Галоўнае пытаньне Лукашэнка ў Астане ня вырашыў, — Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з Уладзімерам Пуціным і Нурсултанам Назарбаевым у Астане ня змог вырашыць галоўнае для сябе пытаньне — пытаньне аб атрыманьні новых эканамічных субсыдыяў ад Расеі.

Такую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі.

«Пакуль мы ня маем поўнай інфармацыі (пра ход перамоваў. — РС) і, магчыма, поўная інфармацыя публічна і ня зьявіцца. Таму што адчуваньне такое, што галоўнага пытаньня Лукашэнка там ня вырашыў. Бо зь ягоных вуснаў прагучала, што 8 траўня тры прэзыдэнты сустрэнуцца ў Маскве і, маўляў, там мы яшчэ раз вернемся да пытаньняў, а тым часам урады прапрацуюць іх.

Калі казаць канкрэтна, то я думаю, што беларускі кіраўнік, безумоўна, узьнімаў пытаньне пра субсыдыі з боку Расеі, пра нейкія прэфэрэнцыі ў зьвязку з тым, што Эўразійскі саюз стартаваў далёка ня так удала, як гэта малявалася некалі, — кажа Класкоўскі. — Таму я думаю, што Лукашэнка ставіў, груба кажучы, пытаньне праплаты эўразійскай інтэграцыі — інакш за што мы змагаліся, навошта мы падпісвалі гэтыя паперы, дэлегавалі нейкую частку паўнамоцтваў? Але, відаць, у Расеі, у Пуціна цяпер не такая сытуацыя, каб нейкія занадта шчодрыя рабіць падарункі, і таму гэтую праблематыку спусьцілі на ўзровень урадаў».

Зьвяртае на сябе ўвагу тое, што ўчора, яшчэ да прыезду ў Астану Ўладзімера Пуціна, прайшла двухбаковая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Нурсултана Назарбаева. На думку Класкоўскага, у Лукашэнкі і Назарбаева ёсьць глеба для «нейкіх закулісных размоваў».

І Назарбаеў, і Лукашэнка, я думаю, адчуваюць пэўны халадок між лапатак у гэтай сытуацыі, умоўна кажучы, „пасьля Крыму“

«Па-першае, іх аб’ядноўваюць аднолькавыя беды ў зьвязку з эўразійскай інтэграцыяй, якая не дала тых выгодаў, якія ўяўляліся ў свой час. Па-другое, ёсьць вялікія засьцярогі проста ў пляне нацыянальнай бясьпекі, таму што цяпер, ва ўсякім разе, нейкія нацыяналістычныя сілы, адпаведныя інтэрнэт-рэсурсы ў Расеі ўжо ўздымаюць пытаньне і пра паўночныя вобласьці Казахстану, якія нібыта гістарычна павінны належаць Расеі, і пра тое, што Беларусі бальшавікі ў свой час дарэмна аддалі ўсходнія вобласьці. Таму і Назарбаеў, і Лукашэнка, я думаю, адчуваюць пэўны халадок між лапатак у гэтай сытуацыі, умоўна кажучы, „пасьля Крыму“, калі стала зразумела, што Расея ў пэўных абставінах можа дзейнічаць абсалютна брутальна ў прасоўваньні сваёй канцэпцыі „русского мира“. Так што ёсьць Лукашэнку з Назарбаевым пра што пагаварыць — і пра тое, як выціснуць з Пуціна болей эканамічных прэфэрэнцыяў, і як супрацьстаяць магчымай экспансіі „русского мира“», — кажа экспэрт.

Але разам з тым Класкоўскі падкрэсьлівае, што ніякага «беларуска-казахстанскага фронту» супраць Пуціна, безумоўна, ня будзе.

«Могуць быць нейкія часовыя сытуацыйныя хаўрусы, калі супадаюць інтарэсы. Але, па вялікім рахунку, кожны з гэтых трох аўтарытарных кіраўнікоў цягне коўдру ў свой бок, кожны думае, як абхітрыць іншых партнэраў. І таму ў Лукашэнкі з Назарбаевым няма поўнага даверу», — лічыць аналітык.

Уладзімер Пуцін, Аляксандар Лукашэнка, Нурсултан Назарбаеў у бібліятэцы першага прэзыдэнта Казахстана ў Астане

Тым больш Казахстан мае больш свабоды для геапалітычнага манэўра і, у адрозьненьне ад Беларусі, валодае сыравіннымі рэсурсамі.

«Лукашэнка значна болей залежыць ад Масквы, чым Назарбаеў. Я думаю, што Пуцін у гэтай сытуацыі дзейнічае паводле клясычнага імпэрыялістычнага прынцыпу „падзяляй ды ўладар“ — ён кожнаму з сваіх партнэраў будзе нешта абяцаць, а зь іншага боку — намякаць, што калі ня хочаце па-добраму, мы можам і іначай паставіць пытаньне», — кажа Класкоўскі.

Цікава, што ў Астане двухбаковай сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным не адбылося — прынамсі, пра гэта нічога не паведамлялася, кажа экспэрт.

Уладзімер Пуцін, Нурсултан Назарбаеў, Аляксандар Лукашэнка на фоне Астаны

Класкоўскі не выключае, што кароткая сустрэча кіраўнікоў Расеі і Беларусі яшчэ можа адбыцца, але калі гэтага ня будзе, то, значыць, ім, на думку экспэрта, проста няма пра што дадаткова гаварыць.

«Ня так даўно, 3 сакавіка, была сустрэча ў межах саюзнай дзяржавы, і на тым саміце, я думаю, Лукашэнка ставіў аналягічныя пытаньні — што не працуе Эўразійскі саюз, што бар’еры перашкаджаюць, што сьціскаецца расейскі рынак, і ўрэшце — што проста дайце нейкую пазыку. З таго часу, відаць, Масква не сасьпела да нейкіх паўнавартасных адказаў на гэтыя пытаньні, і таму няма тэмы для гаворкі».

Палітоляг-міжнароднік Андрэй Фёдараў таксама лічыць, што адсутнасьць асабістай сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна ў Астане можа тлумачыцца тым, што ў такой сустрэчы проста не было неабходнасьці.

«Тут цяжка сказаць, у чым тут справа. Гэта такія здагадкі, як у савецкі час з тым, хто дзе стаіць на Маўзалеі і як гэта суадносіцца з блізкасьцю да першай асобы», — адзначыў ён у размове са Свабодай.