18 лютага ў Менску прайшлі перамовы Эўрапейскага камісара па бюджэце і чалавечых рэсурсах Гюнтэра Этынгера з кіраўніцтвам Беларусі.
Эўрапейскага чыноўніка прынялі Аляксандар Лукашэнка, прэм’ер Сяргей Румас, міністар фінансаў Максім Ермаловіч, намесьнік міністра замежных спраў Алег Краўчанка.
Аляксандар Лукашэнка заявіў, што праблемы ў стасунках Беларусі і Эўразьвязу «заўсёды былі і будуць», але «ня носяць хранічнага характару і падлягаюць вырашэньню».
«Мы лічым, што суседзі ад Госпада, іх не выбіраюць, таму зь імі трэба будаваць добрыя адносіны, — цытуе БелТА Лукашэнку. — Зыходзячы з гэтага, мы заўсёды будзем надзейным партнэрам Эўрапейскага Зьвязу, і за беларускі кірунак, амаль паўтары тысячы кілямэтраў, вы можаце не турбавацца. Вядома ж, мы хочам, каб падобныя пачуцьці былі ўзаемнымі».
Эўракамісар — аналяг міністра
Эўразьвяз, у які цяпер уваходзяць 28 дзяржаў, мае свой выканаўчы орган — Эўракамісію. У яе складзе 28 эўракамісараў, якія адказваюць за пэўную сфэру дзейнасьці. Эўракамісію часта неафіцыйна называюць эўрапейскім урадам, а камісараў — міністрамі.
Гюнтэру Этынгеру 65 гадоў, ён родам зь нямецкага Штутгарту. З 2017 году ён ачольвае «міністэрства» па бюджэце і чалавечых рэсурсах. Для яго гэта ўжо трэцяя пасада такога ўзроўню. У 2010–2014 ён быў эўракамісарам па энэргетыцы, у 2014–2017 — па лічбавай эканоміцы і грамадзтве.
Апошні раз Этынгер наведваў Беларусь у жніўні 2014 году, калі ў Менску праводзіліся перамовы аб рэгуляваньні сытуацыі на паўднёвым усходзе Ўкраіны.
Экспэрт: я назваў бы гэты візыт «транспартным»
Кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук кажа, што нейкай «магіі» ў гэтага візыту няма:
«Эўразьвяз укладае інвэстыцыі ў транспартную структуру Беларусі, асабліва ў сумежныя з краінамі Эўразьвязу рэгіёны. Таму гэта прагматычная праверка таго, што робіцца на гэтым кірунку, і доказ таго, што Эўразьвяз у нейкай ступені стымулюе кантакты альбо супрацу зь Беларусьсю».
Раманчук кажа, што сапраўднага прарыву ў дачыненьнях Менску і Брусэля ня бачна.
«Ёсьць казкі пра добрую эўрапейскую супрацу. А ёсьць жорсткая рэальнасьць, калі кошт шэнгенскіх візаў для беларусаў пагражаюць узьняць да 80 эўра. На жаль, пасьля падобных размоваў з боку органаў дзяржаўнага кіраваньня Беларусі няма нават жаданьня зразумець, што ж гэта такое — эўрапейскі шлях. А тут пара вызначацца — альбо мы за рынкавую эканоміку і далучаемся да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі, альбо арыентуемся выключна на Расею», — кажа Яраслаў Раманчук.
Колькі грошай дасьць Брусэль Менску на «транспартныя выдаткі», дагэтуль невядома. Напрыканцы 2018 году ў неафіцыйнай сталіцы Эўропы абвясьцілі: Эўразьвяз выдзеліць 13 мільярдаў эўра на дарогі ў краінах «Усходняга партнэрства», агулам на шэсьць краін, у тым ліку Беларусі. Але колькі атрымае кожная дзяржава, пакуль не абвяшчаецца.
МЗС пра два прыярытэты Беларусі
Для Менску ў дачыненьнях з Эўразьвязам існуюць два найважнейшыя пытаньні. Першае — падпісаньне пагадненьня аб стратэгічных прыярытэтах партнэрства паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. Другое — падпісаньне пагадненьня аб спрашчэньні візавых працэдур і рэадмісіі.
Абодва дакумэнты цяпер на заключнай стадыі падрыхтоўкі. Пра гэта гаворыцца ў аглядзе вынікаў зьнешняй палітыкі Беларусі і дзейнасьці Міністэрства замежных спраў у 2018 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «Мы заўтра можам аб’яднацца. Але ці гатовыя вы, расейцы і беларусы?»Паводле МЗС Беларусі, «на завяршальнай стадыі знаходзяцца перамовы па прыярытэтах партнэрства Беларусь — ЭЗ, якія стануць дарожнай мапай супрацоўніцтва на 2019–2020 гады па чатырох сфэрах: умацаваньне сыстэмы дзяржкіраваньня; эканамічнае разьвіцьцё і рынкавыя магчымасьці; транспартныя камунікацыі, энэргетыка, экалёгія і клімат; кантакты паміж людзьмі».
Перашкаджаюць консулы і АЭС?
Перамовы наконт пагадненьня аб спрашчэньні візавага рэжыму паміж Беларусьсю і Эўразьвязам упіраюцца ў колькасьць консулаў пры амбасадах краін ЭЗ. Пра гэта ў інтэрвію Tut.by сказаў амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі.
«Пагадненьне аб спрашчэньні візавага рэжыму, якое абодва бакі лічаць важным інструмэнтам, прывядзе да росту колькасьці ахвотных атрымаць візы, нам спатрэбіцца больш консулаў, і мы думалі, што ў гэтым пытаньні знойдзем разуменьне зь беларускага боку, але нечакана зьявіліся праблемы», — сказаў Міхальскі.
А завяршэньню перамоваў аб стратэгічным партнэрстве, паводле некаторых палітолягаў, перашкаджае Літва. У Вільні незадаволеныя будаўніцтвам Беларускай АЭС непадалёк ад сваёй дзяржаўнай мяжы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра што дамовіліся Лукашэнка і Пуцін у Сочы?Наяўнасьць праблемаў прызнаў і кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Беларусі Ўладзімер Макей. Ён заявіў, што ў перамовах, якія Беларусь вядзе з Эўрапейскім Зьвязам наконт заключэньня пагадненьняў аб рэадмісіі і аблягчэньні візавага рэжыму, пастаянна ўзьнікаюць «нейкія новыя моманты».
«Я ўжо казаў калісьці, што ўвесь час узьнікаюць нейкія новыя моманты, зьвязаныя з ініцыятывамі нашых эўрапейскіх партнэраў. Нават ня ўсіх, а асобных краін з чальцоў Эўрапейскага Зьвязу. Яны ўвесь час прапануюць нейкія рэчы, накіраваныя на пэўнае зьмяненьне і нават узмацненьне жорсткасьці першапачатковых варыянтаў гэтых пагадненьняў, што для нас не зусім прымальна. Таму мы працягваем дыскусію на гэтую тэму. Думаю, што прымальны варыянт будзе знойдзены», — цытавала Макея агенцтва БелТА.
Хто з эўракамісараў раней наведваў Беларусь?
Найважнейшыя для Беларусі пытаньні курыруе ведамства, якое ачольвае эўракамісар па палітыцы добрасуседзтва і перамовах аб пашырэньні Яганэс Ган. Ён некалькі разоў наведваў Менск (апошні візыт быў летась). Менавіта тады ён заявіў пра пэрспэктывы падпісаньня дамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму:
«Калі ёсьць добрая воля абодвух бакоў, мы зможам ня толькі прайсьці „апошні кілямэтар“, але і прабегчы яго».
У 2018 годзе ў Беларусі быў і камісар па ахове здароўя і бясьпецы харчоў Віцяніс Андрукайціс.
Самым першым камісарам, які прыехаў у Беларусь, была эўракамісар па зьнешніх сувязях і эўрапейскай палітыцы суседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр, якая была ў Менску ў 2009 годзе.
Наведваў Менск і яе пераемнік камісар Штэфан Фюле. У 2009 годзе ў Менск прыяжджаў кіраўнік замежнай палітыкі Эўразьвязу Хавіер Саляна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін не пусьціў Лукашэнку ў Мюнхэн?