Часопіс Financial Times склаў чарговы, трэці рэйтынг New Europe 100 — сьпіс 100 інаватараў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. У сёлетнім рэйтынгу тры беларусы, у двух папярэдніх іх было па два.
Сёлета ў ліку беларускіх інаватараў названыя берасьцейцы Арцём Ставенка і Кірыла Чыкяюк з праекту Kino-mo, а таксама Яўген Неўгень з MSQRD.
Першы стартап займаецца праекцыяй карцінак на рухомыя аб’екты: анімаваныя галяграмы могуць праектавацца на колы ровара ці адмысловы вэнтылятар. Другі можа накладаць на твары людзей у відэа маскі ў рэальным часе. MSQRD у сакавіку 2016 году набыла сацсетка Facebook, пагадненьне ацэньвалі ў 10-20 млн даляраў.
У рэйтынгу 2015 году зь беларусаў былі каардынатар праекту Electby.org Андрэй Храпавіцкі і стваральнік праграмы для рэп-батлаў Даніл Патапаў, годам раней — стваральнік World of Tanks Віктар Кіслы і заснавальніка часопісу CityDog Ірына Віданава.
У 2016 годзе ў рэйтынгу 28 палякаў, па 5 літоўцаў і ўкраінцаў, па 3 латвійцы і эстонцы, прадстаўнікі Армэніі, Баўгарыі, Вугоршчыны, Славакіі, Славеніі, Сэрбіі, Румыніі, Чэхіі і Харватыі. Расея ў рэйтынг не ўваходзіць.