Як ставяцца ў габрэйскіх аб’яднаньнях у Беларусі да выказваньняў кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі падчас пасланьня да беларускага народу і Нацыянальнага сходу? Паводле габрэйскіх СМІ, гэтыя выказваньні могуць трактавацца як антысэміцкія. Пра выступ Аляксандра Лукашэнкі напісалі сайты Ynet, NRG, паведамляе радыё «Рэшэт Бэт».
Лукашэнка сказаў, што год таму даручыў кіраўніку Менскай вобласьці Сямёну Шапіру «ўзяць пад кантроль усіх габрэяў у Беларусі». Таксама ён незадаволены, што дагэтуль не ўдалося «нармалізаваць» Юрыя Зісера.
Кіраўнік Юдэйскага рэлігійнага аб’яднаньня ў Беларусі Рыгор Хайтовіч у камэнтары карэспандэнту Свабоды адзначыў, што гэтыя выказваньні Лукашэнкі ўплываюць на агульную атмасфэру, але ён ня лічыць іх антысэміцкімі.
«Я не лічу, што ён неяк хацеў пакрыўдзіць габрэяў такім чынам. Іншая справа, часта бывае, што слова „габрэй“ — мэдыйнае, і яно прыцягвае ўвагу. Магчыма, калі ён меў на ўвазе нейкі артыкул на партале tut.by, ясна, што гэта ня мела дачыненьня да нейкай габрэйскай рэчаіснасьці. А тое, што Зісер габрэй ці Шапіра габрэй, то яны габрэі па нараджэньні. Зісер бліжэйшы да габрэйскай традыцыі, але на партале tut.by цяпер ён не займае нейкай пасады. Ён проста яго заснавальнік, ён там ня піша артыкулы. Магчыма, Аляксандар Рыгоравіч быў ня ў курсе. Але ня трэба, калі згадваюць габрэяў, разглядаць гэта як антысэмітызм».
Паводле Хайтовіча, Шапіра ня зможа ўзяць пад кантроль усіх габрэяў, і яны Шапіру не падпарадкоўваюцца.
Наколькі я памятаю, Сямён Барысавіч паводле габрэйскіх традыцыяў наагул не габрэй
«Наколькі я памятаю, Сямён Барысавіч паводле габрэйскіх традыцыяў наагул не габрэй. Наколькі я ведаю, у яго тата габрэй, а ня маці. А паводле габрэйскіх рэлігійных традыцыяў габрэйства перадаецца па матчынай лініі. Таксама па нашых юдэйскіх традыцыях чалавек яшчэ павінен захоўваць іх. Ён не захоўвае. Наўрад ці можна гэта лічыць даручэньнем кіраўніка краіны ў гэтай галіне. Ніякіх дзеяньняў, апроч гэтага выказваньня, я ня бачу. І ня чуў, каб плянаваліся. Усё залежыць ад таго, што пацягнуць за сабой гэтыя выказваньні. Шапіра — гэта кіраўнік Менскай вобласьці, а не габрэяў. І ў гэтым трэба было б зьвяртацца не да яго, а да мяне ці да кіраўніка саюзу габрэйскіх аб’яднаньняў. Такога нічога не было. Ня ведаю, што меў на ўвазе Аляксандар Рыгоравіч».
У 2007 годзе вялікі розгалас і дыпляматычны скандал выклікалі выказваньні Аляксандра Лукашэнкі пра Бабруйск. На прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх журналістаў кіраўнік Беларусі заявіў: «Калі вы былі ў Бабруйску, вы бачылі, у якім стане горад. У яго страшна было зайсьці! Сьвінушнік быў! Гэта ў асноўным быў яўрэйскі горад. Ну, вы ведаеце, як яўрэі ставяцца да месца, дзе яны жывуць. Паглядзіце ў Ізраілі».