Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Зісер: «Зьдзівіў наезд Лукашэнкі на габрэяў»


Юры Зісер
Юры Зісер

Юры Зісер з аэрапорту ў Амстэрдаме адказаў на пытаньні Свабоды што да выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі.

Лукашэнка сказаў:

«Мяне інфармуюць, што вось там дзесьці tut.by... Сямен Барысавіч (Шапіра, кіраўнік Менаблвыканкаму, габрэй. — РС), Зісер гэты ў вас несумленна сябе паводзіць... Дык колькі можна працаваць? Я ж вас прасіў год таму. Я даручыў усіх габрэяў узяць пад кантроль у Беларусі, і нават Павал Ізотавіч не абураўся. Зісер ніяк ня можа... Ніяк ня можам мы чалавека нармалізаваць. Паглядзі ўважліва».

— Чаму Аляксандар Лукашэнка лічыць, што вас трэба «нармалізаваць»?

Мне цяжка меркаваць, што меў на ўвазе Аляксандар Лукашэнка, калі казаў, што мяне трэба «нармалізаваць». Тым больш што пасьля ён сказаў, што — а можа, Зісер і мае рацыю. Прынамсі, я так зразумеў, што ён адзначыў і канструктыў у тым, што я раблю. Я насамрэч ня думаю, што ён кепска да нас (да парталу tut. by — РС) ставіцца, але зразумела, што крытыку шмат хто ня любіць. Але ён сказаў, што, можа, мы і маем рацыю.

— Як вы ставіцеся да «ўзяцьця пад кантроль» усіх габрэяў Беларусі? І што гэта значыць?

Мяне вельмі зьдзівіў наезд на габрэяў. Я сабе не ўяўляю, як можна «кантраляваць» габрэяў, бо яны не зьяўляюцца арганізацыяй. Як можна кантраляваць этнас? Дзьве з паловай тысячы гадоў мы «нармалізаваліся» неяк... Я думаю, што гэта нерэальна — «нармалізаваць» габрэяў. Можна толькі фізычна зьнішчыць.

— Ці лічыце мэтазгодным пасьля такіх словаў Лукашэнкі скарэктаваць палітыку tut.by?

У нас няма палітыкі. Кажучы пра «нармалізацыю», Лукашэнка меў на ўвазе, што мы крытыкуем уладу. Але я лічу, што ў любой дзяржаве павінна быць крытыка, безь яе дзяржава не разьвіваецца. Мы будзем працягваць сваю працу — інфармаваць грамадзтва. Ніякага ўхілу. Што адбываецца — тое мы і пішам. Я не ўяўляю, што можа быць нармальнейшым за гэта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG