У Менску чакаюць прадстаўнікоў Аirbus Helicopters Vostok, Alteo, JT Finances (прадстаўляе паслугі міжнародным транспартным перавозчыкам), La Fonte Ardennaise (запчасткі для кампрэсараў, каробак перадач і іншыя кампанэнты для грузавікоў, сельгастэхнікі), Secmair (тэхніка для ўтрыманьня дарогаў), Servier (фармацэўтычная кампанія), Schneider Electric (энэргаэфэктыўныя рашэньні для энэргетыкі і інфраструктуры), Technip (кіраўніцтва праектамі, інжынірынг і будаўніцтва для нафтавай і газавай прамысловасьці).
Прадстаўнікі францускага бізнэсу сустрэнуцца з найбуйнейшымі беларускімі кампаніямі і прадстаўнікамі міністэрстваў для прэзэнтацыі сваёй дзейнасьці і азнаямленьня з патэнцыялам беларускага рынку. Некаторыя кампаніі, заяўляюць у амбасадзе Францыі, гатовыя да адкрыцьця сваіх прадстаўніцтваў у Беларусі.
Як заявіў у інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу «Беларусь-1» амбасадар Францыі ў Беларусі Дзідзье Канэс, стасункі Беларусі і Францыі палепшыліся пасьля таго, як беларускі бок «прыняў захады», што дазволілі Эўразьвязу зьняць практычна ўсе санкцыі. Цяпер стасункі, кажа амбасадар, «дасягнулі высокага ўзроўню» — такога, што «дазваляе абмяркоўваць любое пытаньне без табу і ў духу ўзаемнай павагі».
Паводле Канэса, гандлёва-эканамічныя стасункі Беларусі і Францыі сёлета «на ўзьлёце», разьвіваюцца ўзаемаадносіны ў турыстычнай сфэры, абароне навакольнага асяродзьдзя, гатовая да падпісаньня дамова ў галіне транспарту.
Эўрапейскі мінімум: вынікі зьнешняга гандлю за 2016 год
Нядаўна Беларусь наведаў амбасадар Францыі па асаблівых даручэньнях па правах чалавека, правёў кансультацыі ў МЗС і парлямэнце. У канцы месяца ў Менск зробіць першы афіцыйны візыт прэзыдэнт групы сяброўства «Францыя-Беларусь», які таксама правядзе сустрэчы ў МЗС і парлямэнце. Па словах Канэса, гэты візыт «можа дасьць магчымасьць аднавіць міжпарлямэнцкі дыялёг» (раней беларускі Нацыянальны сход фактычна не прызнаваўся за законна абраны парлямэнт).