Фэльчар «Валадаркі» не прызнаў датычнасьці да сьмерці Ігара Пцічкіна 

Фэльчар «Валадаркі» Аляксандр Крылоў у час суду

«Паміж маімі дзеяньнямі як фэльчара і сьмерцю Ігара Пцічкіна няма сувязі», — патлумачыў сваю пазыцыю Аляксандар Крылоў у апошнім слове на працэсе па справе аб сьмерці вязьня ў менскім СІЗА № 1.

Фэльчар сьледчага ізалятара на вуліцы Валадарскага ў Менску, дзе 3 гады таму памёр арыштаваны Ігар Пцічкін, у апошнім слове не прызнаў сябе вінаватым і не папрасіў прабачэньня ў сваякоў Ігара Пцічкіна.

Аляксандар Крылоў спаслаўся на экспэртызу, паводле якой Пцічкін памёр ад сардэчнай недастатковасьці, якая разьвілася ад шэрагу прычын. Фэльчар мяркуе, што першая зь іх — гэта тое, што Пцічкін раней ужываў наркотыкі і алькаголь.

Што да прывязваньня Ігара Пцічкіна больш як на 20 гадзін да турэмнага ложка, Аляксандар Крылоў лічыць, што і тут нічога не парушыў.

«На момант здарэньня нарматыўнага акту, які б зацьвердзіў правілы фіксацыі хворага на псыхічную хваробу, не было. Але я дзейнічаў паводле пратаколу аб аказаньні хуткай дапамогі насельніцтву, а там ёсьць такая мера адносна людзей з псыхічнымі расстройствамі. Таму я цалкам законна ўжыў фіксацыю для Пцічкіна», — сказаў у апошнім слове Аляксандр Крылоў.

Раней пракурор папрасіў у суду для Крылова 3 гады калёніі-пасяленьня, а ягоны адвакат — апраўданьня.

Судзьдзя абвесьціць прысуд 21 кастрычніка.