Напэўна, кожны з нас хоць раз у жыцьці сустракаў махляра. Яны паўсюль. Нейкія нібыта прадстаўнікі заходніх банкаў паведамляюць нам на нашу асабістую электронную пошту, што нейкі невядомы крэўны пакінуў нам у спадчыну капітал у некалькі мільёнаў даляраў. Хтосьці звоніць нам дадому і запрашае на прэзэнтацыю нейкага посуду, набыўшы які, мы атрымаем бясплатную пуцёўку ў Эгіпет на ўсю сям’ю. Нехта з сумнымі вачыма і па-жабрацку апрануты хапае нас за руку ля храму і са сьлязьмі на вачох просіць нас даць яму на ежу ці на лячэньне няшчаснага хворага дзіцяці. Нейкая жанчына, апранутая як манашка, ходзіць са скрыняй па вагонах мэтро і заклікае нас даць ахвяраваньні на будоўлю новай царквы. Нас тэстуюць на жаданьне бясплатна атрымаць тое, што каштуе грошай і часам немалых, у нас імкнуцца выклікаць згрызоты сумленьня за тое, што мы сытыя і апранутыя, а нехта галодны ды босы... Падобных гісторыяў шмат, мы чулі пра іх ня раз. Але, тым ня менш, мы вядзёмся. Вядзёмся, а потым, зразумеўшы, што нас ашукалі, пытаемся: што ж гэта такое было, чаму мы так даверыліся абсалютна незнаёмым людзям?..
Паказчык часу: сёньня супраць несумленных людзей, імпэт якіх накіраваны на тое, каб ашукаць бліжняга, людзі аб’ядноўваюцца ў сацыяльных сетках. «Укантакце» зьявілася адкрытая група пад назвай «Махляры, афэрысты, ашуканцы, жулікі ў Менску». Ахвяраў заклікаюць падзяліцца сваім досьведам і далучыцца да стварэньня «базы даўжнікоў Менску і Беларусі».
Аўтары праекту тлумачаць: «Група створаная дзеля таго, каб мы дзяліліся інфармацыяй пра махляроў, афэрыстаў і проста ашуканцаў». Навошта? Таму што «сёньня ў Менску і ў Беларусі поўна людзей, якія бяруць грошы ў доўг і не вяртаюць іх, хітрасьцю атрымліваюць каштоўнасьці і зьнікаюць зь імі, людзі, для якіх падман — праца».
«Трэба было бачыць таго хлопца... Ну хіба такі мог падмануць?»
Карэнны мянчук, кінадакумэнталіст Леанід Міндлін ужо шмат гадоў зьбірае гісторыі пра яркіх асобаў свайго роднага гораду. Сярод іх — людзі, надзеленыя самым розным талентам, у тым ліку і крымінальным. Леанід лічыць, што яны — частка гісторыі ягонага пакаленьня. І калі ёсьць «Адэскія апавяданьні», то чаму ня быць менскім, гомельскім, гарадзенскім, віцебскім, магілёўскім, берасьцейскім?
Your browser doesn’t support HTML5
Міндлін: «Я шмат такіх людзей сустракаў. Я нарадзіўся і жыў у цэнтры Менску. Як кажуць, хлопцы з майго двара, вуліцы, школы, гораду... Безумоўна, я ведаў, хто такі Гена Паркін. Ён быў вядомы пэрсанаж на праспэкце Леніна. Недзе маладзейшы за мяне гадоў на 10. Трэба было бачыць таго хлопца. У яго вялікія блакітныя вочы, пухлыя губы. Давер да яго зьяўляецца адразу. Ну як такі чалавек можа падмануць? Я ведаў, што Гена — афэрыст і што ў яго было некалькі „ходак“ за махлярства. З майго гледзішча, афэрыст — гэта тры ў адным: сцэнарыст, рэжысэр, актор. Усё гэта ў ім сумяшчалася. Аднак, як высьветлілася потым, ён яшчэ і літаратар. Пачаў пісаць менавіта на зоне. Недзе гады за тры Паркін напісаў у вязьніцы дзесяць баявікоў, якія потым выйшлі ў розных выдавецтвах. У сваіх кнігах ён адчуваў сябе абсалютна вольным чалавекам».
У нашу праграму мы, з дазволу Леаніда Міндліна, уключылі ўрыўкі з тых зробленых ім недзе ў сярэдзіне 1990-х інтэрвію з Генадзем Паркіным. Здымкі былі зробленыя, калі Паркін чарговым разам выйшаў зь месцаў пазбаўленьня волі — на той момант з калёніі асобага рэжыму ў Глыбокім. Паркін расказваў пра свае кнігі, іхніх герояў і пра тое, як ён прыйшоў у літаратуру. Праз пару год яго ня стала.
«Пачаў зь лістоў да амэрыканскіх вязьняў і да беларускага журналіста № 1»
Паркін: «Маё пісьменьніцтва пачалося з таго, што было моцнае жаданьне выжыць. Грошы, якія былі — а я сядзеў за махлярства, і хоць шмат чаго было не даказана, грошы былі, але... зьберагчы тую суму я ня змог, усё паляцела, і я застаўся голы ды босы. Гады два правёў на зоне па інэрцыі. Потым зразумеў, што далей так нельга. Або гуляць у карты, або заняцца літаратурнай дзейнасьцю, пісаць кнігі.
Я пачаў трэніравацца на лістах у розныя арганізацыі. Першым быў ліст дарадцы па культуры ў амбасадзе ЗША ў Менску. У 1992 годзе нібыта скончыўся камунізм, пайшла расслабуха, усе пачалі сябраваць паміж сабой. Паколькі я ня ведаў ангельскай мовы, я зьвярнуўся да дарадцы па культуры амэрыканскай амбасады, каб хто-небудзь у іх пераклаў маё пасланьне да вязьняў амэрыканскай турмы і адаслаў яго далей па адрасе. Гэта была турма Сінг-Сінг, з максымальна строгім рэжымам. Наша калёнія тады таксама мела самы жорсткі асобы рэжым.
Я пісаў: хлопцы, вы там у сябе чаліцеся, і мы тут чалімся. Вы крыху багацейшыя за нас, што натуральна. Гэта тое самае, што ў перасыльнай вязьніцы, калі побач дзьве камэры. У адной сядзельцы сядзяць даўно, атрымліваюць перадачы ды ўсё маюць. У другой камэры, якая транзытам ідзе, людзі нічога ня маюць, галодныя, падзяліцца зь імі — сьвятая справа. Я ў двух словах апісаў наша жыцьцё. Што мы курым, што ядзім. Прасіў пра драбязу: скінуцца па пары даляраў ды даслаць пару пасылак.
Ліст у амбасаду быў накіраваны праз надзейныя крыніцы. І я ўпэўнены, калі б той дарадца атрымаў яго, ён бы сам даслаў нам у Глыбокае прынамсі цыгарэты. Аднак рэакцыі не было аніякай. Хутчэй за ўсё, той ліст не прапусьцілі амэрыканскія ахоўнікі зь меркаваньняў бясьпекі. Бо я магу пераканаць чалавека, што тое і тое зрабіць трэба, прычым так, што ён сам захоча зрабіць гэта...
Ніякіх наступстваў за той ліст з боку адміністрацыі Глыбоцкай калёніі не было. Затое былі наступствы ў сувязі з наступным лістом — да Паўла Якубовіча. Ён лічыўся тады журналістам № 1 у Беларусі, гэта быў час, калі абралі нашага ўсенароднага... І я напісаў Пашу па старой дружбе, не разьлічваючы на нейкую публікацыю. Гэта быў проста сьцябок.
Я пісаў штосьці кшталту, што я, Генадзь Паркін, і наш абраны — мы нечым падобныя. Напрыклад, яго папулізм і маё махлярства, мы маем аднолькавыя тэрміны — па пяць гадоў. Ну, і дадаў некаторыя іншыя падабенствы.
Атрымаўся прыкольны ліст. Да Якубовіча, упэўнены, ён дайшоў. Апэрчастка за гэта мяне тузанула. Ну, а потым я з газэты атрымаў вельмі такі гнеўны водгук.
Але вось так з тых лістоў усё пачалося. Стаў пісаць маленькія апавяданьні. Пачалі плаціць. Прычым плацілі пераважна бульварныя выданьні, а дзяржаўныя, куды я накіроўваў нешта лепшае, нічога не плацілі. Першую сваю аповесьць я пачаў пісаць як апавяданьне. Пра Ваганькаўскія могілкі ў Маскве, дзе мне давялося крыху папрацаваць«.
«Куля з Ваганькава»
Your browser doesn’t support HTML5
Вось так у 1996 годзе зьявілася першая, амаль аўтабіяграфічная авантурная аповесьць Генадзя Паркіна «Куля з Ваганькава». Неўзабаве выйшаў на волю і аўтар. Тады ў Леаніда Міндліна і зьявілася ідэя зьняць фільм пра гэтага чалавека. Ажыцьцявіць той намер, праўда, не удалося. Аднак слова Леаніду Міндліну...
Міндлін: «Мы вырашылі зрабіць фільм пра Гену, бо вельмі цікавая была калізія ягонага жыцьця, аднак ён зьнік. Мы зьнялі 2/3 матэрыялу, але зрабіць зь яго кіно было немагчыма. Потым раптам празь нейкі тэрмін патэлефанаваў, каб мы сустрэлі яго на вакзале. Ён ехаў у Менск зь Піцеру. За свае апавяданьні ён атрымаў ад выдавецтва недзе 10 тысяч даляраў. Зь цягніка ён выйшаў увесь абарваны, пабіты... Расказаў нейкую байку. Аднак здымаць яго было нельга. А мы хацелі яго павезьці ў Глыбокае, была адна пастановачная ідэя. Потым ён зьнік ізноў. Ад некага я даведаўся, што ў Гены невылечная хвароба крыві. А хутка яго ня стала... Такі лёс».
— Калі чалавек, так бы мовіць, мог «разьвесьці» любога... Ці не было такога адчуваньня, а можа, і ня толькі адчуваньня, што такое элемэнтарна можа здарыцца і з вамі? — пытаюся ў Леаніда Міндліна.
Міндлін: «Тое, што ад Гены можна было чакаць усяго — гэта пэўна. У нас былі здымкі ў Маскве на Ваганькаўскіх могілках. Гена купіў букет гвазьдзікоў. Сьпярша паклаў дзьве кветкі на магілку, дзе была пахаваная Сонька Залатая Ручка. Выпіў з фляжкі каньяку. Пайшоў далей. У другой магілцы была пахаваная артыстка Зоя Фёдарава. Ізноў паклаў два гвазьдзікі, выпіў каньяку і сказаў: вось гэтыя дзьве жанчыны адыгралі ў маім жыцьці фатальную ролю. Дзякуючы вобразу першай я прыйшоў у прафэсію. З-за другой мяне ледзь не „замачылі“, але з-за гэтага я набыў іншую прафэсію.
Потым Гена на разьвітаньне запрасіў мяне і апэратара адзначыць нашу працу ў рэстаранчык. Быў такі „Ў Тыграныча“ ля Беларускага вакзалу. Гена папярэдзіў, што плаціць будзе ён. Дастаў салідны пачак банкнотаў. Потым высьветлілася, што гэта была так званая „кукла“. Калі я спытаўся ў Гены: ну чаму? Ён адказаў: прабач, спрацаваў умоўны рэфлекс».
«Рэкардсмэн» у галіне падману
Падобна менчуку Леаніду Міндліну, адзін з аўтараў нашай перадачы, гарадзенскі журналіст і пісьменьнік Сяргей Астраўцоў таксама вывучае гісторыю свайго гораду і яркіх асобаў, якія паходзяць з гэтых мясьцінаў.тут Адзін з калярытных крымінальных пэрсанажаў — мясцовы ашуканец з 14 Канстанцін М., рэкардсмэна ў галіне падману.
Астраўцоў: «Гэта самы масьціты на сёньня махляр у Горадні. Два гады таму ён сеў на шэсьць гадоў, тады яму было 35. Гэта была яго чатырнаццатая судзімасьць.
Так здарылася, што мне давялося лічаныя разы размаўляць з начальнікамі крымінальнага вышуку, і кожны раз усплывала гэтае прозьвішча. Першы раз — у сярэдзіне 1990-х. Міліцыянт кажа: вось сьвежы выпадак — школьнік, пятнаццаць год яму, убраўся ў чорную рызу. На тэрыторыі аднаго прадпрыемства стаяла фура з гуманітарнай дапамогай зь Нямеччыны. Хлопец прадставіўся на прахадной пастарам і на ламанай расейскай патлумачыў, што нешта забыўся ўзяць у кабіне. Яго прапусьцілі. Ён абрабаваў машыну. Скраў нешта дробнае, што было, але трапіўся ў рукі міліцыі.
„І што зь яго будзе?“ — рытарычна запытаўся міліцыянт, скончыўшы апавяданьне.
Апошні раз мне давялося пачуць такую гісторыю: М. пазнаёміўся з ксяндзамі, стаў сябраваць. Езьдзілі разам адпачываць у Крым, у Ялту, на катэры каталіся. Аднойчы з касьцельнай тэрыторыі (ня буду казаць, дзе гэта было канкрэтна) зьнікла даволі дарагая машына. Як? Незразумела. На прахадной быў дзяжурны. Але ён таксама патлумачыць нічога ня мог. Сьледчаму ўдалося высьветліць, што машыну скраў М. А паколькі яго ўсе ведалі ў твар, падазрэньня ў дзяжурнага ня ўзьнікла. Тым больш — чалавек у ксяндзоўскай рызе.
Касьцёлы яго прыцягвалі. Краў там грошы, сабраныя на ўтрыманьне храма, і гуманітарную дапамогу. А паколькі наведваўся ў сутане, то мог і „паспавядаць“, калі папросяць.
Махляру нельга адмовіць у пэўным артыстызьме і нават крэатыўнасьці, само сабой. То ён пастар, то ксёндз, то супрацоўнік КДБ, то ўвогуле пляменьнік самога Біла Клінтана. Гэткі гарадзенскі Астап Бэндэр. Але мэта ў яго адна, вядомая: ашукаць, скрасьці.
Варта адзначыць, што М. зрабіўся ўрэшце зьявай агульнабеларускага маштабу. „Хадзіў на дзела“ і ў сталіцы, і ў Бабруйску, Баранавічах, Ваўкавыску, Слоніме і нават у Віцебску. У сваім махлярстве стаў майстрам на ўсе рукі».
Жаночае абаяньне як мэтад ашуканства
Нягледзячы на тое, што паводле артыкула 209 (махлярства) асуджана нашмат болей мужчын, чым жанчын, але калі ўжо за гэтую справу бяруцца жанчыны, то, як кажуць экспэрты-крымінолягі, у іх выходзіць нашмат больш віртуозна. Узгадаем прыклад той жа Сонькі Залатой Ручкі, да якой з такім піетэтам ставіўся наш сёньняшні герой Генадзь Паркін...
Ці шмат гарадзенцаў сталі апошнім часам ахвярамі менавіта жаночага крымінальнага абаяньня?
Астраўцоў: «У Горадні сёньня гавораць пра самы сьвежы выпадак. Пад вартай апынулася гарадзенка, якой 52 гады (прозьвішча яе называецца, у інтэрнэце можна знайсьці і здымак: нармальны твар, ніякай падступнасьці ў вачах). Даволі працяглы час яна пазычала ў сяброў і знаёмых вялікія сумы. Абяцала працэнты або добры бізнэс. Грошы вяртаць не зьбіралася.
Уражвае сума: пяць мільёнаў даляраў. Пацярпелымі прызнаныя дванаццаць асобаў.
Сьледчы камітэт надрукаваў дадзеныя махляркі, спадзеючыся, што знойдуцца яшчэ ахвяры. Калі не, то няцяжка падлічыць: у кожнага з падманутых яна ўзяла ў сярэднім каля пяцідзесяці тысяч даляраў. Пра што гэта можа сьведчыць? Махлярка мела талент увайсьці ў давер і пераканаць аддаць ёй вялікія грошы. Цяпер яна пад вартай. Калі дойдзе да суду, то наперадзе зьняволеньне да дзесяці год з канфіскацыяй маёмасьці. І абавязак вярнуць пазычаныя грошы. Калі яны ў яе ёсьць, вядома.
Пад вартай і яшчэ адна махлярка, якой 63 гады. Яна наймала ў Горадні кватэры, а затым прадавала іх. Каб клюнулі, прапаноўвала заніжаную цану. Прадстаўлялася рыэлтарам ці супрацоўніцай БТІ. Адносна яе распачата дванаццаць крымінальных спраў. Жыхарам гораду яна нанесла страты на паўтара мільярда рублёў.
А маладая гарадзенка здолела падмануць чатырох чалавек. У кожнага выманіла па дзьве тысячы даляраў. Абяцаная паслуга: дапамагчы зь візай і „картай паляка“. Хоць любому, здавалася б, жыхару Горадні вядома, што віза столькі ня можа каштаваць. Аднак махлярка ўмела знаходзіць ахвяраў, якія ёй верылі і не шкадавалі грошай».
«Талент там ёсьць, але маралі няма ніякай...»
Гарадзенскі мастакі і скульптар Мікалай Скляр, чый ўлюбёны матэрыял — дрэва, лічыць, што бываюць пароды мяккія, а бываюць — інструмэнт зламаць можна. Так і з чалавекам: бывае зь цьвёрдым характарам, а бывае — знаходка для махляроў.
«Даверлівасьць. Гэта адно, — кажа мастак. — А другое: а раптам гэта халява? Дакладны рэцэпт нашай дурасьці адкрыць не магу. Але яна існуе».
Your browser doesn’t support HTML5
У сваю чаргу, праваахоўнікі лічаць махляроў своеасаблівай элітай злачыннага сьвету. Бо нярэдка гэта людзі з досыць высокім інтэлектам і пэўнымі ведамі ў псыхалёгіі. Яны добра ўмеюць навязваць кантакты, выклікаць давер. Часта выкарыстоўваюць псыхалягічныя прыёмы: прапануюць зьдзелку зь вельмі выгаднымі ўмовамі, але прымушаюць ахвяру дзейнічаць у сьпешцы. Выдаюць сябе за вельмі пасьпяховых людзей з сувязямі. У Эўразьвязе гэтым відам злачыннасьці займаецца Эўрапейскае бюро па барацьбе з махлярствам.
Тым часам псыхіятры мяркуюць, што ў такіх людзей праблемы з асабовасьцю.
Галоўнай іхнай рысай называюць павярхоўнае абаяньне. Павярхоўнае — ня значыць слабое, папярэджваюць знаўцы. Наадварот. Павярхоўнае — таму што ў махляроў няма сапраўднага цяпла, сымпатыі, спагады да сваіх ахвяраў. Вылучаюцца такія людзі таксама інтэлектам. Але ён мае адну накіраванасьць — як ашукаць? Гэтыя людзі няздольныя шкадаваць аб сваіх учынках, мець сорам ці адчуваць вінаватасьць. Іх успрымаюць як прыемных і шчырых. Ім уласьціва імкненьне падабацца. Таму яны могуць выглядаць самымі добразычлівымі, сардэчнымі людзьмі, якія заўсёды гатовыя дапамагчы. Яны без праблемаў сыходзяцца з самымі рознымі людзьмі. Зразумела, каб дасягнуць сваіх мэтаў.
Як правіла, трапіўшы за краты, махляры не абмяжоўваюцца адной адседкай... Пасьля непрацяглых вакацыяў на волі яны трапляюць на зону зноў, і зноў, і зноў... Такое адчуваньне, што ў іх нібыта няма інстынкту самазахаваньня, бо яны сьвядома ідуць на парушэньне закону, ведаючы, што за гэта іх чакае немалы тэрмін. Няма ў іх і згрызотаў сумленьня, жалю ад таго, што яны забіраюць апошняе ў безабаронных людзей...
Што рабіць з махлярамі? Можа, закрываць назусім — пасьля, скажам, трэцяй судзімасьці? Або — хай усё так і застаецца? Махляры былі заўсёды і ёсьць паўсюль...
Леанід Міндлін, які на сваім жыцьцёвым шляху пабачыў нямала людзей з крымінальным талентам, мяркуе:
Міндлін: «Махляры — гэта асаблівы род крыміналітэту. Некалькі гадоў я езьдзіў працаваць на поўнач СССР. Там працавала шмат тых, хто сядзеў у лягерах. Яны жывуць паводле сваёй этыкі, „паняцьцяў“. Тое, што належыць тым, хто ўваходзіць у іхнюю карпарацыю, — гэта сьвятое. З астатнімі можна рабіць усё што заўгодна.
Аднак сярод гэтай публікі даводзілася сустракаць шмат цікавых людзей. Адукаваныя, таленавітыя, ды яшчэ рызыкоўныя пры гэтым. Набор вельмі добры, калі накіраваць на добрую справу... Той жа Паркін. Ягоныя кнігі — гэта гатовыя сцэнары для сэрыялаў. Цяпер, калі ў модзе розныя баевікі, гэта быў бы шыкоўны сцэнарыст... Талент там ёсьць, але ж маралі няма ніякай. Калі я быў на Поўначы, пазнаёміўся зь сябрам Высоцкага — Вадзімам Туманавым. Ён распавядаў мне, як паводзіць сябе з такімі людзьмі. Ніколі ня трэба імкнуцца быць зь імі на роўных. Гэта відавочна, што ты ня іхні, і яны не твае. Трэба заставацца самім сабой... Як зь імі паступаць? Закон ёсьць закон».