Пра галадоўку вязьняў жодзінскай турмы № 8, якіх утрымліваюць на турэмным рэжыме, паведамілі праваабаронцы з арганізацыі абароны правоў вязьняў «Новая плятформа інавэйшн». У галадоўцы бяруць удзел да 20 чалавек. Гэта вязьні з камэр № 8–16, што на першым паверсе першага корпусу турмы.
У Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў МУС адмовіліся апэратыўна пацьвердзіць ці абвергнуць зьвесткі пра галадоўку ў жодзінскай турме. «Пішыце зварот на кіраўніка ДВП», — адказала карэспандэнту Свабоды міліцыянтка, якая працуе на тэлефоне даверу.
Дзяжурны турмы № 8 лейтэнант Русак адмовіўся нешта паведамляць пра галадоўку і называць тэлефоны, па якіх можна спраўдзіць зьвесткі праваабаронцаў.
Кіраўнік «Новай плятформы інавэйшн» Андрэй Бандарэнка сказаў Свабодзе, што вядома пра галадоўку і ад каго.
Адзін з галадоўнікаў не прымаў ежу ўжо 30 дзён
«Да нас зьвярнуліся сваякі вязьняў, якія галадаюць. Зразумела, што іх прозьвішчы мы ня можам паведаміць, каб ім не нашкодзіць. І ў калёніі нам адмовілі ў інфармацыі ды прапанавалі зрабіць запыт на імя начальніка, на які будзе дадзены адказ. Але невядома калі. Мы ж па сваіх каналах паспрабавалі спраўдзіць зьвесткі пра галадоўку, і яны пацьвердзіліся. Сёньня нам вядома, што адзін з галадоўнікаў не прымаў ежу ўжо 30 дзён, цяпер ён, верагодна, у турэмным шпіталі, як і другі вязень. Нехта зь іх дамогся, каб прызначылі апэрацыю. Ці галадаюць гэтыя два вязьні, ня ведаем, але астатнія працягваюць галадоўку. Усяго галадала да 20 чалавек з розных камэр», — кажа Андрэй Бандарэнка.
Патрабаваньні галадоўнікаў тычацца мэдычнага абслугоўваньня, побыту, унутраных парадкаў
«Патрабуюць нармальнага мэдычнага абслугоўваньня, скардзяцца на дрэнную ваду, якую немагчыма піць, на ежу, якую немагчыма есьці. Кажуць, што знаходзяцца ў камэрах з бэтоннай падлогай, што забаронена, але рамонту ня робяць. Што на вокнах усталявалі плястыкавыя шчыты, пасьля чаго амаль няма цыркуляцыі паветра і мала сьвятла. Што не даюць дзе сушыць рэчы, а ў камэрах ад сушкі рэчаў стаіць вільгаць, ды яшчэ і караюць за гэта. Патрабаваньняў нямала, але адміністрацыя амаль нічога ня робіць. Пра большасьць патрабаваньняў вязьням кажуць, што фінансавых магчымасьцяў няма, вось галадоўка і працягваецца», — удакладняе праваабаронца Андрэй Бандарэнка.
Праблемы з мэдычнай дапамогай і ежай у Жодзінскай турме пацьвердзіў блогер Эдуард Пальчыс, якога там утрымлівалі ў 2016 годзе. Сказаў Эдуард Пальчыс і пра сытуацыю зь пітной вадой.
«З бруднай вадой я таксама сутыкнуўся. Увесь час казалі, што ідуць нейкія рамонтныя працы — замена труб ці нешта іншае. У выніку ў вадзе плавалі кавалкі іржы, піць было немагчыма. Але нават калі вада пайшла на выгляд чыстая, устойлівы мэталічны смак захаваўся», — кажа Эдуард Пальчыс.
Надзвычайныя здарэньні — даволі частая зьява ў турме № 8.
У студзені 2016 году ў турэмным шпіталі памёр вязень Алег Багданаў, у якога, паводле мэдыкаў, спынілася сэрца. Сваякі падазравалі, што вязень памёр ад неаказаньня яму мэдычнай дапамогі.
У верасьні 2016 году ў жодзінскай турме памёр жыхар Слуцку Ігар Барбашынскі — паводле сваякоў, яго жорстка зьбілі міліцыянты.
Яшчэ да гэтых сьмерцяў, на пачатку студзеня, у турме зрабіў спробу суіцыду 20-гадовы жыхар Салігорску Ягор Пратасеня. Ён увайшоў у кому і памёр у сакавіку 2016 году.