У Гнезьне мяне напаткала сапраўдная журналісцкая ўдача. Ня кожнага разу сустракаеш такога суразмоўцу, як Язэп Садоўскі. Карэнны гнезнавец, з цудоўнай вобразнай мовай, з уменьнем па-акторску распавесьці даўнія местачковыя анэкдоты. Мая ўлюбёная тэма — так званы вызваленчы паход Чырвонай арміі ў заходнюю Беларусь. Я чуў ужо не адну вясёлую гісторыю пра 17 верасьня. І показкі пана Садоўскага вартыя вашай увагі.
— У нас іх лічылі акупантамі. І яны адрозьніваліся. У параўнаньні з нашай культурай гэта былі адсталыя людзі. Абарваныя, голыя, босыя. Толькі што пілётка з зоркаю. На нейкіх драбінах ехалі. І «даёш Аршаву!» крычалі. «Даёш Аршаву!» Варшаву не выгаворвалі. Адзін дзед сушыў каля хаты лубін. А яны галодныя, як заўжды. Накінуліся. «Можно, дедушка, гороха попробовать?» Той расьсьмяяўся. «Пажалуста». Дык яны сталі тое зялёнае есьці, пена з рота ідзе. «Хорош горох! Только горьковатый!» На вуліцы паставілі сваю кухню.Шэсьць буханак хлеба сьпяклі. І салдат там, напэўна, цэлы полк. І шэсьць буханак усяго. І крычаць: «Подходи, народ! Хлебом будем делиться!» А ў нас тады ў кожнай хаце пяклі хлеб. І такі хлеб, што я да гэтае пары памятаю. Ён ляжаў два-тры тыдні і ня сох. Мы іх кармілі, але не лічылі іх сябрамі.
Маёнтак шляхціцаў Тарасовічаў — у выдатным стане. У сымпатычным палацыку месьціцца калгаснае праўленьне. Побач вялікая стайня. Нават сажалка зьзяе чысьцінёй вады.
Пра былога гаспадара Гнезна мне распавёў іншы старажыл, Іван Лявонавіч.
— Ён прагуляў свой маёнтак. Ведаў, што вайна будзе, і прагуляў. Як гуляюць, калі грошы ёсьць? Направа і налева. Усе лясы, усе землі пазаганяў. У карты гуляў. Яны там каля касьцёла пахаваныя былі. Але мармуровую пліту ў час, калі ганеньні былі на рэлігію, зруйнавалі. Дамавіны перавярнулі. Золата шукалі. Багатыя не дурныя людзі былі. Хто ж золата ў зямлю клаў?
Касьцёл у Гнезьне ўражвае сваёй гатычнай сапраўднасьцю. У Беларусі ня так шмат храмаў, якім 500 гадоў. Цяжкі, чырвонацагляны, з таўшчэзнымі сьценамі. Калі па вайне пачаўся масавы ад’езд польскага насельніцтва, некаторыя людзі заставаліся ў Гнезьне толькі з-за гэтага касьцёла. Як і сям’я Язэпа Садоўскага.
— Большасьць выехала. А мая маці — «Касьцюлэк не пакіну». Бацька пайшоў да ксяндза. А ксёндз быў такі справядлівы, за народ. Бацька кажа: «Што рабіць? Выяжджаць? Як ксёндз выедзе, то і мы паедзем». А той кажа: «Калі апошні парахвіянін выедзе, тады і я паеду». Ксёндз Ціханоўскі. Ён памёр у 1956-м. Пасьля ягонай сьмерці касьцёл закрылі. Якія тут скульптуры былі! Забралі, здаецца, у Мінск. І гэты касьцёл аддалі калгасу. А што калгас, калі тут нават возам не заехаць? Дзьверы ж вузкія.
Тое, што гэты храм займае далёка не апошняе месца ў жыцьці тутэйшых людзей, зразумець ня цяжка. Дастаткова пагутарыць зь любой старой, якая нясьпешна ідзе на імшу. Радасьць, што касьцёл аднавілі, за 25 гадоў нікуды ня зьнікла.
— Не было стрэхі. Яна абваліліся. Усё было страшнае. І пісалі ў Маскву. Прыяжджалі камісіі. І дазволілі адбудоўваць. І будавалі ўсе. І праваслаўныя, і каталікі. Мы нават не маглі падумаць, што гэтыя бэлькі выцягнем рукамі. Усё зрабілі людзі.
Я ўжо ня першы раз чую пра тое, як разважалі сяляне напярэдадні ІІ сусьветнай вайны, купляючы зямлю. Трацячы свае грошы не на золата, не адкладаючы на чорны дзень польскія купюры. Зямля ім здавалася самым надзейным банкам. Бо яе ж нельга скрасьці. І якая гэта была памылка! Слова Івану Лявонавічу.
А ў 50-я пачалася калектывізацыя. Гэта было горш за вайну. На ноч у падвал. Пакуль ня ўступіш
— Бумажка згарыць, золата згубіш. А зямлю ня згубіш. І ня скрадзеш. А ў 50-я пачалася калектывізацыя. Гэта было горш за вайну. На ноч у падвал. Пакуль ня ўступіш. А як Сталін памёр, настаўнікі так плакалі. Усе былі прысланыя. Польскія настаўнікі пасьля 39-га ўсе былі ў Курапатах. Усю інтэлігенцыю ліквідавалі. Ні настаўнікаў, ні ўрачоў, нікога не засталося.
Але калі б не расейская настаўніца, прысланая ў Гнезна ў 39-м годзе, дык сям’і Садоўскага магло ўжо ня быць. Па вайне нехта з суседзяў накрапаў на іх данос у МГБ, абвінаваціўшы ў супрацоўніцтве з акупантамі. У выдачы немцам савецкага афіцэра.
— Як адступалі саветы ў 41-м, застаўся афіцэр, ранены ў жывот. Ён енчыць — дабіце. А хто яго будзе дабіваць? Паклалі яго ў нас. І тут немцы прыехалі. Настаўніца ўсё гэта бачыла. Кажа: «Трэба іх паклікаць, можа апэрацыю зробяць?» І прыйшоў афіцэр. Дастаў пісталет і застрэліў. Пахавалі яго. І нехта пасьля вайны данёс. Каб ня тая настаўніца, дык усё.
А ўсё ж ад калгаса можна было адмазацца. Вось як гэта зрабіла маці майго суразмоўцы:
— Маці маю забралі ў кантору. Дзень сядзіць з аховай. «Падпісвай заяву». А ў туалет не пускаюць. Варварскія мэтады. «Пусьці ў туалет». «Не. Падпісвай заяву». А маці такая была сьмелая. «Адвярніся, мужыкі» Села і надула ім. «Пайшла, дрэнь, адсюль!» І ўсё. Яе больш у калгас не цягнулі.
А вось рэч, якую немагчыма зразумець любому чалавеку з вольнага сьвету.
Майго сябра бацька пры Польшчы купіў зямлю. І купчую аформілі праз натарыюса. І зараз гэта ўсё «недзяйствіцельна»
— Хата, у якой вырас, сваю хату я не магу ні прадаць, ні падараваць. Таму што зямля пад ёй не мая. Як так можна? Калі запісана бацькам дароўная. І ад польскага натарыюса ёсьць дакумэнт, што зямля гэтая купленая.
Такая самая праблема і ў ягонага суседа, і ў тысяч гаспадароў па ўсёй Беларусі. Якім належаць толькі радавыя пабудовы. Але не зямля пад імі.
— Гэты дом на бацькаўшчыне пастаўлены. А каб пашпарт зрабіць, трэба выкупіць зямлю. Выкупіць сваю зямлю. Ніхто ж на чужой не будаваўся. Майго сябра бацька пры Польшчы купіў зямлю. І купчую аформілі праз натарыюса. І зараз гэта ўсё «недзяйствіцельна». А вось калі цара ўбралі, Польшча прызнавала царскія дакумэнты. Бо цар не дарма ж даваў землі. А ў нас было 5 гектар лесу. Калі па справядлівасьці, дык трэба кампэнсацыі выплаціць людзям за столькі гадоў карыстаньня. Але шыш. Гэтага ў нас нільзя.
Улада бальшавікоў у 30-я гады абрабавала беларусаў на Ўсходзе краіны, а ў 50-я — на Захадзе. І пакуль забранае ня будзе вернута сапраўдным гаспадарам, я ня веру ні ў якія пасьпяховыя эканамічныя рэформы, ні ў якую сьветлую будучыню.
Your browser doesn’t support HTML5