Зборная Беларусі па хакеі завяршыла ўдзел у чэмпіянаце сьвету, што праходзіць у Францыі і Нямеччыне. У апошнім матчы з камандай Нарвэгіі беларусы здабылі другую перамогу зь лікам 4:3.
За тур да канца групавога турніру стала зразумела, што выхаванцы канадзкага спэцыяліста Дэйва Льюіса фінішуюць на перадапошняй, сёмай пазыцыі, і тым самым гарантуюць сабе месца ў эліце на наступны год.
У сямі сустрэчах беларусы двойчы перамаглі — у паядынках са славенцамі і нарвэжцамі, і пяць разоў былі слабейшымі — у стартавых супрацьстаяньнях зь фінамі, чэхамі, канадцамі і швайцарцамі.
Перад пачаткам першынства Дэйв Льюіс ня толькі разважаў пра пападаньне ў чвэрцьфінал, а нават абяцаў пазмагацца за мэдалі.
Але ўжо першыя матчы далі зразумець, што задача-максымум для зборнай адна — ня вылецець з мацнейшага дывізіёну.
Хакейны аглядальнік газэты «Прессбол» Вячаслаў Федарэнкаў у камэнтары для Свабоды выказаў думку, што правал можа дорага каштаваць рулявому беларусаў — раней зборная ня здолела кваліфікавацца на Алімпіяду 2018 году ў Паўднёвай Карэі, летась гэтаксама змагалася за тое, каб не апынуцца сярод камандаў ніжэйшага рангу. Чарговы форс-мажор можа стаць падставай, каб дачасна разьвітацца з канадзкім настаўнікам, лічыць Федарэнкаў:
«Дэйв Льюіс цудоўна разумеў, што для яго настае своеасаблівы рубікон — трэці запар правал яму наўрад ці даруюць. Нават нягледзячы на тое, што кантракт зь ім разьлічаны да 2018 году. Аднак з улікам няўдалага выступу на мінулагоднім чэмпіянаце сьвету, з улікам таго, што ня выйшлі на Алімпіяду, наступны фальстарт будзе апошнім. Само сабой, дапрацаваць яму хацелася, таму ён і выпраменьваў аптымізм, гэта ягоная праца. А наогул Льюіс зьдзівіў мяне сваёй прамовай, што сёлета, маўляў, наймацнейшы склад зборнай пад яго кіраўніцтвам. Як падаецца, усё з дакладнасьцю да наадварот — найслабейшы за тры гады».
Аляксандар Лукашэнка, сам аматар гэтага віду спорту, прыгразіў беларускаму хакею радыкальнай перабудовай, а гульню беларусаў у Парыжы назваў «стыдобішчам».