У Беларусі такая сыстэма мае назву ЭРА-РБ, у Казахстане — ЭВАК.
Як піша газэта «Известия», ліст з просьбай аб адтэрміноўцы міністру ў пытаньнях тэхнічнага рэгуляваньня Эўразійскай эканамічнай камісіі Валерыю Карашкову накіраваў першы віцэ-прэм’ер Казахстана Жэніс Касымбек. Касымбек адзначае, што інфраструктуру для ЭВАК у Казахстане стварыць яшчэ не пасьпелі.
Газэта паведамляе, што падобны ліст на імя старшыні калегіі Эўразійскай эканамічнай камісіі Віктара Хрысьценкі яшчэ мінулай восеньню накіраваў віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімер Сямашка. У лісьце адзначаецца: «Улічваючы немагчымасьць у цяперашні час стварэньня інфраструктуры, здольнай узаемадзейнічаць з сыстэмамі іншых краін Мытнага саюзу, прапануем разгледзець пытаньне аб адтэрміноўцы ўсталяваньня на транспартныя сродкі сыстэм выкліку экстраных службаў да 1 студзеня 2017 году і ўнесьці зьмены ў тэхнічны рэглямэнт».
Ні пацьвердзіць, ні абвергнуць інфармацыю пра гэтую прапанову ў дзяржаўных органах Беларусі Радыё Свабода так і не ўдалося.
Сэнс сыстэмы экстранага рэагаваньня пры аварыях палягае ў тым, што калі машына трапляе ў аварыю, сыгнал пра ДТЗ з дакладнымі каардынатамі інцыдэнту аўтаматычна перадаецца службам ратаваньня.
ЭРА-ГЛОНАСС у Расеі, ЭВАК у Казахстане і ЭРА-РБ у Беларусі павінны былі пачаць працаваць адначасова: укараненьне сыстэм экстранага рэагаваньня ў краінах Мытнага саюзу плянавалася з 2015 году. Меркавалася, што з 2017 году без падобных сыстэм аўтамабілі ня змогуць праходзіць тэхагляд.
Інфармацыі пра сыстэму ЭРА-РБ дагэтуль вельмі мала, і яна пераважна закрытая. Гэта зьвязана з абаронным характарам праекту, куратарам якога выступаў Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт.
Вядома, што распрацоўкай ЭРА-РБ займалася менскае прадпрыемства ААТ «СКБ Камертон» сумесна з ААТ «Агат — сыстэмы кіраваньня». У сьнежні 2014 году вынікі распрацоўкі вопытнага ўчастку сыстэмы ЭРА-РБ зацьвердзіў Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт.
Ключавое пытаньне сыстэмы ЭРА-РБ — яе сумяшчальнасьць з заходнімі аналягамі. На этапе распрацоўкі сыстэм экстранага рэагаваньня заяўлялася, што і расейская, і беларуская сыстэмы будуць гарманізаваныя з эўрапейскай e-Call, а гэта значыць, што аўтамабілісту будзе аказана экстраная дапамога незалежна ад таго, дзе здарылася аварыя — у Мытным саюзе або Эўразьвязе.
З паведамленьня прэс-службы ДВПК ад 4 снежня 2014 году можна зрабіць выснову, што сыстэмы былі сапраўды гарманізаваныя:
«Пры распрацоўцы вопытнага ўчастка сыстэмы ЭРА-РБ быў выкарыстаны досьвед і тэхнічныя напрацоўкі па стварэньні сыстэмы ЭРА-ГЛОНАСС у Расейскай Фэдэрацыі, аналізавалася ўкараненьне сыстэмы e-Call у краінах Эўрапейскага Зьвязу. Праведзеныя выпрабаваньні паказалі сумяшчальнасьць сыстэмы беларускай распрацоўкі з бартавымі прыладамі расейскіх і эўрапейскіх вытворцаў. Улічваючы геаграфічнае становішча нашай краіны і высокі транзытны паток транспарту, такая сумяшчальнасьць дасьць магчымасьць павысіць агульны ўзровень бясьпекі на дарогах Рэспублікі Беларусь».
Аднак удакладніць інфармацыю пра магчымасьці сыстэмы ў распрацоўшчыкаў ЭРА-РБ не ўдалося. У навігацыйна-інфармацыйным цэнтры растлумачылі Радыё Свабода, што яны не ўпаўнаважаныя даваць якія-колечы камэнтары пра сыстэму ЭРА-РБ без афіцыйнага дазволу на гэта з боку Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту.
Цікава, што летам 2013 году, калі праект ЭРА-РБ толькі стартаваў, паведамлялася пра тое, што блякуючы пакет акцыяў «СКБ Камертон» (25% +1 акцыя) будзе выкуплены расейскім інвэстарам. Як заяўляў тады дырэктар «СКБ Камертон» Аляксандар Куцько, расейскі бок павінен фінансава падтрымаць праект стварэньня сыстэмы ЭРА-РБ, таму ў мэтах ажыцьцяўленьня інвэстыцыйнага кантролю ўкладаньняў Расеі плянуецца продаж блякуючага пакета акцыяў прадпрыемства.
Дэталі зьдзелкі СМІ дагэтуль не паведамляліся. Невядома і тое, ці адбылася яна наагул.
Аднак на дадзены момант вядома, што «СКБ Камертон» з 1 красавіка 2015 году будзе далучана да ААТ «АГАТ — сыстэмы кіраваньня» — кіруючай кампаніі холдынгу «Геаінфармацыйныя сыстэмы кіраваньня».
«Известия» адзначаюць, што ў выпадку, калі Казахстан і Беларусь даб’юцца адтэрміноўкі ўкараненьня ЭРА-ГЛОНАСС і аналягаў на два гады, Расея апынецца ў дзіўным становішчы. У Расеі сыстэма ўведзена ў эксплюатацыю 1 студзеня 2015 году, на яе стварэньне ў 2011–2013 гадах было выдаткавана 3,9 млрд рублёў з фэдэральнага бюджэту. Лічыцца, што з 2015 году ўсе новыя мадэлі аўтамашын, якія выпускаюцца ў РФ, павінны мець убудаваны тэрмінал сыстэмы ЭРА-ГЛОНАСС.
У кампаніі ГЛОНАСС лічаць, што ў пераносе ўкараненьня сыстэмы экстранага выкліку сэнсу няма, а Расея можа дапамагчы партнэрам па Мытным саюзе нівэляваць інфраструктурныя недахопы. У расейскім Мінтрансе паведамілі, што ведамства таксама не падтрымлівае ідэю пераносу тэрмінаў пачатку дзеяньня ЭРА-ГЛОНАСС, адзначаюць «Известия».