Таварыства вольных літаратараў уручыла сваю штогадовую прэмію за лепшую мастацкую беларускамоўную кнігу года «Гліняны вялес» літаратару Андрэю Федарэнку. Цырымонія адбылася ў літаратурным музэі імя Пятруся Броўкі.
Алесь Аркуш, які вёў вечарыну, адзначыў, што за 22 гады існаваньня прэміі «Гліняны вялес» яе ўручэньне адбывалася ў самых розных месцах і гарадах Беларусі. Гэта былі музэі, кнігарні, памяшканьні грамадзкіх арганізацый. Сярод ляўрэатаў былі Ўладзімер Някляеў, Алесь Разанаў і Славамір Адамовіч.
Паводле Аркуша, цяперашняга атрымальніка прэміі Андрэя Федарэнку таксама можна назваць клясыкам беларускай літаратуры, бо ён распачаў сваю творчасьць яшчэ ў літаратурным аб’яднаньні «Тутэйшыя». Паводле Аркуша, творчасьць Федарэнкі яшчэ павінна ацаніць літаратурная крытыка, бо яна вельмі самабытная і неардынарная.
Андрэй Федарэнка падчас імпрэзы сказаў, што кнігу «Ціша», за якую ён атрымаў «Глінянага вялеса», ён пісаў да свайго 50-гадовага юбілею. Таму прэмія за гэтую кнігу для яго яшчэ больш прыемная. Федарэнка адзначыў, што «Ціша» гэта лепшае, што ён напісаў і атрыманьне за яе прэміі — гэта аванс для таго, каб больш працаваць і далей.
Прэмія «Гліняны вялес» заснаваная ў 1993 годзе ў Наваполацку як прэмія для экспэрымэнтальнай паэзіі. Але потым яна стала адзінай незалежнай літаратурнай прэміяй для ўсёй сучаснай беларускай літаратуры. Кожны літаратар можа атрымаць яе толькі адзін раз. Сёлета пераможцаў выбіралі з сямі прэтэндэнтаў. Асноўнымі кандыдатамі былі Андрэй Федарэнка («Ціша») і Віктар Марціновіч («Мова»).