Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды сыходзяць інавацыі?


Чаму Беларусь страціла свае пазыцыі ў глябальным інавацыйным індэксе?

Цыганкоў: Беларусь займае 79-е месца з 128 краін у сьвежай вэрсіі рэйтынгу «Глябальны інавацыйны індэкс — 2016», паведамляе прэсавая служба ААН. У параўнаньні з мінулым годам краіна страціла адразу 26 пазыцый. Сусьветнымі лідэрамі ў сфэры інавацый названыя Швэйцарыя, Швэцыя, Вялікабрытанія, ЗША, Фінляндыя і Сынгапур.

«Глябальны індэкс інавацый» складзены на аснове больш за 80 розных паказчыкаў, якія характарызуюць узровень інавацый у краінах з рознымі ўзроўнямі эканамічнага разьвіцьця.

Усе паказчыкі, па якіх складаецца рэйтынг, аб’яднаны ў сем асноўных груп: інстытуты, чалавечы капітал і дасьледаваньні, інфраструктура, ўзровень разьвіцьця рынку, узровень разьвіцьця бізнэсу, вынікі ў галіне ведаў і тэхналёгіяў, вынікі творчай дзейнасьці.

Да моцных бакоў Беларусі складальнікі рэйтынгу адносяць такія паказчыкі, як адносная прастата адкрыцьця бізнэсу, працэнт людзей, якія маюць адукацыю, у тым ліку вышэйшую, працэнт кваліфікаваных работнікаў, працэнт кампаніяў, якія прапануюць навучаньне супрацоўнікам, колькасьць патэнтаў і сэртыфікатаў.

У параўнаньні з мінулым годам Беларусь атрымала больш нізкія ацэнкі, а значыць і пагоршыла месца ў агульным рэйтынгу, па паказчыках трох групаў: узровень разьвіцьця рынку, вынікі ў галіне ведаў і тэхналёгіяў, вынікі творчай дзейнасьці.

Зьявіліся і новыя парамэтры (напрыклад, аб’ём вэнчурных зьдзелак, аб’ём мікракрэдытаваньня), якія таксама, як выглядае, нэгатыўна паўплывалі на месца Беларусі ў выніковым рэйтынгу.

Як выглядае, рэйтынг Беларусі відавочна зьнізіўся з-за нізкага ўзроўню тэхналёгіяў і творчай дзейнасьці.

Як выглядае, рэйтынг Беларусі відавочна зьнізіўся з-за нізкага ўзроўню тэхналёгіяў і творчай дзейнасьці. Адсутнасьць інвэстыцыі ў навуковую дзейнасьць — гэта тое, што адкідвае Беларусь ў гэтым рэйтынгу.

Напрыклад, выдаткі бюджэту на навуковую, навукова-тэхнічную і інавацыйную дзейнасьць у 2010 годзе складалі 0,4 % ад ВУП, у 2011. — 0,32 %, 2012 — 0,29 %, 2013 — 0,38%. Відавочна, што для разьвіцьця навукі гэтага недастаткова. Да прыкладу, у Расеі выдаткі на навуковую сфэру займаюць у бюджэце 1,4% ва Ўкраіне — 1,2%.

Да таго ж, за апошнія гады відавочна зьменшыўся і індэкс цытаваньня беларускіх навукоўцаў, ад навукі ўлады патрабуюць перш за ўсё прыкладнога значэньня, што робіць яе пэўным прыдаткам да вытворчасьці. Не сакрэт, што многія навукоўцы пераходзяць у іншыя сфэры дзейнасьці альбо зьяжджаюць за мяжу.

І яшчэ адна вельмі паказальная лічба. Доля інвэстыцый у ВУП у Беларусі няўхільна зьніжаецца апошнія гады — калі ў 2013 годзе гэта лічба складала 26.9%, то ў першым паўгодзьдзі сёлета — 18%. Гэта вельмі сумная і трывожная тэндэнцыя.

Дракахруст: Нейкі час таму прачытаў горка-іранічную нататку, у якой чалавек, дасьведчаны ў беларускім заканадаўстве, змадэляваў лёс Стыва Джобса і Стыва Вазьняка, стваральнікаў карпарацыі Apple, калі яны паспрабавалі стварыць нешта падобнае ў Беларусі.

Там проста па артыкулах беларускага заканадаўства паказана, колькі разоў яны б селі ў турму, калі б яны рабілі гэта ў Беларусі. Гэта забаронена, тое таксама, на гэтае ліцэнзія, на тое дазвол і г. д. Урэшце рэшт адправіліся б спачатку на Валадарку, а потым на зону.

Гэты тэкст вельмі добра апісвае беларускую сытуацыю. І гэта не перабольшваньне. Мы памятаем леташнюю гучную справу ІТ-бізнэсоўца Віктара Пракапені, літаральна гэтымі днямі адбыліся пакуль афіцыйна не пацьверджаныя арышты кіраўніцтва кампаніі IBA, трэцяй па велічыні кампаніі ў Парку высокіх тэхналёгіяў.

Калі бізнэс, у тым ліку інавацыйны, дзейнічае ў такіх умовах, то ён ня дзейнічае ці ў значна меншых аб’ёмах, чым мог бы.

Калі бізнэс, у тым ліку інавацыйны, дзейнічае ў такіх умовах, то ён ня дзейнічае ці ў значна меншых аб’ёмах, чым мог бы.

Мы ведаем, ёсьць «зоркі», «маякі» беларускага бізнэсу кшталту Wargaming. MSQRD і іншых, чым Беларусь можа перад усім сьветам ганарыцца. Але дзе яны ўсе цяпер? Не ў Беларусі. Хоць варта сказаць, што ў людзей заўсёды ёсьць сантымэнт да свайго, ёсьць патрыятызм. Але патрыятызм патрыятызмам, але калі ты можаш пайсьці шляхам Пракапені, то каму гэта трэба?

Таму людзі проста сыходзяць. Беларусы — нацыя таленавітая, традыцыі адукацыі ўсё ж такі някепскія, але людзі, якія чагосьці дасягаюць, проста параўноўваюць умовы тут і там. Зразумела, за мяжой брытанскае права, якое дае ідэальныя магчымасьці для стартапаў. Але калі б у Беларусі ўмовы былі б толькі крыху горшыя, прынамсі можна было б і не зьяжджаць ці, зьехаўшы, пакінуць на Бацькаўшчыне нейкую філію. Але калі альтэрнатыва ня проста ў крышачку горшых умовах, а ў тым, што на нарах побач з Пракапенем і топ-мэнэджмэнтам IBA апынесься, тады выбар зразумелы. Што і адбіваецца на інавацыйных рэйтынгах.

Глод: Я згадаў 2014-ы год, тады была вялікая прэсавая канфэрэнцыя, якую праводзіла прадстаўніцтва ААН у Беларусі, і якая як раз была прысьвечаная гэтай тэме — інавацыйнаму індэксу. Рэдка бывае, калі ўся заля запоўненая журналістамі. такое было, калі была справа Бакіева, калі грошы новыя прадстаўлялі.

А тут журналістам таксама не было дзе павярнуцца, бо, па-першае, была вялікая цікавасьць, па-другое, ААНаўцы запрасілі шмат дыпляматаў з тых краін, які прадстаўленыя ў Беларусі. У 2014 годзе быў усплёск, рух наперад.

На той час міністар эканомікі Мікалай Снапкоў, цяпер ён намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, і намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Валянцін Рыбакоў казалі пра тое, што мы будзем ісьці і далей, набіраць тэмпы — ну бачыце, усё гэта засталося словамі, а тэмпаў не набралі.

Інавацыі прасоўваюць таленавітыя людзі, адукаваныя, і калі яны бачаць лёс сваіх калегаў, такіх, як Пракапеня, рукі ў іх апускаюцца.

Інавацыі прасоўваюць таленавітыя людзі, адукаваныя, і калі яны бачаць лёс сваіх калегаў, такіх, як Пракапеня, рукі ў іх апускаюцца. Хтосьці хацеў зрабіць лепш — ай, думае, абыдуся без гэтага, хтосьці зьяжджае. Вось за гэтыя два гады тое, што мы атрымалі мінус — гэта і ёсьць вынік такога стаўленьня.

Калі я праглядаў мінулагодні такі даклад, то там адзін з яго аўтараў падкрэсьліў у сваім уступным слове, што «ва ўсім сьвеце прадпрымальніцтва, лідэрства і палітычная воля адыгрываюць вялікую ролю ў сфэры інавацый».

І ўсё тут раскладзена па палічках. Прадпрымальніцтва ў нас, на жаль, не разьвіваецца, лідэрства — толькі што мы прыгадалі, як з лідэрамі абыходзяцца, палітычнай волі няма. Таму няма чаго зьдзіўляцца, што мы адвальваемся.

У апошнім дакладзе зьявіўся тэрмін «дынамічныя інаватары» — гэта краіны, якія дамагаюцца больш высокіх вынікаў у параўнаньні зь іншымі краінамі, якія маюць аналягічны ўзровень ВУП. Дык вось працуюць прыкладна аднолькава, але адны робяцца інаватарамі, а другія не.

На чым канкрэтна грунтуюцца іх посьпехі? Гэта — удасканаленьне інстытуцыйнай асновы, фармаваньне кваліфікаванай працоўнай сілы, ўдасканаленьне інфраструктуры інавацыяў, больш высокая інтэграцыя ў глябальныя крэдытна-інвэстыцыйныя і таварныя рынкі, а таксама разьвіцьцё сучаснай дзелавой супольнасьці. На жаль, Беларусь тут не можа пахваліцца нічым з гэтага.

Экспэрты кажуць, што шмат у гэтай сфэры залежыць ад заканадаўства. І заканадаўства ў Беларусі, на жаль, да гэтага часу не прадугледжвае сур’ёзных па-сапраўднаму стымулюючых рэчаў, якія б прымушалі беларускіх бізнэсоўцаў займацца інавацыямі, укараняць іх і ведаць, што ў выніку сваёй пасьпяховай працы яны будуць мець добрыя грошы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG