Удзельнік студэнцкай акцыі пратэсту, якая прайшла 2 сьнежня, студэнт 2-га курсу філфаку БДУ Глеб Вайкуль атрымаў позву ў суд Маскоўскага раёну Менску.
Суд павінен адбыцца 30 сьнежня. Пра гэта паведамілі ў суполцы #студентыпротив у сацыяльнай сетцы «Ўкантакце».
«Сёньня нам стала вядома, што яшчэ аднаго ўдзельніка Марша студэнтаў выклікалі ў суд. На гэты раз у суд выклікалі студэнта БДУ — Вайкуля Глеба. Прычына ўсё тая ж — удзел у несанкцыянаванай уладамі акцыі.
Суд прызначаны на 30.12.15 (15:30) тады ж, калі і павінна была адбыцца сустрэча з рэктарам (пра гэта напішам пазьней). Гэта яшчэ адзін ганебны прыклад «супрацоўніцтва» адміністрацыі БДУ са студэнтамі. «Вы запісваліся на сустрэчу з рэктарам? Тады на гэты час вас выклічуць у суд, усяго добрага», — адзначаюць адміністратары суполкі.
У адносінах да Глеба Вайкуля быў складзены пратакол па ч. 1 арт. 23.34 КаАП. Як адзначаецца ў пратаколе, фотакопіі якога студэнт выклаў у сацсетках, Глеб Вайкуль 2 сьнежня, «знаходзячыся ў складзе групы грамадзян, прыняў актыўны ўдзел у правядзеньні несанкцыянаванага пікетаваньня, што выявілася ў тым, што ён размахваў бел-чырвона-белай стужкай».
Трэба адзначыць, што падчас акцыі бел-чырвона-белая стужка была ў Глеба павязаная на сумку.
Раней суд Маскоўскага раёну Менску пакараў за ўдзел у «Маршы студэнтаў» грамадзкага актывіста Паўла Сяргея штрафам у памеры 25 базавых велічыняў (4,5 мільёна рублёў).