У Менску праходзіць форум прадпрымальнікаў з грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва», якое аб’ядноўвае гандляроў мясцовых рынкаў і дробных крамаў.
Паводле старшыні «Пэрспэктывы» Анатоля Шумчанкі, праблем у дробных прадпрымальнікаў ня стала менш, а вось колькасьць ІП скарацілася.
«Мы пра гэта папярэджвалі, калі прымаўся сумнавядомы 222 указ. Гэтак і здарылася. ІП стала меней на 27 тысяч, удвая скарацілася наша доля ў розьнічным гандлі».
Паводле Анатоля Шумчанкі, улада па-ранейшаму толькі абяцае індывідуальным прадпрымальнікам падтрымку, але на справе робіць вельмі мала.
«У нас няма мэты дэстабілізаваць сытуацыю ў краіне, мы хочам працаваць гэтак, каб пра нас ня згадвалі, як было 5 гадоў таму. Але не атрымліваецца. Я яшчэ спадзяюся на сустрэчы з прадстаўнікамі ўраду, што нас пачуюць. Але паслухаем галасы з рэгіёнаў — там цярплівасьць канчаецца», — сказаў Анатоль Шумчанка.
«Давялі людзей да таго, што майткі ў растэрміноўку бяруць»
Залю проста ўзарвала эмацыйным выступам Сьвятлана Калачова, прадпрымальніца з Гомля:
«Усё набалела. Скажу ўсю праўду, хай мяне потым выводзяць адсюль», — папярэдзіла прадпрымальніца і пачала пералічваць праблемы. Паводле Сьвятланы Калачовай, падчас леташняй барацьбы за адмену 222 указу прадпрымальнікам абяцалі, што іх патрабаваньні пачуюць, усе спадзяваліся на працоўную групу, але — марна.
Сьвятлана кажа, што рэзка зьнізіўся попыт на тавары, бо ў людзей няма прыбыткаў, заробкі ў рэгіёнах па 200–300 рублёў лічацца добрымі.
«Давялі, што ў мяне па „халве“ (сыстэма растэрміноўкі са зьніжкамі. — РС) майткі купляюць».
«Увесь народ вас ціха ненавідзіць, — зьвярнулася прадпрымальніца да чыноўнікаў. — У нас усе дзеці зьехалі з краіны. Ні ў кога са знаёмых не засталіся. Брэст і Гродна — у Польшчу і Эўропу, з Гомля і Віцебску — у Расею. Усе пазьяжджалі, як з падводнай лодкі. Гэта дзякуючы вам, наша ўлада».
Паводле Сьвятланы, прадстаўнікоў азіяцкіх краін, якія таксама працуюць на гомельскіх рынках, праверкі чамусьці не чапаюць.
«Мы робім высновы, народ ня дурань. Мы яшчэ вельмі карэктна гаворым. Нас дасталі. Гэта бязмозгласьць. Законы, якія вы прыдумляеце, — шкодніцкія. Мы спадзяёмся дажыць да часу, калі нехта адкажа за тыя зьдзекі, якія робіць улада з народу», — скончыла прамову Сьвятлана Калачова пад авацыі.
Гандляры з Барысава гатовыя да пратэсту
Паводле барысаўляніна Ўладзімера Сітнікава, у іхнім горадзе таксама гандляры вось-вось выйдуць на стыхійны мітынг. Жарсьці закіпелі пасьля таго, як да ўлады ў горадзе прыйшоў новы чалавек, які нібыта задумаў закрыць 4 дзейныя рынкі і перавесьці ўсіх гандляроў на іншае месца.
«Новы „мэр“ гораду ў нас працуе толькі два месяцы. У яго меркаваньне, што рынкі павінны зьнікнуць. На 4 рынках працуе да 2 тысяч ІП. На самым вялікім — 650 чалавек. 5 сьнежня ўжо было рашэньне па першым з рынкаў — „Стадыён“, каб зусім зьнесьці. Ускоснае пацьверджаньне — непрацяг арэндных дамоваў з гандлярамі», — сказаў удзельнікам форуму Ўладзімер Сітнікаў.
Паводле ягоных слоў, калі дойдзе да закрыцьця, гандляры, якія бралі крэдыты для разьвіцьця бізнэсу, ня змогуць плаціць па крэдытах і страцяць укладзеныя грошы.
На прамову Ўладзімера Сітнікава адгукнуліся каля 40 прадпрымальнікаў, якія прыехалі на форум з Барысава. Яны гатовыя спыніць працу зусім.
«Нас хочуць перасяліць у раён каля могілак, там нібыта будзе новы рынак. Гэта на ўскраіне гораду, туды ніхто не паедзе», — выказалася з залі прадпрымальніца Ірына.
Барысаўскія прадпрымальнікі кажуць, што гатовыя ладзіць дэманстрацыйную акцыю — разам прыйсьці да гарвыканкаму і здаць свае дакумэнты на права гандлю. Яны кажуць, што на плошчу выйдзе некалькі соцень чалавек.
Прадстаўнік Мінэканомікі Пётар Арушаньянц, які ўдзельнічаў у працы форуму, паабяцаў, што паедзе ў Барысаў разабрацца ў канфліктнай сытуацыі.
Выступілі таксама прадстаўнік Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Павал Філіпаў і дарадца Фонду спрыяньня разьвіцьцю прадпрымальніцтва Тацяна Быкава.
Удзельнікі форуму прадпрымальніцкай арганізацыі «Пэрспэктыва» прынялі рэзалюцыю зь пералікам сваіх патрабаваньняў да ўраду. У ёй, сярод іншага, — патрабаваньне «прывесьці ў строгую адпаведнасьць з Законам дзейнасьць аб’ектаў гандлю асобаў зь Сярэдняй Азіі».
Стала горш — вынікі апытаньня прадпрымальнікаў
Напярэдадні форуму «Пэрспэктыва» правяла анкетаваньне індывідуальных прадпрымальнікаў. Некаторыя вынікі:
- Сярод гандляроў беларускіх рынкаў 40 працэнтаў — з вышэйшай адукацыяй. 50% пашлі ў бізнэс пад прымусам жыцьцёвых абставін, каб выжыць.
- Крыніцы фінансаваньня ІП: больш за 80% разьвіваюць свой бізнэс на ўласныя грошы, банкаўскім крэдытаваньнем могуць скарыстацца толькі 5–8%.
- У сем’ях прадпрымальнікаў па 2–3 чалавекі на ўтрыманьні, некаторыя гадуюць унукаў. 99% выжываюць, а ня мараць пра разьвіцьцё бізнэсу.
- Кажуць, што праграма пад лёзунгам «Купляйце беларускае» правалілася. Толькі 2% кажуць пра станоўчы вынік разьвіцьця свайго рэгіёну, 60% мяркуюць, што справы ў рэгіёне пагоршыліся.
- 62% сказалі, што за год у іх зьнізіўся прыбытак.
- 59% прадпрымальнікаў называюць асноўнымі пагрозамі для сваёй дзейнасьці ўрад і прэзыдэнта.
- 90% заявілі, што гатовыя пратэставаць і страйкаваць.