Падзеньне сырыйскага дыктатара Башара Асада адчыніла скрыню Пандоры з выкрыцьцямі аб жорсткасьці службаў унутранай бясьпекі краіны. Сярод найважнейшых выкрыцьцяў тут — турма Сэйдная, кантраляваны вайскоўцамі комплекс на поўнач ад Дамаску, дзе на працягу многіх гадоў утрымлівалі, катавалі і каралі сьмерцю дзясяткі тысяч зьняволеных.
Пра сырыйскую турму Сэйдная пішуць карэспандэнты Радыё Свабода Майк Экель і Рыін Аляс.
У пэрыяд з 2011-га па 2018 год больш за 30 тысяч затрыманых былі пакараныя смерцю або памерлі ад голаду, мэдыцынскага недагляду або катаваньняў, паводле ацэнак Сырыйскай абсэрваторыі правоў чалавека, якая базуецца ў Лёндане.
Як сказаў Філіп Лютэр, кіраўнік аддзела дасьледаваньняў Amnesty International, Сэйдная ад пачатку стварылі, каб саджаць у турму і караць меркаваных ісламскіх экстрэмістаў, а потым палітычных зьняволеных і тых, хто зьяўляецца пагрозай для рэжыму.
З моманту ўцёкаў Асада ў мінулыя выходныя актывісты сьцякаліся да гэтай ўстановы, адчыняючы дзьверы, вызваляючы людзей, некаторых зь якіх, як паведамляецца, трымалі пад вартай дзесяцігодзьдзямі. Людзі разьбівалі сьцены і адкрывалі жудасныя падрабязнасьці дзейнасьці ўстановы.
«Увогуле я ня ведаю, ці праект або функцыянаваньне турмы Сэйдная кіраваўся або натхняўся замежнымі актарамі, такімі як Іран ці Расея, — сказаў Лютэр Радыё Свабода. — Дзейнасьць турмы, як здаецца, адпавядала асаблівым мэтам бясьпекі сырыйскіх уладаў».
Празь некалькі гадзін пасьля таго, як вароты турмы былі ўзламаны, тысячы людзей накіраваліся да ўстановы, многія шукаючы навін пра сваякоў.
На іншых відэазапісах, правераных Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа, відаць, як людзі, некаторыя зь якіх выглядалі паўстанцамі, праглядаюць папяровыя адміністрацыйныя справы, у той час як мноства мужчын тоўпіліся ў калідорах комплексу, сьвяткуючы сваё вызваленьне.
Іншыя мужчыны выглядалі разгубленымі на першым паверсе комплексу, відаць, не разумеючы, што іх вызвалілі.
«Не палохайцеся! Рэжым паў! Ня бойцеся! Вы свабодныя!» — кажа аўтар яшчэ аднаго відэа, праверанага Радыё Свабода. «Выходзь, стары! Дзякуй Богу, ты ў бясьпецы! Ты вольны!»
«Я ня еў печыва 9 гадоў», — радасна сказаў іншы мужчына, які таксама карміў іншага зьняволенага.
Чуткі пра тое, што пад комплексам знаходзяцца вялізныя падземныя блёкі, прыцягнулі людзей з інжынэрнай тэхнікай і тэхнікай для зносу, каб разьбіваць бэтонныя сьцены. Вядомая гуманітарная арганізацыя «Белыя каскі» прывезла пэрфаратары для сьвідраваньня падлогі.
9 сьнежня група выступіла з заявай, што яна ня выявіла ніякіх «нявыкрытых або схаваных участкаў на аб’екце».
У 2017 годзе Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША публічна абвінаваціў урад Сырыі ў будаўніцтве крэматорыя ў турме Сэйдная, а супрацоўнікаў турмы ў забойстве да 50 чалавек на дзень, у асноўным праз павешаньне. Целы гэтых людзей нібыта скідалі ў брацкую магілу.
Афіцыйныя асобы ЗША абвінавацілі Сырыю ў тым, што яна зьдзяйсьняла забойствы пры «безумоўнай падтрымцы Расеі і Ірану», хоць чыноўнікі пазьней заявілі, што няма ніякіх доказаў таго, што Расея ці Іран былі датычныя да крэматорыя.
«Гэта з турмы Сэйдная. Гэта ежа, якую яны даюць. Гэта камэры, — расказвае адзін мужчына ў іншым, неправераным відэа, здымаючы інтэр’ер турмы. — Яны іх кормяць капустай».
Вязьні, якія выжылі, сваякі і актывісты паведамляюць, што некаторых зняволеных утрымлівалі ў гэтай турме гадамі, калі не дзесяцігодзьдзямі. Адно відэа, якое было шырока распаўсюджана, але Радыё Свабода не змагло яго незалежна пацьвердзіць, нібыта паказвае аднаго чалавека, які ня можа гаварыць і якога ўтрымлівалі ў ізалятары 13 гадоў.
Радасьць у турме Сэйдная адазвалася рэхам і ў іншых ваколіцах Дамаску і іншых гарадах, дзе можна было ўбачыць сцэны вызваленьня іншых вязьняў і радаваньня іхнай свабодзе.
«Дзесяць гадоў турмы! Дзесяць гадоў!» крычаў адзін толькі што вызвалены вязень 8 сьнежня, калі натоўп мужчын прабягаў міма Міністэрства энэргетыкі ў Дамаску.
На адным відэа, якое шырока разышлося ў сацыяльных сетках, неназваная жанчына, якая нібыта правяла гады ў розных сырыйскіх турмах, плача, узьяднаўшыся з дваімі малымі дзецьмі.
Рыяд Аўлар, які правёў у турме 12 гадоў і цяпер зьяўляецца сузаснавальнікам турэцкай Асацыяцыі затрыманых і зніклых у турме Сэйдная, параўнаў гэтую ўстанову з тым, што ён чытаў пра турмы Паўночнай Карэі.
«Людзі павінны разумець, што рэжым Асада быў, як Гітлер, як нацысты. Абсалютна такім жа кепскім», — сказаў Аўлар Радыё Свабода.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Сырыі разбурылі і спалілі магілу Хафеза АсадаПадзеньне рэжыму Асада ў Сырыі
- З 2011 году ў Сырыі ішла грамадзянская вайна. Расейскія вайскоўцы ўдзельнічалі ў гэтай вайне з 2015 году на баку прэзыдэнта Башара Асада, наносячы бомбавыя ўдары па пазыцыях ягоных праціўнікаў. Расейцы бралі ўдзел у наземных апэрацыях, да якіх прыцягвалі таксама наймітаў ПВК «Вагнэр».
- Узброеныя групоўкі, апазыцыйныя ўраду Башара Асада, актывізаваліся ў Сырыі 27 лістапада 2024 году. Іх узначаліў Мухамад аль-Джуляні. Тады сырыйскія паўстанцы пачалі маштабны наступ на пазыцыі ўрадавага войска ў правінцыях Алепа і Ідліб. Да вечара 7 сьнежня яны захапілі некалькі буйных гарадоў (Алепа, Хама, Дэраа і Хомс).
- 8 сьнежня паўстанцы ўвайшлі ў Дамаск, а падразьдзяленьні сырыйскіх урадавых сілаў пакінулі горад. Тым самым быў зрынуты рэжым Башара Асада. Дыктатар тэрмінова пакінуў краіну.
- Расея заявіла, што Асад разам зь сям’ёй прыбыў у Маскву і атрымаў там прытулак. На тэрыторыі Сырыі застаюцца яшчэ дзьве буйныя расейскія вайсковыя базы і некалькі дзясяткаў вайсковых аб'ектаў.
- На поўнач ад Дамаску ў вайсковай турме Сэйдная, вядомай як «бойня», жанчыны-вязьні, некаторыя зь дзецьмі, крычалі, калі мужчыны ламалі замкі зь дзьвярэй іх камэраў. Amnesty International і іншыя групы кажуць, што ў гэтай турме дзясяткі людзей таемна каралі сьмерцю кожны тыдзень. Паводле ацэнак, да 13 тысяч сырыйцаў забілі ў пэрыяд з 2011-га па 2016 год.
- На памежных пунктах Сырыі 9 сьнежня былі чэргі з сотняў сырыйскіх уцекачоў, якія вырашылі вярнуцца ў краіну пасьля падзеньня рэжыму Асада. Найбольшыя чэргі сабраліся на межах Сырыі зь Лібанам і Турэччынай.
- У амбасадах Сырыі па ўсім сьвеце, у тым ліку ў Менску, пачалі замяняць сьцягі на зялёна-бела-чорны з чырвонымі зоркамі, пад якімі ішлі паўстанцы.
- 10 сьнежня стала вядома, што часовым прэм’ер-міністрам пераходнага ўраду Сырыі пасьля зьвяржэньня рэжыму Асада прызначаны Мухамад аль-Башыр. Ён будзе заставацца на часовай пасадзе да 1 сакавіка.
- На чале паўстанцаў стаіць ісламісцкая групоўка «Хаят Тахрыр аш-Шам» (HTS). Яна паабяцала ніяк не перасьледаваць салдатаў тэрміновай службы, прызваных ва ўрадавую армію Асада, і абвясьціла для іх амністыю. Амністыя не датычыць тых, хто далучыўся да войскаў Асада добраахвотна.
- «Хаят Тахрыр аш-Шам» — ваяўнічая ісламісцкая групоўка, якая імкнецца стварыць у Сырыі дзяржаву, якая будзе кіравацца ісламскім правам. HTS знаходзіцца ў хаўрусе зь некалькімі меншымі ваяўнічымі ісламісцкімі групоўкамі, некаторыя зь якіх складаюцца з замежных баевікоў з Эўропы і Цэнтральнай Азіі.