У Гомелі сёлета ўдвая павялічылася колькасьць гараджанаў, якія прыходзяць у цэнтар занятасьці ў пошуках працы. Міліцыя звозіць бамжоў на гутаркі, заклікаючы разам з прадстаўнікамі раённых адміністрацыяў спыніць бадзяжніцтва й далучыцца да грамадзка карыснай працы.
У аддзеле рынку працы й занятасьці гарадзкой управы сьцьвярджаюць, што сёлета кожны тыдзень у іх рэгіструецца да 300 чалавек, якія ўпершыню зьвярнуліся па дапамогу. Гэта ў два разы болей, чым летась. Паток беспрацоўных у цэнтар занятасьці на Пралетарскай вуліцы заўважна ўзрос са сьнежня мінулага году і не мялее па сёньняшні дзень.
Трыццацігадовы гамяльчук, які назваўся Ігарам, нанова прыйшоў рэгістравацца на біржу. Летась ён прыходзіў сюды, стаў на ўлік, а пасьля праз знаёмых сам уладкаваўся на працу па дамове падраду на завод жалезабэтонных вырабаў — і яго зьнялі з уліку. А на заводзе праз тры месяцы скарацілі. Цяпер ён, бацька дваіх дзяцей, зноў беспрацоўны:
«Апошнім часам я працаваў на на заводзе жалезабэтонных вырабаў «Гомельжалезабэтон», што на вуліцы Барысенкі. Перад Новым годам мяне скарацілі — 60 адсоткаў штату прыбралі. Спрабаваў уладкавацца сам. Нельга наагул нікуды ўлезьці: у дарожна-будаўнічыя арганізацыі, хімічныя прадпрыемствы — куды толькі не спрабаваў. І ў прыватныя арганізацыі хадзіў — нікуды не бяруць. Кажуць: „У нас поўны камплект людзей“».
У цэнтар занятасьці Ігар прыйшоў, каб зарэгістравацца і не плаціць, калі ня ўдасца знайсьці працу, «падатак на дармаедаў», бо сям’я і без таго ў цяжкай сытуацыі:
«Глядзіце, цяпер жа нейкі там закон выйшаў, ці што: ня будзеш працаваць — плаці дзяржаве. А як плаціць, калі не бяруць на працу? З чаго плаціць? Ісьці красьці, каб сесьці ў турму? У мяне двое дзяцей. Пакуль жонка працуе, але ж яна максымум, што атрымлівае на Гомельскай птушкафабрыцы ў Мільчы, — два мільёны рублёў. І як утрымліваць сям’ю на два мільёны? Добра, што крыху бацькі дапамагаюць. Бо ўладкавацца на працу, як бачу, нерэальна».
Саракавасьмігадовы гамяльчук Аляксандар па прафэсіі — сталяр-станочнік.
Таксама шукае сталай працы. Рэальнай дапамогі ад цэнтру занятасьці пакуль ня мае:
«Месяц таму быў — сказалі 26 лютага прыйсьці. Працу трэба шукаць самому — не знайшоў. Прыходжу сюды, гляджу аб’явы, якія дзе вакансіі. Тэлефануеш — занятыя ўсе месцы. Нічога такога. На дрэваапрацоўчае аб’яднаньне патрэбныя толькі рэзчыкі шпону і толькі жанчыны. Сталяр-станочнік патрэбны вайсковай часьці ў Навабеліцы. Я туды запісаўся: кажуць, што толькі ў траўні адкрыецца вакансія. А што мне да траўня рабіць? Мне наагул яшчэ дванаццаць гадоў да пэнсіі, калі нічога ня зьменіцца».
Суразмоўца кажа, што не пайшоў бы ў цэнтар занятасьці, каб не падатак на дармаедаў. Дапамогі тут ён ніякай не атрымлівае, працу шукае сам. Ды яшчэ даведкі носіць, што зьбірае макулятуру — гэта як абавязковая грамадзкая праца:
Ці то ня шэнціла, ці то мала людзей апытаў, але так і не ўдалося напаткаць чалавека, які б меў рэальны вынік ад паходу на біржу
«Хіба толькі што стаю на ўліку. Ды яшчэ грамадзкую працу выконваю — адзін дзень на месяц. Мне сказалі сабраць дзесяць кіляграмаў макулятуры альбо пабітага шкла. Я сабраў 10 кілё макулятуры — і нясу даведку зь пячаткай, што здаў. Буду й далей стаяць на ўліку, каб не сказалі, што дармаед, што гуляю абы-дзе — хоць тыя 3 мільёны ня трэба будзе плаціць, так выходзіць. Бо ад біржы мне ніякай дапамогі ня плацяць, паколькі з ранейшай працы я сышоў па ўласным жаданьні. Таму мне ад біржы ні капейкі і ня плацяць». Гутарыў амаль з паўтара дзесяткамі гараджанаў. Ці то ня шэнціла, ці то мала людзей апытаў, але так і не ўдалося напаткаць чалавека, які б меў рэальны вынік ад паходу на біржу.
Гараджанка Ірына кажа, што прыходзіць з мужам сюды ўжо ня першы раз, каб знайсьці працу менавіта яму. Але ўсё марна:
«Ходзіш — усюды ўсё занята, і ніякага выніку. На заводах людзей скарачаюць, бо няма працы. Сюды прыйшоў, цябе пасылаюць з накіраваньнем — таксама ніякага выніку. Дык для чаго гэты цэнтар занятасьці? І дзеля чаго Лукашэнка кажа: усіх працаўладкаваць? Бамжы як хадзілі, так і ходзяць. Як лазілі па сьметніках, так і лазяць. А тут што? Дзясяты раз прыходзім — і ніякага выніку».
Тым часам міліцыя пачала звозіць «бамжоў» на гутаркі, каб і яны ўключаліся ў грамадзка карысную працу. Такую ініцыятыву, у прыватнасьці, выявілі ў Савецкім раёне абласнога цэнтру. Апроч таго, у горадзе пры кожным жыльлёва-камунальным прадпрыемстве створаныя так званыя «назіральныя камісіі», якія ходзяць па дамах, каб выяўляць дармаедаў. Гараджанам прапануюць нават дасылаць праз мабільнікі SMS-паведамленьні, калі дзе заўважаць беспарадак альбо зборышча дармаедаў.
Хоць відавочна, што гэтым праблему схаванага раней беспрацоўя наўрад ці можна вырашыць. Паўмільённаму гораду патрэбны рэальныя працоўныя месцы з годным заробкам.