Папулярны гурт Rahis прэзэнтуе кліп на песьню «Грэй мяне» з альбому «Паміж сонцам і хмарамі».
На фінішы працы над новай кружэлкай Свабода рабіла інтэрвію з фронтмэнамі калектыву — Дзянісам Філіпенкам і Зьмітром Язьвінскім.
У цэнтры сюжэту дэбютнага відэа менскай каманды — вядомы астраном-фатограф Віктар Малышчыц. Зорныя «таймлапсы» беларускага майстра, зьнятыя ім па ўсёй Беларусі, зьбіраюць дзясяткі тысяч праглядаў у сеціве і захапляюць хараством беларускай прыроды і зорнага неба.
— Віктар вельмі блізкі нам паводле духу і поглядаў на сваю справу. Увесь свой вольны час ён глядзіць кудысьці ў неба і паказвае яго неверагодную прыгажосьць. Яе так лёгка можа ўбачыць кожны, калі проста падыме галаву, але яна застаецца амаль незаўважанай, — кажа аўтар песьні Дзяніс Філіпенка.
Рэжысэр відэа — малады беларускі кліпмэйкер Ігар Чышчэня. Здымкі праходзілі цягам некалькіх веснавых і летніх месяцаў. Пра сваё бачаньне кліпу апавядае яго галоўны герой Віктар Малышчыц:
— Кліп пра тое, што ёсьць сэнс кожнаму з нас імкнуцца да зорак, у прамым і пераносным сэнсе. Пра тое, што любыя цяжкасьці жыцьця будуць пераадолены, калі яшчэ ня згасла ўнутры вера і калі сэрца яшчэ грэе надзея.
Канцэртная прэзэнтацыя новага альбому Rahis «Паміж сонцам і хмарамі» адбудзецца празь месяц, 22 кастрычніка, у сталічным Loft Cafe на вуліцы Пятруся Броўкі, 22.