Праваахоўныя органы Беларусі затрымалі першага намесьніка старшыні праўленьня Беларусбанку Генадзя Гаспадарыка, паведаміў TUT.BY.
Сайту гэтую інфармацыю паведамілі дзьве розныя крыніцы.
«Учора «закрылі». Кажуць, хабар», – сказаў адзін з суразмоўцаў парталу.
У Сьледчым камітэце Свабодзе гэта не пацьвердзілі.
«У вытворчасьці Сьледчага камітэту дадзенай крымінальнай справы няма, — кажа Свабодзе прэс-сакратар СК Юлія Ганчарова. — Гэтая асоба намі не затрымлівалася».
Генадзь Гаспадарык нарадзіўся ў 1960 годзе. Скончыў Берасьцейскі інжынэрна-будаўнічы інстытут, БДЭУ. У банкаўскай сыстэме працуе з 1983 году. У 1997 годзе быў прызначаны начальнікам Менскага гарадзкога ўпраўленьня, а 2002-га года – намесьнікам праўленьня Беларусбанку. Праз 10 гадоў стаў першым намесьнікам праўленьня Беларусбанку.