Футбалісты «Нёмана» віншуюць па-беларуску з Днём роднай мовы

Футбольны клюб «Нёман» павіншаваў беларусаў з Днём роднай мовы і запусьціў беларускамоўную вэрсію сайту.

У жніўні 2015 году гарадзенскі клюб паабяцаў грамадзкаму актывісту Ігару Случаку, што «Нёман» выкарыстае ўсе магчымасьці, каб разьвіваць родную мову ў гарадзенскім футболе. Доўга чакаць не давялося: «Нёман» стрымаў сваё абяцаньне.

Зараз у каманд Вышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі ёсьць толькі тры сайты зь беларускамоўнай вэрсіяй: «Дынама-Мінск», «Нёман» і, зь вялікай нацяжкай, мазырская «Славія».

У роліку, падрыхтаваным футбалістамі «Нёмана», галоўныя ролі выконваюць Павал Забелін, Сяргей Курганскі, Аляксандар Пазьняк, Дзьмітры Кавалёнак, якія чытаюць верш Янкі Купалы «Усе разам».

​***

Янка Купала. Усе разам


Гэй жа, брацьці, ўсе мы разам,
Песьню запяём,
Дружна, сьмела, на сьвет цэлы
Аб жыцьці сваём!

Аб тых хмарах, што так ходзяць
Над нашай зямлёй,
Аб той хатцы, што дзюравай
Сьвеціцца страхой.

Аб той зорцы, што так часта
Ажыўляла нас
I душу надзеяй сьветлай
Вабіла ня раз.

Вабам шчасьця і дастатку
Падклікала ўсяк,
Аж ізноў тачыць стаў сэрца
Нядолі чарвяк.

*

Гэй жа, брацьці, ўсе мы разам
Песьню запяём,
Дружна, сьмела, на сьвет цэлы
Аб жыцьці сваём!

Аб той славе небывалай
Нашае зямлі,
Дзе мы долю пахавалі,
Скуль бяду ўзялі;

Аб той працы неаплатнай,
Крыўдзячай ня раз,
Што так потам, мазалямі
Пацяшае нас.

Як нядолю сваю бачыць, —
Не магчы ж змагаць, —
Думы, сілы маладыя
Дарма марнаваць.

*

Гэй жа, брацьці, ўсе мы разам
Песьню запяём,
Дружна, сьмела, на сьвет цэлы
Аб жыцьці сваём!

Хай імчыцца наша песьня
Птушкай па-над гай,
Дзе бяжыць бурлівы Нёман,
Дзе наш родны край!

Хлопец стройны коні пое
Тамака ў браду,
А прыгожая дзяўчынка
Чэрпае ваду.

I адно так на другое
Міленька глядзяць,
Аж іх вочкі, быццам зоркі,
Ясна мігацяць.

*

Гэй жа, брацьці, ўсе мы разам
Песьню запяём,
Дружна, сьмела, на сьвет цэлы
Аб жыцьці сваём!

Даляціць мо наша песьня
Да забытых сёл,
Дзе яе сусед пакліча,
Павядзе за стол.

Хлебам, сольлю прывітае,
Чарку паднясе...
Будзе песьня красавацца,
Як жытцо ў красе.

Нам тады ўсім будзе слава,
Не было якой...
Дык запейма, хай імчыцца
Нашых песень рой!

1906