Гэнік Лойка напісаў у КДБ скаргу на пагрозы гандляроў і паабяцаў вярнуцца.
Скульптар Гэнік Лойка распавёў Свабодзе пра здарэньне на менскім рынку ў Ждановічах. Два мужчыны сталага веку прадавалі з самаробнага століка муляжы пісталетаў і ружжаў у падземным пераходзе пад чыгункай з Масюкоўшчыны на Ждановічы, вывесіўшы над сабой савецкі сьцяг. У адказ на беларускую мову Лойкі яму паабяцалі аднавіць СССР і расстрэльваць такіх, як ён.
Лойка патэлефанаваў у КДБ:
«Кадэбіст мяне доўга пытаўся, што гэта за сьцяг. Кажу, гэта сьцяг няіснай дзяржавы, — распавядае Лойка Свабодзе. — Просіць апісаць яго — кажу, увесь такі чырвоны. Вельмі высока павешаны. Кадэбіст мне адказаў па-расейску, я яму кажу, размаўляйце са мной на беларускай мове. Ён мне пра „два языка“, але я настойваў, прымусіў гаварыць па-беларуску».
Мастак прапанаваў пайсьці да гандляроў разам з нарадам міліцыі і пракурорам, весьці відэазапіс. Цяпер Лойка напісаў у КДБ электронную заяву. Вярнуцца на Ждановічы зь міліцыяй ён мяркуе, завязаўшы на лоб бела-чырвона-белую стужку.
Лойка лічыць, што такія выказваньні адрасаваныя ўсім беларусам:
«Яны казалі, што хочуць расстрэльваць такіх як я, бо я „пшэк“, „хахол“, казалі „валіць у сваю Варшаву“. На аргумэнт, што я беларус, адказвалі: „Ня важна, на якой мове размаўляеш“. Яны відавочна хочуць зьнішчыць гэтую дзяржаву.
Бывае, над тым, што там прадаюць, разьвешваюць сьцягі Брытаніі, Амэрыкі — краінаў, шмоткі зь якіх прадаюць. Я гэта разумею, і кадэбісту так сказаў, што ў мэтах рэклямы хай разьвешваюць сьцягі краінаў, адкуль рэчы, але сьцяг няіснай дзяржавы мяне зацікавіў. Вось і пацікавіўся, а мне так выразна: „Бо мы вас будзем у карʼеры расстрэльваць, памяняем усё і зробім гэтую дзяржаву“. А я грамадзянін Беларусі, таму гэта замах на цэлую дзяржаву, на ўсіх грамадзян Беларусі».