„Не паримся“. Формула дзяржаўнай моўнай палітыкі — на дзяржаўнай фені

Менск. Турма на завулку Акрэсьціна

Што ж азначае заява? Робім яе лінгвістычны аналіз. Найперш высьвятляем, на якой яна мове.

Акурат у Эўрапейскі дзень моваў, які адзначаецца 26 верасьня, А. Лукашэнка сфармуляваў свой дзяржаўны погляд на лёс беларускай мовы.
На пытаньне ўкраінскага журналіста пра стаўленьне да перавагаў для расейскай мовы ў Беларусі ён сфармуляваў моўную палітыку падначаленай яму дзяржавы так ляканічна, што пазайздросьцілі б і спартанцы:

„Мы по этому поводу особенно не паримся и не видим большой настороженности…“

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: адносна беларускай мовы «асабліва ня парымся»

Было яшчэ некалькі сказаў з ілюстрацыямі, але стратэгічны я працытаваў. Радуймася.

Застаецца разабрацца, што ж азначае ключавое слова „париться“. Магчыма, гэта беларусізм у мове чалавека, які ўсё ж вырас у беларускай вёсцы?

Пáрыцца ў Тлумачальным слоўніку беларускай мовы азначае ‘мыцца ў гарачай лазьні’ — яўна ня тое. Як і пераноснае ‘зьнемагаць ад духаты’ або ‘вылучаць пáру пад сонцам’ (пра поле, напрыклад).

А мо гэта зваротны дзеяслоў ад пáрыць у значэньні ‘біць, лупцаваць’? То бо пáрыць сябе? Не бічуем сябе, карацей? Аднак у зваротнай форме такі дзеяслоў не ўжываюць.

Яшчэ ёсьць пáрыць зямлю (косьці). Але ж прамоўца не дадаў патрэбных словаў-дапаўненьняў. Не, беларуская мова тут яўна не дапаможа.

Безь беларускай мовы абысьціся лёгка. А безь дзяржаўнай фені — ніяк

Давядзецца зьвяртацца да іншай мовы — расейскай крымінальнай. Там гэты дзеяслоў вельмі пашыраны і нават асноватворны. Вось якія значэньні яго — як у граматычнай форме незалежнага стану, так і ў зваротнай:

Паводле культавага „Словаря тюремно-лагерно-блатного жаргона“ (Балдаев Д.С., Белко В.К., Исупов И.М.; Москва, 1992. — С. 170),
ПАРИТЬ – 1. Совершать половой акт. 2. Совершать акт мужеложества.
ПАРИТЬСЯ – 1. Находиться под арестом. 2. Отбывать наказание в карцере за нарушение режима содержания ИТУ [папраўча-працоўнай установы. — В. В.]

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хоспадзі, рэбзя! або Дзеці рабоў на фудкорце


Здаецца, мы набліжаемся да расшыфроўкі мудрага пасланьня. Першыя значэньні трэба ўлічыць, але ўсё ж яны тут наўрад ці дапамогуць. А вось ‘знаходзіцца пад арыштам’ — сама тое. Такім чынам, нам паведамілі:

„Пакуль што мы не сядзім у турме за парушэньні моўных правоў беларусаў“.

То вывучайма расейскі крымінальны жаргон! Заўтра нам яшчэ нешта стратэгічнае скажуць з высокай трыбуны, а мы, інтэлігенцікі, замест таго каб выгукнуць „Слушаюсь!“, ізноў будзем разгублена рыцца ў слоўніках.​

P. S. Нехта скажа, што слова „париться“ ў сучасным расейскім вулічным жаргоне азначае 'пакутаваць, турбавацца'. Дык вось гэтае значэньне —​ проста разьвіцьцё, пашырэньне традыцыйнай крымінальнай сэмантыкі слова.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.