У сырыйскім горадзе Алепа 14 сьнежня пачаўся пэрыяд спыненьня агню, дамоўленасьць пра які была дасягнутая паміж Расеяй, Сырыяй, Турцыяй і антыўрадавымі паўстанцамі. У той жа час эвакуацыя паўстанцаў і цывільных з Алепа, якая таксама зьяўляецца часткай пагадненьня, яшчэ не пачалася.
Прадстаўнікі паўстанцаў сказалі, што іранскія або іншыя шыіцкія падразьдзяленьні, ляяльныя ўлады ў Дамаску блякуюць выхад людзей з раёнаў на ўсходзе Алепа, што ўтрымліваюцца апазыцыяй. Прадстаўнікі вайсковага альянсу, які ваюе на баку прэзыдэнта Сырыі Башара Асада, не былі даступныя для камэнтароў.
Сілы Асада ў ягонай кампаніі ўсталяваньня кантролю над Алепа падтрымліваюць шыіцкія апалчэнцы з Ірану і Лібану.
Прадстаўнікі бакоў канфлікту называлі розны час пачатку выхаду людзей з усходняга Алепа. Назіральнікі за правамі чалавека ў Сырыі, якія базуюцца ў Лондане, паведамілі, што пакуль ніводзін баец або цывільны не пакінулі акружаную частку гораду. Дзясяткі аўтобусаў чакаюць пасажыраў на галоўнай дарозе з гораду Алепа.