Хваля рабаваньняў і пагромаў крамаў, выкліканых харчовым крызісам у Вэнэсуэле, унесла ўжо чацьвертае жыцьцё, паведамляе Associated Press. Як заявіў губэрнатар штату Сукрэ, у сувязі зь беспарадкамі арыштавана больш за 400 чалавек , у іх ліку непаўнагадовыя.
Па зьвестках Вэнэсуэльскай абсэрваторыі гвалту, у краіне адбываецца каля 10 выпадкаў беспарадкаў на дзень, многія зь іх расьсейваюцца паліцэйскімі дубінкамі і сьлезацечным газам. У аўторак пратэстоўцы Каракаса блякавалі галоўную магістраль сталіцы ў 3 км ад прэзыдэнцкага палацу.
«Мы хочам ежы, а ня манга», — скандавалі пратэстоўцы Каракаса, маючы на ўвазе адсутнасьць базавых харчоў кшталту мукі ці малака.
Урад зьвязвае крызіс з харчамі і мэдыкамэнтамі з «эканамічнай вайной», якая вядзецца пры падтрымцы ЗША, абвінавачвае ў крызісе апазыцыю. У краіне ўведзеныя сыстэмы разьмеркаваньня харчоў, абвешчанае надзвычайнае становішча. Прэзыдэнт Нікалас Мадура адклаў рэфэрэндум аб сваёй адстаўцы з-за «недахопу часу». Дырэктар Вэнэсуэльскай абсерваторыі гвалту мяркуе, што такіх мераў ня будзе дастаткова — рабаваньні і пагромы працягнуцца.