Масква і Менск прыйшлі да кампрамісу: Беларусь вяртае грошы за газ, а Расея дае зьніжку

©Shutterstock

Кошт расейскага газу для Беларусі будзе істотна зьніжаны, аднак Беларусь пры гэтым мусіць выплаціць запазычанасьці па газе перад Расеяй. Пра гэта заявіў журналістам віцэ-прэмʼер Беларусі Ўладзімер Сямашка, перадае БелТА.

«Мы павінны гэтыя грошы назад вярнуць. Але наўзамен мы атрымалі аднамомантавае істотнае зьніжэньне кошту газу ўжо сёлета ды іншую падтрымку з боку Расеі. І далей мы намецілі і пратаколам пазначылі траекторыю зьніжэньня цаны ў наступныя гады», – сказаў віцэ-прэмʼер.

Раней Масква заяўляла пра тое, што запазычанасьць Беларусі па газе складае 270-300 мільёнаў даляраў. Менск, у сваю чаргу, гэтага доўгу не прызнаваў.

Акрамя таго, як паведаміў Сямашка, Расея адновіць ранейшыя абʼёмы паставак нафты беларускаму боку, а Беларусь адменіць рашэньне аб павышэньні тарыфаў на транзыт:

«Мы адрэгулявалі ўсе бягучыя моманты. Вы ведаеце, што ў трэцім квартале заблякаваная палова пастаўкі нафты ў Беларусь. Мы павінны былі атрымаць 6 млн тон, а цяпер рэальна атрымліваем толькі 3 млн тон. Цяпер усё гэта аднаўляецца. Да 20 кастрычніка павінна аднавіцца пастаўка нафты ў поўным абʼёме, пад поўную загрузку нашых НПЗ», – заявіў віцэ-прэмʼер.

«Мы таксама зрабілі кампрамісныя крокі. Нядаўна былі крыху павышаны тарыфы на транзыт нафты. Мы гэта вяртаем назад. Гэта значыць застануцца тыя тарыфы, якія дзейнічалі па стане на 1 кастрычніка», – паведаміў Сямашка.