Газ, шэсьць сьмерцяў і абыякавасьць. Барысаўскую сям’ю ня сталі ратаваць год таму, цяпер не прызнаюць пацярпелымі

Анастасія з Барысава паказвае дакумэнты ад мэдыкаў і сьледчых

Барысаўскі раённы суд пачаў 5 студзеня разгляд справы пра сьмерць шасьці чалавек ад атручэньня газам у Барысаве ў канцы студзеня мінулага году.

На лаве падсудных два сьлесары «Барысаўгазу», Аляксандар Чысьцякоў і Аляксей Лукаш. Ім пагражае да пяці гадоў пазбаўленьня волі за прычыненьне сьмерці зь неасьцярожнасьці. Чацьвёра сваякоў памерлых прад’явілі позвы аб маральнай кампэнсацыі па 50 тысяч рублёў кожнаму, пяты – на 6 тысяч. Чысьцякоў і Лукаш сваёй віны не прызнаюць.

Яны выяжджалі ў дом за месяц да трагедыі 22 (Лукаш) і 23 (Чысьцякоў) сьнежня 2015 году на выклік, але ня выявілі няспраўнасьці. 27 студзеня 2016 году на 2-м і 3-м паверхах дома знайшлі целы шасьці чалавек (у тым ліку дзяцей 10 і 17 гадоў), якія памерлі, паводле вэрсіі Мінэнэрга і Менскаблгазу , ад атручваньня чадным газам праз парушэньне работы дымавых каналаў і вэнтыляцыі. Ды чадны газ ня пахне, а ў доме адчуваўся паз газу.

Сьледчы на месцы здарэньня таксама казаў пра пах газу:

Суседка памерлых з 4-га паверху, якая просіць называць яе Анастасіяй, сумняваецца, што вінаватыя будуць пакараныя ў судзе. Год таму яна распавядала Свабодзе, як ад раніцы 27 студзеня выклікала газаўшчыкоў, «хуткую дапамогу» і супрацоўнікаў ЖЭУ — усе адмаўлялі, што ёсьць працечка газу, нягледзячы на характэрны пах.

Анастасія выступае ў судзе 6 студзеня, на другі дзень працэсу, у якасьці сьведкі. Статусу пацярпелай яе пазбавілі, хоць пасьля здарэньня ў яе знайшлі захворваньне, верагодна зьвязанае з атручэньнем газам.

Дзень трагедыі і адмоваў у дапамозе

Час сьмерці шасьці чалавек афіцыйна не абвяшчаўся; паводле вэрсіі абвінавачаньня, уцечка газу пачалася а 16-й гадзіне 26 студзеня. Анастасія сама адчувала падазроны пах тым вечарам. Яна з мужам і хворым на вятранку 4-гадовым дзіцем леглі спаць у асобны зачынены пакой, дзе працаваў прыбор для ачышчэньня паветра.

Меркаванае месца працечкі газу ў кватэры суседзяў Анастасіі

Наступнай раніцай, каля 6:00, яна прачнулася ў «незнаёмым для сябе стане»: «спаўзла з ложка па сьценцы», адчувала моцны галаўны боль, была нібы аглушаная, у галаве стукала, у вушах пішчэла, цягнула на ваніты. І яна, і муж адчувалі пах газу па ўсёй кватэры — найбольш у санвузле, дзе праходзіць вэнтыляцыйны канал. Муж пайшоў на працу, Анастасія засталася зь дзіцем, праветрыла кожны пакой.

Праветрываньне не дапамагло, пах газу застаўся. Каля 7:00 яна выклікала на дом лекара. Каля 7:30 яна патэлефанавала ў 104, выклікала аварыйную службу. Два газаўшчыкі (ня Лукаш і не Чысьцякоў) прыехалі каля 7:50, адзін зь іх зрабіў замер спэцыяльным прыборам, але ўцечкі не пабачыў. Маўляў, ёсьць пах толькі бутану і адранату (рэчыва, якое дамешваюць да газу, каб надаць яму пах, як правіла, папераджальны), але няма пра што хвалявацца. Жанчына папрасіла праверыць і кватэры суседзяў, але тыя не адчынялі.

Празь 10 хвілін пасьля ад’езду спэцыялістаў Анастасія ўпала на падлогу на кухні ў паўпрытомным стане. Паднялася, адчула сябе яшчэ горш. Патэлефанавала мужу, прасіла прыехаць, ды той ня змог вярнуцца адразу, бо ўжо быў у Менску, працаваў.

Тады Анастасія зноў патэлефанавала ў 104. Спачатку дыспэтчарка не хацела прымаць выклік, бо газаўшчыкі ўжо прыяжджалі і нічога не знайшлі, раіла проста перакрыць газ і праветрыць памяшканьне. Але дыспэтчара атрымалася ўгаварыць на паўторны выклік. Пасьля 8:30 прыехала іншая брыгада (зноў ня Лукаш і не Чысьцякоў), ды яны ня сталі нават рабіць замераў. Сказалі, пахне бытавой хіміяй, мо нехта труціць прусакоў, а гэта ўжо кампэтэнцыя начальства ЖЭУ, а «накручваць» сябе ня варта.

Цягам першай паловы дня Анастасія шэсьць разоў выклікала розных супрацоўнікаў ЖЭУ, у тым ліку дырэктара, тыя шэсьць разоў прыходзілі, прызнавалі наяўнасьць рэзкага паху, але казалі, што нічым ня могуць дапамагчы. У ЖЭУ казалі, што спрабавалі зноў выклікаць газаўшчыкоў, ды тыя адмовіліся ехаць — з кватэры нібы паступалі беспадстаўныя выклікі. Яна прасіла прадстаўнікоў ЖЭУ выклікаць МНС, каб адчыніць дзьверы суседзкіх кватэраў, ды ёй сказалі, што ніхто ня стане тым займацца, бо суседзі, напэўна, проста на працы.

Таксама Анастасія тэлефанавала ў санстанцыю, ды там ёй сказалі, што не займаюцца такімі пытаньнямі, прапанавалі напісаць скаргу, якую абавязаныя разглядзець цягам 30 дзён.

Пасьля адмоваў у дапамозе Анастасія вырашыла застацца дома, бо дзіцяці празь вятранку ня раілі выходзіць на вуліцу, ды й на вуліцы быў мароз. Каля 10:00 на выклік Анастасіі прыехала «хуткая дапамога». Агледзелі, памералі ціск — павышаны. Прапанавалі паехаць у шпіталь, ды Анастасія сказала, што ня можа пакінуць хворае дзіця дома. Тады лекар зрабіў іньекцыі сродкаў ад ціску і абязбольвальнага, сказаў, што калі праз 20 хвілін ня стане лягчэй, трэба зноў выклікаць «хуткую».

«АРВІ?» — у першым дыягназе Анастасіі стаіць пытальнік

Лягчэй ня стала. Каля 12:00 муж Анастасіі вярнуўся дамоў, сабраў рэчы для ад’езду ў лякарню, тады ж прыехаў лекарка-тэрапэўт, якога Анастасія выклікала яшчэ а 7-й раніцы. Тэрапэўт, пабачыўшы стан жанчыны, выклікала «хуткую дапамогу». «Хуткая» адвезла яе ў Барысаўскую ЦРБ. Там жанчыну агледзеў нэўроляг, праверыў на страсеньне мозгу і, не знайшоўшы прыкмет паталёгіі, прапанаваў зьвярнуцца да ЛОР-лекара. У заключэньні напісаў «АРВІ?», прапісаў не зьвязаныя з атручваньнем газам сродкі і паслаў дамоў. Оталарынголяг агледзеў Анастасію і сказаў, што прыкметаў АРВІ не пабачыў — зьдзівіўся, але адпусьціў дадому.

У лякарні ў жанчыны ўзялі стандартныя аналізы крыві і мачы, але вынікаў ня выдалі. Дзе цяпер вынікі тых аналізаў, невядома. Анастасія мяркуе, што аналіз маглі і ня выканаць, а лекары не чакалі вынікаў аналізаў, каб вызначыць дыягназ.

Прыблізна праз гадзіну муж забраў яе дамоў — дзіця выправілі да бабулі, бо пах газу ў кватэры не зьнікаў. Анастасія з мужам заснулі.

«Вашы суседзі памерлі»

Каля 18:00 да суседзяў Анастасіі, якія жылі на 3-м паверсе, прыехаў сын. Бацькі не адказвалі на тэлефанаваньні і не адчынялі, ён выламаў дзьверы. У кватэры знайшоў бацькоў мёртвымі. Прыехалі міліцыя, «хуткая» і газаўшчыкі. Сказалі адчыняць вокны, бо атручваньне было нібыта праз чадны газ. Мужчына, як і Анастасія, казаў, што сумняваецца ў гэтай вэрсіі.

Сьледчыя на месцы трагедыі, 27 студзеня 2016 году

Між 21:00 і 21:30 газаўшчыкі, міліцыянты і людзі ў цывільным пагрукалі ў дзьверы да Анастасіі, спыталі, ці ўсё нармальна. Газаўшчык са спэцыяльным прыборам зайшоў у прыбіральню, адкуль, як казаў муж Анастасіі, пахла газам, і сказаў: «Чадны газ, адчыняем вокны і выходзім на вуліцу». Ім паведамілі, што знайшлі два целы.

Пазьней мужчына прыгадаў, што на 2-м паверсе жылі людзі, якія трымалі сабаку. Звычайна сабака гучна і часта брахаў, цяпер жа яго было не чуваць. Ён папрасіў узламаць дзьверы і на 2-м паверсе. Ратаўнікі прабраліся туды праз акно, знайшлі яшчэ чатыры трупы. Газавая калёнка, як казаў ратаўнік, шыпела — магчыма, згасла праз адсутнасьць цягі, — і ён перакрыў кранік.

На месцы трагедыі, 27 студзеня 2016 году

Анастасія выклікала «хуткую дапамогу», распавяла дыспэтчару, што выклікала брыгады ўжо двойчы, што суседзі памерлі меркавана ад атручваньня чадным газам. Яна спытала, ці могуць ёй зрабіць аналіз крыві на атручваньне газам, бо ўсё яшчэ адчувала сябе кепска — ёй адказалі, што могуць. Анастасія з мужам пайшлі да сьвекрыві, дзе засталося дзіця, «хуткая» прыбыла прыблізна праз 20 хвілін.

Яшчэ каля гадзіны Анастасія чакала прыёму ў Барысаўскай ЦРБ, пакуль ейны муж не прыехаў сьледам за ёй і не прыкрыкнуў на лекараў. Каля 23:00 жанчыну прыняў тэрапэўт, але адмовіў у аналізе крыві — нібыта, калі б было атручваньне, яна б ужо памерла, а мэдыкаў «ня трэба вучыць працаваць».

Лекар прапісаў уколы анальгіну, папавэрыну і дымэдролу, кансультаваўся з кімсьці па тэлефоне, выклікаў рэаніматоляга. Рэаніматоляг таксама заявіў, што атручваньня няма, бо, каб было, Анастасія ўжо памерла б. Сказаў, што калі яна настойвае, яе могуць пакласьці ў рэанімацыю, але тады давядзецца адключыць ад апаратаў пажылога чалавека, бо рэанімацыя запоўненая. Але нават калі яе пакладуць, рабіць нічога ня стануць. Анастасія адмовілася. Ёй параілі паехаць дамоў і выпіць некалькі літраў мінэральнай вады.

Захворваньне ёсьць, статусу пацярпелага няма

На наступны дзень пасьля трагедыі Анастасія зноў выклікала лекара, бо ўсё яшчэ кепска сябе адчувала, і адкрыла бальнічны праз «вэгетасудзінную дыстанію», пракансультаваўшыся з загадчыцай. Ды нейкай спэцыяльнай дапамогі ёй адразу не аказалі: спаслаліся на тое, што гэта не атручваньне. 30 студзеня ў сям’і ўзялі паказаньні ў Сьледчым камітэце, пасьля таго, як яны самі зьвярнуліся туды. У Сьледчым камітэце сказалі, што шукалі іх, хоць Анастасія з мужам кажуць, што пакідалі кантакты міліцыянтам у дзень трагедыі. Заяву на лекараў, якія, на думку Анастасіі і мужа, не выканалі сваіх абавязкаў, у СК прынялі не адразу. Калі Анастасія ішла па лесьвіцы ў СК, ёй стала блага, яна ўпала на лесьвіцы. У яе зьнялі сьляды падзеньня.

На наступны дзень сьледчы папрасіў жанчыну прайсьці экспэртызу, здаць кроў на выяўленьне атручэньня газам. Першага лютага кансыліюм лекараў вызначыў у яе прыкметы інтаксыкацыі, парушэньне каардынацыі рухаў, магчымыя нэўралягічныя наступствы атручваньня «невядомым газам». Сьледчы дамовіўся, каб у 2-й паліклініцы ў Анастасіі ўзялі аналіз крыві, але рабілі гэта без адпаведнай пастановы ці прысутнасьці панятых, прабірку не апячатвалі. Аналізы, што бралі 27 студзеня, сьледчыя не шукалі.

Што за газ, чадны ці прыродны, экспэртыза ня вызначыла

Анастасія з мужам у той жа дзень разаслалі звароты ў розныя інстанцыі, ад старшыні гарвыканкаму Барысава да Сьледчага камітэту і Генэральнай пракуратуры. Увечары іх запрасілі на сустрэчу ў гарвыканкаме наступнай раніцай, на сустрэчы 2 лютага ім паабяцалі разабрацца. У той дзень Анастасія легла ў абласную лякарню.

Калі Анастасія ўжо ляжала ў шпіталі, зь ейным мужам зьвязаліся з гарвыканкаму, запрасілі на сустрэчу з удзелам старшыні і намесьнікаў. Там мужу распавялі, што парушэньняў у дзеяньнях лекараў, газаўшчыкоў, ЖЭУ і санстанцыі не знайшлі. Матэрыялы праверкі яму (як пазьней і Анастасіі) адмовіліся паказваць, бо «там ёсьць бакі нашай дзейнасьці, пра якія вам ведаць не абавязкова».

Пазьней у лютым жанчына зьвярнулася да нэўроляга Ўладзімера Церахава ў «ЛАДЭ», які працуе таксама ў РНПЦ нэўралёгіі. Пасьля МРТ ён знайшоў у Анастасіі вонкавую і ўнутраную гідрацэфалію галаўнога мозгу. Раней такога ў Анастасіі не дыягнаставалі, хоць годам і двума гадамі раней рабілі МРТ. Нэўроляг казаў, што ня ведае, што магло прывесьці да такога захворваньня ў маладым узросьце, ды калі пачуў гісторыю пра газ, сказаў, што «ўсё зразумела» — гэта праз доўгатэрміновую гіпаксію.

Затым Анастасія зьвярнулася ў РНПЦ нэўралёгіі і нэўрахірургіі, на наступны дзень яе шпіталізавалі. Загадчык нэўралягічнага аддзяленьня Сяргей Ліхачоў заявіў, што папярэдні дыягназ быў няправільным — у Анастасіі расстройства адаптацыі пасьля посттраўматычнага стрэсавага расстройства, трэба прымаць супакаяльныя.

У статусе пацярпелай Анастасіі адмовілі

На падставе дакумэнтаў Анастасіі (бязь ейнай прысутнасьці) у лістападзе 2016 году лекары ў Барысаве правялі сьледчую экспэртызу, дзе зноў прызналі ўсе дзеяньні карэктнымі, а яе — не пацярпелай ад атручваньня газам (копію ёй не далі). У сярэдзіне лістапада сьледчы выклікаў жанчыну для выключэньня зь ліку пацярпелых на падставе экспэртызы і прызначэньня статусу сьведкі.

Трагедыя магла паўтарыцца

У доме, дзе адбылася трагедыя, людзі жывуць і сёньня. Пасьля экспэртызаў у доме прызналі няспраўнымі вэнтыляцыйныя каналы, цяга непастаянная — яшчэ ў час будаўніцтва не запенілі дзіркі ў вэнтыляцыйных каналах. Газ у частцы пад’езду адключылі пасьля здарэньня, увесну ўключылі зноў. Жыхароў запэўнівалі, што ў доме бясьпечна.

Анастасія з мужам пераехалі ў Менск, кватэру ў Барысаве здавалі са жніўня. Але ў канцы лістапада людзі, якія здымалі кватэру, сказалі ім, што зноў адчулі пах газу — ледзь не атруціліся. Газавая служба зноў зафіксавала чадны газ. Праводзілася новая экспэртыза, зноў зьявіліся праблемы зь цягай, газ зноў адключылі.

***

У канцы 2016 году ў перадачы «Трэба разабрацца» на тэлеканале АНТ пра барысаўскае здарэньне згадваў старшыня Сьледчага камітэту Беларусі Іван Наскевіч. Ён заявіў, што ў краіне адсутнічае адзіны дзяржаўны орган, адказны за газавую бясьпеку грамадзянаў, таму камісіі па надзвычайных сытуацыях пры Савеце міністраў даручана распрацаваць дакумэнты па стварэньні дзяржаўнага газавага нагляду.