казаць у двух словах, проста адстаём ад попыту».
Некаторыя дрэваапрацоўшчыкі зьдзіўляюцца, што прадпрыемства атрымала вялікія крэдыты пад рэканструкцыю — і цяпер прастойвае:
«Атрымліваецца, што ўклалі велізарныя сродкі, а належнай аддачы няма. Не да канца прадумана мадэрнізацыя: укласьці мільёны даляраў — і потым спыняцца? Грошы ж зь неба ня падаюць — за народныя грошы ўсё робіцца. Канечне, спадзяюцца, што ўсё выправіцца, пойдзе на лад. Але з улікам цяперашняга крызісу ў Расеі сытуацыя будзе пагаршацца».
Прадпрыемства зь ягонай мэбляй, фанэрай, зборнымі драўлянымі дамкамі, багетам ды піламатэрыяламі зарыентавана было найперш на свой беларускі й расейскі рынкі. Мэбля з масіву адпраўлялася і ў некаторыя іншыя краіны. Аднак сытуацыя на найважнейшых рынках зьмянілася — і прадпрыемства зь ягонай нятаннай мэбляй трапіла ў складанае становішча.
Адзін з кіраўнікоў «Гомельдрэва» так камэнтуе прычыну абмежаваньня вытворчасьці:
«Часткова ўчасткі працуюць, часткова, дзе няма пакуль працы, не працуюць. Нічога такога — у панядзелак будуць усе працаваць. Як быццам на іншых прадпрыемствах „жыруюць“, а мы такія — самыя кепскія ці наагул незразумела якія. На ўсіх прадпрыемствах свае цяжкасьці».
Шарагоўцы ж сярод прычынаў прастояў называюць слабы збыт прадукцыі і немагчымасьць прадпрыемства разьлічыцца за энэрганосьбіты — цяпло й электрычнасьць:
«Няма збыту, і даўгі ёсьць за электраэнэргію. Асьвятленьне дзяжурнае пакінулі, а сілавыя ўстаноўкі, абсталяваньне выкарыстоўваць не дазваляюць. Нейкія там ліміты».
Суразмоўца згадвае, што на фанэра-запалкавай фабрыцы стаялі і ў лютым:
«У лютым стаялі тыдзень, і вось цяпер тыдзень. Фанэрны цэх поўнасьцю загружаны фанэрай. Праехаць няма дзе. Адгрузкі практычна не было».
Рабочыя скардзяцца, што разам на прадпрыемстве цяпер людзі атрымліваюць крыху больш як два мільёны — напалову меней за ранейшае. А аванс даюць па 150 тысяч рублёў:
«Гэта жах! Усе скардзяцца. Прадукцыя стаіць, няма рэалізацыі. Усё стаіць і няма заробкаў, бо адкуль жа ён будзе? Аванс даюць па 150 тысяч. Гэта такі абсурд, што хочацца рваць і кідаць. Дзе гэта бачылі, каб на дрэваапрацоўчым камбінаце быў такі аванс? І яшчэ невядома, ці выйдзем на працу 9 сакавіка».
У абмежаваным рэжыме працуе ў гэтыя сакавіцкія дні і суседняе з дрэваапрацоўчым прадпрыемства — акцыянэрнае таварыства «Гомельшпалеры». Тут таксама шмат каго з рабочых выправілі ў адпачынак з частковай выплатай заробку.