Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4 чэрвеня падпісаў указ пра дзейнасьць на пазабіржавым рынку Форэкс.
«Дакумэнтам урэгуляваныя мэханізмы правядзеньня апэрацый на рынку Форэкс і кантролю за яго ўдзельнікамі. Згодна з указам Нацыянальны банк будзе весьці рэестар форэкс-кампаній. Пры гэтым уключэньне Нацбанкам юрыдычных асобаў у рэестар зьяўляецца іх допускам на рынак Форэкс», паведамляе прэзыдэнцкая прэс-служба.
Мінімальны памер статутнага фонду форэкс-кампаній павінен складаць ня менш за Br2 млрд. Апроч таго, указам уводзяцца спэцыяльныя фінансавыя нарматывы дзеля «фінансавай устойлівасьці форэкс-кампаній і бясьпекі апэрацый на рынку Форэкс».
Таксама прадугледжаны гарантыйны мэханізм, устаноўлены кваліфікацыйныя, а таксама патрабаваньні да дзелавой рэпутацыі кіраўнікоў форэкс-кампаній.
Дакумэнтам прадугледжаны льготны пэрыяд падаткаабкладаньня для форэкс-кампаній: стаўка падатку на прыбытак цягам першых 3-х гадоў складзе 9%.
Акрамя таго, улады вераць у тое, што змогуць вярнуць у краіну грамадзянаў, якія ўжо працуюць на Форэкс, устанавіўшы на 3 гады нулявую стаўку падаходнага падатку з заробленых на Форэксе даходаў, адзначае afn.by.
Форэкс — гэта рынак міжбанкаўскага абмену валюты па свабодных цэнах.